Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пакажы нам Твой твар
Жыць з Богам. Старонка с. Нунэ Цітаян
30.03.2012 16:44

«Калі яны прыйшлі ў месца, якое называлася Гетсэманія, Езус сказаў вучням сваім: „Сядзьце тут, пакуль Я памалюся“. І ўзяў з сабою Пятра, Якуба і Яна; і ахапіў Яго страх і трывога. І сказаў ім: „Засмучана душа Мая аж да смерці; застаньцеся тут і чувайце“. І, адышоўшы крыху ўперад, упаў на зямлю і маліўся, каб, калі магчыма, абмінула Яго гэтая гадзіна; і казаў: „Абба, Ойча! Ты ўсё можаш. Адхілі ад Мяне гэты келіх; але не чаго Я хачу, а чаго Ты“» (Мк 14, 32–36).

Езус у Гетсэманскім садзе

«Калі яны прыйшлі ў месца, якое называлася Гетсэманія, Езус сказаў вучням сваім: „Сядзьце тут, пакуль Я памалюся“. І ўзяў з сабою Пятра, Якуба і Яна; і ахапіў Яго страх і трывога. І сказаў ім: „Засмучана душа Мая аж да смерці; застаньцеся тут і чувайце“. І, адышоўшы крыху ўперад, упаў на зямлю і маліўся, каб, калі магчыма, абмінула Яго гэтая гадзіна; і казаў: „Абба, Ойча! Ты ўсё можаш. Адхілі ад Мяне гэты келіх; але не чаго Я хачу, а чаго Ты“» (Мк 14, 32–36).

Сад, дзе растуць тысячагадовыя аліўныя дрэвы. Трэба раздавіць масліны, каб вогненны алей, Дух Святы, праліўся на раны свету. Мукі Езуса, самота, самыя блізкія сябры заснулі. Пане, выбаў нас ад гэтага сну, калі Мукі Хрыста працягваюцца ў чалавечых пакутах. Мукі Езуса, маўчанне Айца. Я і Айцец — адно, адзіная воля, адзіная любоў, але чалавечая воля Езуса крычыць у скрусе, быццам Яго глыбінная істота, богачалавечая, разрываецца. Чалавечая воля Езуса, салідарнасць з усялякай адзінотай, з сумам і мяцяжом выгнаных далёка ад саду. У Хрысце Бог па-чалавечы адчувае ўсе нашы перадсмяротныя мукі, бязмежную муку гісторыі, крык Ёва, народжаны нашым лёсам, крывавы пот. Але ўсё ж давер прабіваецца скрозь цемру: дрыжачы голас, яшчэ не ўпэўнены, не чаго Я хачу, але чаго Ты… Згода. У Езусе чалавецтва згаджаецца з воляй Айца. Няхай захлыне нас гэтая воля скрозь цемру. Масліны раздаўлены. У кожным дрэве прачынаецца трыумфуючы Крыж. Сад першабытны: «сёння ж будзеш са Мной у раі». Акрываўлены твар, і ўсё ж — Аблічча Айца, тое самае Аблічча, што ў ценю абліваецца крывёю, а мы не ведалі яго. Ты, бясконца блізкі, у нашых сэрцах перамяні скруху ва ўдзячнасць. Няхай цярпенне людское ў Табе стане Уваскрасеннем. Слава і хвала Табе, Хрыстэ, які стварае Сябе намі больш за нас саміх, напоўні Табою, Тваёй любоўю ўсялякую перадсмяротную муку нашу і смерць.

Езуса б’юць і вянчаюць цернямі

«Апранулі Яго ў пурпур і, сплёўшы цярновы вянок, усклалі на Яго. І пачалі вітаць Яго: „Вітай, кароль Юдэйскі!“ І білі Яго па галаве трысцінай, і плявалі на Яго. І выйшаў Езус у цярновым вянку і пурпуровым плашчы. І сказаў ім Пілат: „Вось чалавек!“» (Мк 15, 17–19; Ян 19, 5).

