Я не эгаіст | Друк |
Адценні колеру. Старонка Віталія Палінеўскага
11.05.2016 00:00

Я не эгаіст. Проста лічу, што няма сэнсу дапамагаць тым, хто сам можа пра сябе паклапаціцца. Дапамагаць трэба тым, хто не можа. Амаль усе, каго я ведаю — дарослыя, здольныя людзі, са сваімі праблемамі спраўляюцца самі.

Я не эгаіст. Проста я чалавек творчай прафесіі, і мне для працы патрэбныя адпаведныя камфортныя ўмовы. Не пра сябе клапачуся, пра працу. Дайце мне гэты камфорт.

Я не эгаіст. Проста мне і без вас ёсць пра каго падумаць. У мяне ёсць сям’я, дзеці, родныя, лепшыя сябры. Калі вы ў гэтым спісе на месцы дваццатым – не крыўдуйце, што да вас чарга ніколі не дойдзе. Маёй ахвярнасці і самаадданасці не хопіць на ўсіх.

Я не эгаіст. Проста ў Пісанні сказана: «Любіце бліжняга як самога сябе». А значыць, перш чым палюбіць бліжняга, трэба спачатку палюбіць сябе і задаволіць свае патрэбы. Што я, уласна, і раблю.

Я не эгаіст, я звычайны католік, які жыве ў сучасным меркантыльным грамадстве. Дзесьці тут павінен быў быць пяты пункт у бясконцым ланцужку апраўданняў.

Цяжка сказаць, ці маё жыццё сапраўды хрысціянскае. Хіба, не зусім, малюся мала...

Віталій Палінеўскі

 
© 2003-2024 Catholic.by