Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Хворыя Украінай
Адценні колеру. Старонка Віталія Палінеўскага
19.07.2014 11:48

Менавіта так, і гэта не дыягназ, а хутчэй стан душы. Сёння многія з нас хворыя Украінай. Тое, што цяпер там адбываецца, – гэта боль сапраўды братняга нам народа, але таксама і наш боль.

Але так атрымалася, што некаторыя з нас апынуліся падманутымі хлуслівай прапагандай, некаторыя захавалі цвярозасць розуму і крытычнае стаўленне да інфармацыі, якую атрымліваюць, у некаторых праявілася ментальная цывілізацыйная прыналежнасць – і вось віртуальна мы апынаемся па розныя бакі лініі фронту. Мы, католікі, якія ўсе як бы супраць вайны і гвалту, хочам міру, дабра і згоды, але пры гэтым маем дыяметральна супрацьлеглае бачанне сітуацыі. Мы ўдзельнічаем у бясконцых «халіварах» пра тое, хто вінаваты і што рабіць, эмацыйна і агрэсіўна даказваем сваю правату і, давайце шчыра прызнаемся, часам пачынаем ненавідзець адзін аднаго.

На гэтым фоне ёсць спакуса ўзвысіцца над бітвай і сказаць: «Я ні за каго, я толькі за тое, каб перасталі забіваць», «якая розніца, хто пачаў, галоўнае, каб усё хутчэй скончылася», «якая розніца, хто збіў самалёт, загінулых усё роўна не вернеш». Ці правільна гэта?

Вядома, як католік я супраць таго, каб пладзіць праз віртуальную прастору цалкам рэальную агрэсіўнасць і нянавісць. Але ці значыць гэта пазбягаць дыскусій і спрэчак, а галоўнае - пошуку праўды? Што значыць «я ні за каго»? Што мне на самай справе ўсё роўна альбо я проста не хачу разбірацца ў сітуацыі? «Усе хлусяць», «абодва бакі вінаватыя», «у кожнага свая праўда», «я нічога не хачу ведаць, я проста хачу, каб раптам усім стала добра» – гэта ж так проста! А можа, для кагосьці праўда такая, што ў яе не хочацца верыць? Можа, ёсць штосьці, у чым страшна самому сабе прызнацца?

Вядома, як католік я веру ў моц малітвы. Веру, што маліцца за мір ва Украіне – гэта першае, што сёння павінен рабіць кожны з нас. Малітва не сапхне нас ілбамі, не зробіць нас ворагамі, а ўсемагутны Бог, калі захоча, аддасць нам па веры і створыць цуд. Але ці дастаткова адной толькі малітвы? Можа, я не зусім давяраю Богу, і таму хочацца зрабіць штосьці яшчэ? Што? Хіба ёсць нейкі толк ад «цёрак» у фэйсбуку? Проста карціць нешта рабіць, бяссілле так прыгнятае.

Гучна і адкрыта назваць зло сваім іменем, каб яно спалохалася і самаліквідавалася? Гучна і адкрыта назваць зло сваім іменем, каб іншыя пачулі і зразумелі, дзе праўда?

Каму, як не нам, хрысціянам, ведаць, у Каго праўда і Хто ёю з'яўляецца? Дык што азначае стаць на баку Святла і Праўды для беларуса, хворага Украінай?

Віталій Палінеўскі

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.