Калі замкнуўся першабытны сад, Бог абвясціў, што зямля будзе нараджаць церні. Праклятая зямля, чалавек, пераможаны смерцю. Вось цернямі нашых пакутаў і нянавісці вянчаюць Цябе каты. Айцец усклаў на Яго грахі ўсіх нас. Калі катавалі Яго, не адчыняў вуснаў сваіх. Як авечка, якую вядуць на смерць. Кожная частка Твайго святога Цела за нас перанесла сорам і пакуту. Галава Твая — церні, твар Твой — пляўкі і поўхі, спіна Твая — бічаванне і рука Твая — трысціну. Але Ты — Кароль, Ты — Кароль Жыцця. Каты вянчаюць Цябе, апранаюць у каралеўскі пурпур Тваёй крыві. У руцэ Тваёй — пародыя на скіпетр, здзек, і ўсё ж — скіпетр: таго не ведаючы, яны прарочаць. Але Ты — святар: са спакойнай веліччу Ты нясеш пакуты свету, каб згарэлі яны ў агні Тваёй любові. Ты быў на вяселлі ў Кане. Вось Ты цяпер — на вяселлі крыві. Вось Чалавек! У кожнай асобе, якая церпіць катаванне, пакажы нам чалавека. Вось Чалавек! У жывёльна перанасычанай скнары, якая спіной рухаецца да смерці, пакажы нам твар, Твой твар. У чалавеку пакажы нам вобраз Бога.

На Езуса ўскладаюць Крыж

«А калі насмяяліся з Яго, знялі пурпур і апранулі ў Ягоную вопратку, і павялі Яго, каб укрыжаваць» (Мк 15, 20).

Пасля пурпуру — зноў белізна; пасля цара — святар; і вось — ахвярнік: Крыж. Вывелі Яго вонкі, вонкі са святога горада, вонкі са святыні, якая старанна ахоўвалася, дзе няма месца непасвячоным. Бо адгэтуль Ён — гэта крыніца святасці, і няма больш нічога, што прабывае «звонку», — нічога не асвячонага. Яны вывелі Яго вонкі, далёка ад Храма, дзе забіваюць ягнят: гэта Ён — Ягня, якое нясе грэх свету. Няма больш храма іншага, чым Яго Цела: Эўхарыстыя, наш прытулак. Яны вывелі Яго вонкі — з Крыжам. О Езу, выгнаны вонкі, няхай не будзе гэта больш — звонку мяне. Аднаві сэрца маё, каб яно было Тваім прыстанкам. О Езу, выгнаны вонкі, няхай не будзе гэта — звонку нашых Цэркваў, з якіх мы выганяем Цябе, супрацьпастаўляючы іх адно аднаму. О Езу, выгнаны вонкі для таго, каб ніхто больш не выганяўся, каб ніхто не быў прагнаны з вячэры, якую з веку ў век Ты прапаноўваеш нам. О Езу, выгнаны з гэтага свету, вось Ты ідзеш асвятліць яго.

Езус памірае на Крыжы

«А каля дзявятай гадзіны ўсклікнуў Езус моцным голасам: „Элі, Элі, лема сабахтані?“, што азначае: „Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?“ А адзін пабег, намачыў губку воцатам і, насадзіўшы на трысціну, паіў Яго. Езус жа, ускрыкнуўшы моцным голасам, сканаў» (Мк 15, 34–37).     

