Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэтлеемскія мучанікі сёння
Жыць з Богам. Старонка с. Нунэ Цітаян
08.01.2012 10:32

«Тады Ірад, убачыўшы, што мудрацы ашукалі яго, вельмі разгневаўся і паслаў пазабіваць усіх хлопцаў у Бэтлееме ды ва ўсіх ваколіцах яго, ад двух гадоў і менш, паводле часу, які выведаў ад мудрацоў.

Так збылося сказанае прарокам Ераміем:

„Голас у Раме чутны,
Плач і лямант вялікі.
Рахіль аплаквае дзяцей сваіх
І не хоча суцешыцца, бо іх няма“»
(Мц 2, 16–18).

Нарадзіўся Месія! Доўгачаканы?! Хто Цябе чакаў, Езус? Як мы — ты і я — чакалі Яго? Хто для нас Дзіця? Небяспека?! Пагроза?! Надзея! Усё, што звязана з Богам, агорнута празрыстай таямніцай. Усё, з аднаго боку, так відавочна і проста, а з іншага ўсё гэта часам настолькі складана… Нарадзілася Дзіця — Збаўца, Адкупіцель, які за збаўленне нічога не бярэ… А яшчэ мяне заўсёды ўражваюць словы з псальма 24: «Атрымаеш ласку ад Бога, Збаўцы твайго». Нас збаўляюць, і мала таго, яшчэ і адорваюць, узнагароджваюць ласкай… Парадокс Божай любові. Чаго ж баяўся Ірад? Што можа адабраць Дзіця ў мяне і ў цябе? Толькі нашы кайданы… І яшчэ адчуванне, так, усяго толькі міраж, ілюзію «сытасці», якую дае нам грэх. Мы ў рабстве ў граху, але самае галоўнае — сядзім пры «поўным» катле з мясам і «ядзім хлеб смутку дасыта». Што ж можа адабраць у цябе, Ірад, нованароджанае Дзіця? Страх, паніка, боязь згубіць… Што прымушала людзей прыносіць у ахвяру ідалам нованароджаных дзяцей? Будучыню прыносіць у ахвяру сапраўднаму? А людзі без будучыні — хто яны? Забіць усіх ад двух гадоў і менш… Небяспека!? Пагроза!? Трывога!? Што штурхае сучасных жанчын на працяг крывавага шляху забойства бэтлеемскіх немаўлят?

Аднойчы мне давялося наведаць бальніцу, у гінекалагічным аддзяленні якой рабілі аборты жанчынам. У маёй знаёмай здарылася няшчасце — у яе, на шостым месяцы цяжарнасці, замёр плод. Урачы прапаноўвалі аборт, а яна не верыла, што дзіця замёрла. У глыбіні сэрца цяплілася надзея: можа, урачы памыляюцца? Папрасіла мяне пайсці з ёй у бальніцу. Не, урачы не памыліліся, але жанчына настаяла на штучных родах, а не згадзілася на аборт… У прыёмным пакоі я назірала за тым, як жанчыны прыносяць у ахвяру сапраўднаму сваю будучыню. Увайшла жанчына, якіх мы сустракаем часта, — нясмелая, някідкая, звычайная, патухлая, як звычайна кажуць «нармальныя». Няўпэўненая, прыгнечаная, не ведаю чым, можа быць, і пачуццём віны, яна паклала на стол маленькі касавы чэк. Ці можна купіць права на забойства? Разбураць сябе, пазбаўляць сябе годнасці, за гэта ў дадатак яшчэ і заплаціць? Так можа паступаць толькі чалавек… Да мяне не адразу дайшло, што гэта — цана жыцця і права на забойства. Я назірала за ёй без асуджэння, мяне нават гэта здзіўляла. Яна ўвайшла за шырму, медсястра стала яе аглядаць і накрычала, што жанчына не падрыхтавалася як належыць. Тая стала апраўдвацца, што яна першы раз і гэтага не ведала, але абяцала, што ўсё зробіць як трэба. Медсястра працягвала правяраць наяўнасць усяго неабходнага для паспяховага «ахвярапрынашэння». Звычайная штодзённая драма. Чаму яна згадзілася на аборт, не ведаю, і не мне судзіць. Але па-чалавечы хацелася яе абняць і разам з ёй аплакваць яе растаптанае мацярынства. Хутка Рахіль узніме плач і лямант, і крык вялікі будзе ў яе сэрцы; яна будзе плакаць аб сваім дзіцяці і не захоча суцешыцца; таму што яго няма.

Якія яны, жанчыны без будучыні?

Другая жанчына, якую я там сустрэла, была з ліку гэтых нашых сучасных, самастойных і ствараючых вобраз упэўненасці жанчын, апранутых ярка, але не «ў тэму». Яна ўвайшла ў прыёмны пакой упэўнена, але без чэка. Я падумала, напэўна, ва ўсім гэтым ёсць якісьці падвох. Жанчына была на шостым месяцы цяжарнасці, але гэта не так важна для яе. Але самае цікавае, што ў ноч перад намечаным абортам у яе выскачыў фурункул. Здавалася б, банальны фурункул, але гэта стала важкай прычынай для адмаўлення рабіць аборт, бо гэта ж пагроза для яе жыцця! Урач сказаў адназначна — нараджаць. Жанчына згадзілася… Вось як — фурункул выратаваў жыццё малыша.

