Што святое для нас? |
Жыць з Богам. Старонка с. Нунэ Цітаян |
18.08.2012 10:28 |
У апошні час, размаўляючы са знаёмымі, вельмі часта чую ў іх голасе непакой і трывогу за лёсы сем’яў і выхаванне ў іх дзяцей. Афіцыйная статыстыка кажа пра тое, што на 90 заключаных шлюбаў прыпадае 61 развод у год. У чым прычына разводаў — няхай разбіраюцца эксперты. Я ж хачу звярнуць увагу на духоўны бок шлюбу. Ужо даўно назіраю вельмі цікавую ўзаемасувязь паміж пачуццём святога ў маіх вучнях і цэласнасцю і якасцю іх сем’яў. Калі нават сям’я не рэлігійная, але ў ёй ёсць здаровыя маральныя прынцыпы сям’і, дзіця ўспрымальнае да святога. Але калі сям’я «рэлігійная», толькі на словах вызнае сваю веру, а на практыцы ўсё заканчваецца традыцыяй і фальклорам, вельмі цяжка прывіць пачуццё святога ў душу дзіцяці. Вось некалькі прыкладаў з жыцця маіх знаёмых і вучняў. Хлопчык, яму 11 гадоў, яго адзінокая мама «рэлігійная», інтэнсіўна занятая наладжваннем свайго асабістага жыцця, пры гэтым яна ўсё робіць на вачах у сына і ў яго прысутнасці. На катэхезах ён вельмі актыўны, успрымальны, уцягвае ў сябе ўсе веды, задае шмат пытанняў… Але калі справа даходзіць да практыкі, ён губляецца і адступае, становіцца падобным да дрэва, у якога няма каранёў. На сходзе для бацькоў я прапанавала ім паразважаць над наступным сюжэтам: уявіце сабе лодку на сярэдзіне возера, у ёй — вы і ваша дзіця, якое вы хочаце пераправіць на другі бераг. У лодцы два вёслы. Калі карыстацца толькі адным вяслом, каб даплысці да берага, спатрэбіцца вельмі шмат намаганняў, працы і ўмення, каб утрымаць правільны курс і дайсці да мэты — бо з адным вяслом мы, як правіла, круцімся на адным месцы. А калі карыстацца двума вёсламі, нашмат прасцей утрымаць правільны курс, і мы зэканомім шмат сіл і часу і хутчэй даплывём да вызначанай мэты. Такім чынам, другое вясло ў выхаванні дзіцяці прапануе нам Касцёл, і часта гэтае другое вясло з’яўляецца вызначальным, накіроўваючым і самым важным у жыцці дзіцяці. Канешне, апрануць, абуць, накарміць дзіця, уладкаваць для яго годны побыт неабходна, але гэта яшчэ не ўсё. Самае галоўнае — выхаваць з яго паўнавартасную асобу, здольную адрозніваць дабро ад зла, абіраць дабро і адвяргаць зло. Паўнавартасная асоба — гэта не толькі адукаваны чалавек, гэта чалавек з духоўнымі прынцыпамі. Студэнцкая моладзь распавядае мне пра вар’яцтвы, якія чыніць будучая інтэлігенцыя. Распуста, разбэшчанасць, бессаромнасць, п’янства, лянота і да т. п. Мне, законніцы, не вядома столькі, колькі вядома вам. Я не займаюся сацыяльнымі даследаваннямі жыцця студэнтаў і не хачу прадстаўляць усё ў шэрых колерах, а толькі хачу папярэдзіць вас аб плёнах. Тое, што мы сеем сёння, будзем збіраць заўтра. Ці гатовыя мы да гэтага? Калі ў душы ў чалавека няма святога, тады гэты чалавек муціруе, становіцца здольным на ўсё ў прамым сэнсе гэтага слова. А што святое для нас? Для мяне, да таго як пазнаць Пана Бога і Яго Касцёл, святым было і ёсць мая мама, мой бацька, мае браты, мой народ, мая родная мова, мая Радзіма. Я не магу ўявіць сабе, як бы я ставілася да сваёй маці, калі б у яе спальні я бачыла розных мужчын. Што было б з маёй чысцінёй?.. Толькі Пан Бог святы, гэта — аксіёма. Але ў жыцці кожнага з нас павінна быць штосьці яшчэ — у вышэйшай ступені чыстае, пастаяннае, непахіснае. Многае, калі не ўсё, мы ўбіраем у сябе ў сям’і. Вы можаце сказаць, што, калі ў сям’і ўсё добра, гэта яшчэ не факт, што і з дзіцём будзе ўсё нармальна. Згодна. Але калі ў сям’і лад, дзіцяці будзе прасцей абраць дабро, а заблукаўшы, яму будзе прасцей знайсці шлях назад. С. Нунэ Цітаян MSF |