Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Подых Бога
Жыць з Богам. Старонка с. Нунэ Цітаян
06.02.2012 11:38

У ліпені, на канікулах з Богам, мы з дзецьмі вывучалі тэму: «Словы. Што можна зрабіць з дапамогай слова?» Прагледзелі фрагмент з фільма «Стварэнне свету», які дапамог нам дакрануцца да таямніцы і ўявіць сабе, як з дапамогай Слова Пан Бог стварыў бачны свет. Пасля прагляду фільма дзеці з захапленнем і разуменнем паўтаралі, як заклён: «І сказаў Бог: няхай будзе… І сталася так». Бог стварае словам і адкрываецца ў Слове.

«Якія словы мы часцей за ўсё з вамі чуем?» «Якія словы фарміруюць наша мысленне?» «Якія словы захоўваем у нашым сэрцы?» «У якія словы мы верым?» Паверыўшы словам, мы дазваляем ім урасці ў нас і прыносіць плён. «Якія плёны прыносяць у нас словы?» З дзецьмі мы стараліся падзяліць словы на тры катэгорыі Першая катэгорыя — гэта словы, якія нас інфармуюць, аб чымсьці папярэджваюць, чамусьці хочуць навучыць. Другая катэгорыя — словы, якія прыносяць нам радасць, адабрэнне, прыняцце. Трэцяя катэгорыя — гэта словы, якія нас раняць, прыніжаюць, прычыняюць боль.

Пад кожнай катэгорыяй дзеці выпісвалі словы, якія часцей за ўсё чулі. Цікавыя высновы зрабіла я для сябе: па якаснаму зместу самымі ўбогімі былі словы, якія нам прыносяць радасць: «Коцік, зая, мішутка, сонейка, рыбка, ты прыгожа апранута, ты прыгожы» і да т.п. Можна назваць гэтыя словы банальнымі, яны не ўтрымліваюць у сабе глыбока экзістэнцыйнага паслання. Самымі якасна цяжкімі па зместу былі словы, якія нас прыніжаюць: «Дэбіл, ты памылка, ідыёт, пачвара, тупая, ты самае горшае, што ёсць у свеце, смярдзючка, мы не хочам з табой жыць, выбірайся, заткніся, я ненавіджу цябе», мацерныя словы і да т.п. Будучы дзецьмі, мы паверылі ў многія падобныя словы, якімі нас паранілі нашы блізкія, і яны, быццам крывое люстэрка, сказілі нас. Мы паверылі ў іх, і яны ўраслі ў нас. З часам мы сталі несці ў сабе іх значэнне… Дзеці казалі, а ўва мне расло вялізнае жаданне, каб яны пачулі словы, якія ім кажа Нябесны Айцец. У канцы дня кожнае дзіця атрымала словы са Святога Пісання. Яны чыталі гэтыя пасланні і пыталіся, ці можна забраць іх з сабой. Потым мы пісалі адно аднаму шчырыя кампліменты. Лера занесла іх дадому і прымацавала магнітам на лядоўню. Яна сказала маме, каб, калі мама раззлуецца на дачку, няхай паглядзіць на лядоўню і ўспомніць, якая Лера ёсць на самой справе. Проста і цудоўна, так могуць толькі дзеці…

Але такая кніга пра тое, якія мы, які наш Нябесны Айцец і як мы любімы, ёсць практычна ў кожным доме. У ёй — гісторыя ўсяго чалавецтва з часоў цемры — хаосу да часу, калі не будзе часу і будзе вечнасць — новае неба і новая зямля. Біблія — кніга пра Бога і пра нас, пра любоў, пакуту і збаўленне. Уся наша гісторыя — ад стварэння да хвалы, ад рабства да свабоды — утрымліваецца ў гэтай боскай кнізе. Яна — як сямейны альбом, у якім кожны можа знайсці сваю гісторыю. У ёй словы мудрасці — і ў іх жыццё.

Для мяне Біблія — гэта вялікая, разгорнутая інструкцыя да ўсяго Сусвету і да кожнага чалавека ў прыватнасці. Без яе я не разумею, што значыць быць па-сапраўднаму чалавекам. Яна — мая форма, мой напрамак, мая мапа, кніга майго жыцця, у якой я магу знайсці адказы на ўсе пытанні, у ёй я адкрываю сваё прызначэнне і бачу праўдзівы вобраз стварэння. А самае галоўнае, Біблія — гэта слова Жывога Бога. Па-армянску Біблія — Аствадзашунч, слова перакладаецца як подых Бога. Так, Святое Пісанне — гэта подых нашага Нябеснага Айца. Спыніцеся на імгненне і задумайцеся над значэннем паняцця «подых Бога»… І тады вы сапраўды зразумееце словы Езуса: «не хлебам адзіным будзе жывы чалавек, але ўсялякім словам Божым» (Лк 4, 4). Чытаючы Біблію, усвядомце, што гэта — подых нашага Нябеснага Айца. Бачачы Святое Пісанне, памятайце: у ім — подых нашага Бога. Калі мы з вамі ў гэта верым, ці можам мы прайсці абыякава каля Бібліі?

А цяпер пытанне: дзе «подых Бога» знаходзіцца ў нашым доме? На ганарова-ізалявана-запыленым месцы? Напэўна, Біблію не адкрывалі з часоў набыцця. У нас ёсць заўсёды сто адно апраўданне, чаму мы не чытаем Біблію. Першае класічнае «апраўданне» — мы яе не разумеем. Прыклад з жыцця. Купіў Біблію, адкрыў першую, якая трапілася, старонку, і… расчараванне: нічога не разумею, нейкі «Аса нарадзіў Язафата», а «Язафат нарадзіў Іярама», а Іярам, у сваю чаргу, нарадзіў Озію, і што з гэтага, як гэта звязана з маім жыццём сёння, якое гэта мае значэнне для мяне зараз? Зададзім сабе цалкам справядлівае і апраўданае пытанне: «Што я раблю для таго, каб Біблія стала для мяне больш зразумелай і блізкай, а не магічнай кнігай?» Ці ўсё іншае так даступна і зразумела для нас? І адкуль у нас з’явілася такое меркаванне, што ўсё, што звязана з Нябачным і Вечным Богам, Стварыцелем Сусвету, павінна быць відавочна, зразумела і даступна? Езус Хрыстус дае нам сваё Цела ў пасілак цалкам даступна, але ці разумеем мы гэтую таямніцу да канца? Канешне ж, не. Толькі ўдзельнічаючы ў ёй, мы становімся датычнымі яе. Таямніца ў нас, а мы — у ёй.

Мне кажуць: маўляў, казаў Бог прароку Ісаі, што «любоўю вечнаю палюбіў Я цябе», але якія гэта мае адносіны да мяне сёння, чалавека, які жыве ў ХХІ стагоддзі? Дарагія чытачы, яно мае і прамыя адносіны да кожнага з нас, таму што праз хрост мы сталі дзецьмі Запавету, мы яго дзеці, мы ўвайшлі ў саюз, у Запавет з Панам Богам. Ці ўсведамляем мы гэты факт? Мы з вамі заключылі Запавет з Богам Айцом у Духу Святым, праз кроў Езуса Хрыста. Гучыць велічна, таямніча, крыху страшнавата і незразумела. Нам трэба браць прыклад з нашых братоў іўдзеяў і мусульман, яны цудоўна разумеюць, што значыць быць у Запавеце з Панам Богам. Пра Запавет немагчыма быць толькі інфармаваным, у ім трэба ўдзельнічаць, быць датычным, выконваць умовы Запавету — жыць Словам Божым. Ведаць голас свайго Нябеснага Айца, а словы Яго прасякнуты жыццём, яны — заклік да свабоды і напаўняюць нас мужнасцю і надзеяй, яны раскрываюць усю праўду пра нас. «Слова Божае жывое і дзейснае, вастрэйшае за ўсялякі меч двусечны. Яно пранікае ажно да падзелу душы і духа, суставаў і шпіку і здольнае судзіць думкі і намеры сэрца» (Гбр 4, 12). Словам з нябачнага ўтварылася бачнае, і Словам Божым мы можам спазнаць нябачнае і ўвайсці ў патаемнае. Але каб Слова Божае прынесла нам карысць, яно павінна быць у літаральным сэнсе «растворана вераю тых, хто чуў» (пар. Гбр 4, 2).

Дарагія чытачы, не бойцеся Святога Пісання, адкрывайце подых Бога, прыслухоўвайцеся да голасу Айца. «Падобна як дождж і снег падае з неба і туды не вяртаецца, але поіць зямлю і робіць яе ўрадлівай, і яна родзіць, і прыносіць плён сейбіту і хлеб для таго, хто есць, так і слова Маё, якое выходзіць з вуснаў Маіх, не вернецца да Мяне без плёну, пакуль не споўніць тое, што Я хацеў, і з поспехам не дасягне таго, дзеля чаго Я паслаў яго. Вы выйдзеце з радасцю, і вас будуць праводзіць з мірам; горы і ўзгоркі будуць спяваць перад вамі песню, і ўсе дрэвы ў полі пляскаць у далоні. Замест церня вырасце кіпарыс; замест крапівы ўзрасце мірт; і ўсё гэта будзе на хвалу Пана, у знак вечны, несакрушальны» (Іс 55, 10–13).

С. Нунэ Цітаян MSF

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.