Ідал эгаізму, пажадлівасці і страсці патрабуе ад чалавека прыносіць асаблівыя ахвяры. Каб яго неадкладнае «зараз» было напоўнена кароткачасовай асалодай, ён ахвяруе будучыняй, і не толькі сваёй. Калісьці я працавала з мамамі, якія збіраліся адмовіцца ад сваіх нованароджаных дзяцей. Пасля нашых гутарак ад дванаццаці дзяцей мамы не адмовіліся. Перад сустрэчамі я моцна перажывала, нават не магла падрыхтавацца да размовы. Мамы былі непадступныя, як Бастылія. Яны самі «замуравалі» сябе, думаючы, што гэта — адзіны спосаб абароны. Яны нават фізічна адгарадзіліся ад свайго ўласнага дзіцяці. Мяне «прасвятлілі»: калі жанчына хоча адмовіцца ад дзіцяці, яна не павінна карміць яго грудзьмі, а калі дазволіць хоць раз прыкласці да грудзей, то інстынкт настолькі моцны, што яна потым не зможа адарвацца ад малыша. У сваё апраўданне жанчыны распавядалі мне свае гісторыі, асабістыя драмы і трагедыі. Кожная — як глабальная катастрофа. Пасля сустрэчы з імі я адчувала сябе, як пасля ўдарнай хвалі…

«Бэтлеем. Ціхай ноччу Езус прыйшоў на нашу зямлю, каб асвятліць наш свет сваёй любоўю. Гэтая цёмная ноч асвятлілася святлом Панскім і стала святой ноччу для ўсіх людзей. У гэтую ноч сам Бог стаў чалавекам, не патрабуючы ўшанаванняў і пакланення, але пакорна раўняючыся з усімі людзьмі. Яму хапіла ўсяго толькі цёмнага і беднага хлява, дзе пакорныя жывёлы сагравалі Яго сваім цёплым подыхам, і пяшчотныя рукі Марыі клапаціліся пра Яго. Патрэбна была менавіта ноч, каб убачыць цудоўную зорку, якая вядзе да Збаўцы, і пачуць песню анёлаў, якія ўсхваляюць Яго. Марыя ні на хвіліну не адводзіла ад Яго сваіх уважлівых і любячых вачэй, саграваючы Яго ў сваіх цёплых абдымках, бо менавіта ёй Бог даручыў свайго каштоўнага Сына».

Як мы, цывілізаваныя людзі, можам растлумачыць аборты, існаванне дзяцей, ад якіх адмаўляюцца, і сіроцкіх прытулкаў? Гэта пры жывых бацьках! Мы думаем, што наша амаральнасць — гэта наша ўласная справа, і нікога яна не датычыць, акрамя нас. Тэрарыст-смертнік думае такім жа чынам. Мы забываем пра тое, што грэх сацыяльны.

У мяне як у законніцы, якая жыве ў чысціні, часта пытаюцца, як хаця б адольваць страсць і пажадлівасць, не кажучы ўжо аб тым, каб вылечыцца ад яе. У мяне ёсць адзін надзейны сродак — гэта дзеці, ад якіх адмаўляюцца. Яны нашы лекары, яны дапамаглі многім маім выхаванцам. Вазьмі на рукі дзіця, ад якога адмовіліся, паглядзі яму ў вочы і спытай у яго, як яму цяпер ад чыйсьці неадкладнай асалоды любым коштам? Дзіця — ахвяра або дар? Як яму жыць? Дзе ён зведае любоў, у каго навучыцца дарыць яе іншым? Калі ў бальніцы я наведвала дзяцей, ад якіх адмовіліся, брала іх на рукі, яны трымаліся за мяне так не па-дзіцячы моцна! Гэтае адчуванне, на ўзроўні фізічным, засталося назаўсёды ўпісана ў маё цела. Яны трымаліся за мяне, як тыя, што тонуць, правальваюцца ў бездань. Чаму мы баімся дзяцей? Карыну, дзяўчынку, ад якой адмовіліся, я сустрэла ў бальніцы. З больш за сто дзесяць такіх дзяцей мне яна запомнілася больш за ўсіх, таму што замест рук у яе былі крылападобныя ўтварэнні. Мама адмовілася ад яе адразу ж пасля родаў, я нават не паспела сустрэцца з ёй у бальніцы. Карыну мы хрысцілі. Неверагоднае пачуццё адчуваеш падчас хросту дзяцей, ад якіх адмаўляюцца. Хоць Нехта, хоць Камусьці яны патрэбны… Гэты Нехта, сам Пан, усынаўляе і ўдачарае іх. Карына памерла.

Нам здаецца, што бэтлеемскія немаўляты, абартаваныя дзеці — усе яны канулі ў бездань гісторыі. Не, на самой справе гэта мы, якія бачым пагрозу ў нованароджаных дзецях, правальваемся ў бездань уласнага эгаізму. Яны — сапраўдныя мучанікі, яны яшчэ не навучыліся гаварыць, а ўжо славяць Пана. «Нявінныя дзеці ходзяць са Мною ў белым адзенні, бо яны вартыя, так кажа Пан Бог» (з Літургіі гадзінаў).

С. Нунэ Цітаян MSF

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме