У непошyках нелепшага | Друк |
Адценні колеру. Старонка Віталія Палінеўскага
24.04.2015 17:22

Ну што, дзеткі, хочаце казачку? Сядайце тады, слухайце.

Аднойчы пастыр вёў свой статак. Нармальны такі пастыр, звычайны такі статак. Прывёў на пашу, кажа: «Ну вось тут вам добра будзе». Але некаторыя авечкі незадаволеныя. Кажуць, што трава ім тут нясмачная.

Так і кажуць: «Пастыр, нясмачна зусім».

Пастыр: «Смачна! Ешце».

Авечкі: «Да ты сам паспрабуй! Сухая, што праглынуць немагчыма».

Пастыр: «Затое карысная. У ёй шмат мінералаў і мікраэлементаў, неабходных для маладога авечага арганізма. Так што, ешце і не дыскутуйце, – і дадаў: – А галоўнае – тут бяспечна. Тут няма ваўкоў, тут вы можаце адчуваць сябе свабодна і ўпэўнена».

Многія тлумачэннямі задаволіліся, але не ўсе.

«Глядзі, пастыр, вунь там за рэчкай луг які прыгожы. Траўка там якая зелянюткая. Мабыць смачная, сакавітая! Давай туды махнем?» — казалі авечкі.

«Не, туды нельга. Там, бачыце, лес побач, адтуль ваўкі прыйдуць, вам тады нездабраваць. А я, каб вы ведалі, за кожную з вас адказнасць нясу. Перад гаспадаром справаздачу даваць буду. Так што, не рабіце мне клопату, не лезце, куды не трэба». — аднекваўся пастыр.

«Але, пастыр, што нам ваўкі – ты ж з намі! Ты ж іх не баішся, праўда, пастыр? У цябе кій, ты нас абароніш. Так, пастыр? Мы ж не самі, мы з табой, пастыр! Пастыр…»

Пастыр разаслаў на зямлі свой плашч і прылёг. Сонейка прыгравала, цягнула на сон. Авечкі размеркаваліся вакол, далёка не адыходзілі. Некаторым тут і сапраўды добра было. Некаторыя паглядалі на іншы бераг, але заставаліся тут, бо для іх было важна быць у статку, быць часткай цэлага. А некаторыя адправіліся праз раку. Цяжка сказаць былі яны смелыя ці дурнаватыя, цікаўныя ці непакорныя. А, можа, і ўсё адразу. І што б вы думалі? Многія з непаслухмяных авечак сапраўды трапілі ваўкам на абед! Уф, пачакайце, курнуць трэба...

Дык пра што гэта я? Трапілі на абед? Дакладна. А найбольш спрытныя і зараз гойсаюць па зялёнай пашы між лесам і берагам ракі, камбінуючы як гэта і травінку ўгрызці і ад ваўка ўцячы. Крычаць: «Пастыр, дапамажы!». Пастыр нібы чуе, нібы шкада яму тых авечак, але тут ужо што ж... «А я казаў вам! Папярэджваў! Куды палезлі?», — злуецца ён.

Толькі гісторыя гэта не пра тое, ці варта было лезці на іншы бераг, а пра тое, як аднойчы пастыр стаў чыноўнікам. Вось так, дзеткі. Тут і казачцы канец, а хто слухаў, таму — бублік. І нагадваю, каб наступным разам флюараграфію не забыліся прынесці, а на сёння —усё.

Віталій Палінеўскі


 
© 2003-2019 Catholic.by