Езу, уцелаўлёнае Слова, прайшоў найбольшую адлегласць, якую можа прайсці ўпаўшае чалавецтва. Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў? Адлегласць бясконцая, канчатковае раненне, цуд любові. Паміж Богам і Богам, паміж Айцом і ўцелаўлёным Сынам, умешваецца наш адчай, і Езус да канца хоча быць з ім салідарным. Адсутнасць Бога — гэта менавіта пекла. «Прагну, — кажа яшчэ Езус, паўтараючы псальм. — Моц Мая ссохла, як чарапок; язык Мой прыліп да гартані Маёй, і Ты звёў Мяне да пылу смяротнага». Бог прагне чалавека, а чалавек бяжыць ад Яго, узводзячы сцяну падзелу. Прыкуты да гэтай сцяны, Езус кажа: «Прагну», — і даюць Яму воцат. Спрадвечныя абдымкі Айца і Сына становяцца даллю паміж небам і пеклам. Элі, Элі, лема сабахтані? Быццам на імгненне ўкрыжаваны Бог губляе веру ў Бога. І тады ўсё перамяняецца, у Езусе чалавечая воля, як у Гетсэманскім садзе, згаджаецца: «Ойча, у рукі Твае аддаю Дух Мой». Прорва адчаю рассейваецца, як мізэрная кропля нянавісці ў бяздоннай бездані любові. Адлегласць паміж Айцом і Сынам ужо не месца пекла, але прыстанак Духа. Езу, Ты, які сам сябе прынізіў, прымаючы вобраз раба, нават да смерці, і смерці крыжовай, навучы нас казаць у дзень бедства, можа быць, у дзень смерці: «Ойча, у рукі Твае аддаю Дух Мой». Адгэтуль неба, зямля і пекла поўныя святла. Нішто не можа аддзяліць нас ад Цябе. «Куды пайду ад Духа Твайго? Сыду ў апраметную — і там Ты». О Пастыр, забіты як ахвяра, вазьмі нас на плечы Твае, каб прывесці нас зноў да Твайго Айца. Няхай у Табе самы змучаны з малавераў знойдзе, нарэшце, адказ. Слава Табе, Езу, Божа наш: Ты перамяняеш крыж адчаю ў Крыж Пасхальны.

Укрыжаваны і ўваскрослы

Калі Ты быў дзіцём, аб Табе клапаціўся Юзаф. Іншы Юзаф асцярожна здымае Цябе з крыжа. На руках Яго Ты аддаеш Сябе яшчэ больш, чым дзіця на руках маці. Ва ўлонне скалы ён кладзе святыню Твайго беззаганнага Цела. Прывалены камень, і ўсё маўчыць. Гэта таямніца Вялікай суботы. Усё маўчыць, стварэнне затаіла дыханне. У пустыню адсутнасці любові сходзіць Хрыстус. Але сходзіць пераможцам. Ён палае агнём Духа. Ланцугі чалавечыя згараюць, судакранаючыся з Ім. О Жыццё, як можаш ты памерці? Паміраю, каб знішчыць уладу смерці і ўваскрасіць памерлых з пекла. Усё маўчыць. Але вялікі бой заканчваецца. Той, хто падзяляе, пераможаны. Пад зямлёй, у глыбіні нашых душаў разгарэлася іскра агню. Пярэдадзень Пасхі. Усё маўчыць, але ў спадзяванні. Адам апошні працягвае руку першаму Адаму. Маці Божая выцірае слёзы Евы. Вакол скалы смерці квітнее сад. О мой Вызваліцель, далёка ад Цябе я бег, у смяротную шчыльнасць скалы. Але Ты ламаеш усе перашкоды, Ты ўводзіш усіх вязняў, тых, што ў палоне ў саміх сябе і д’ябла, уводзіш іх да Світанку Пасхальнага, бо любоў моцная, як смерць. Душу сваю захоўваю ў цішыні, як дзіця, якое прытулілася да матчыных грудзей, ведаю: Ты знойдзеш мяне. Езу Кароль, заззяй у цемры, як паходня жыцця. Няхай гучыць Тваёй прысутнасцю цішыня, няхай свет будзе толькі пустой грабніцай! Два Адамы зліваюцца ў адно ў прамянях святла, у грабніцах ужо няма мёртвых. Хрыстус уваскрос з мёртвых, смерцю смерць зваяваў і тым, хто ў грабніцах, дорыць жыццё.

(На аснове разважання і малітвы Усяленскага Патрыярха Барталамея)

С. Нунэ Цітаян MSF

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.