Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Сум: я ніколі не буду ідэальным
Псіхалогія і вера. Cтаронка Наталлі Станкевіч
28.09.2011 11:24

Напэўна, у жыцці кожнага чалавека існуюць пэўныя меркаванні аб тым, як створаны навакольны свет. Гэтыя погляды датычацца самых разнастайных сфер жыцця, пачынаючы ад самых простых, штодзённых сітуацый і да ўяўленняў аб Сусвеце, Богу, маралі і, нарэшце, аб сабе самім. Гэтыя меркаванні ствараюць наш светапогляд, тое, што вучоныя называюць «карцінай свету», з дапамогай якой кожны чалавек уяўляе, як створана нашае жыццё і ўсё, што вакол нас.

Аднак акрамя ўяўленняў аб тым, «як ёсць», у чалавека заўсёды знаходзіцца вялікі запас меркаванняў аб тым, «як мае быць». Яны ствараюць ідэальную мадэль таго, что ёсць вакол іх, а таксама — што вельмі важна — іх саміх. Уяўленне аб тым, «якім я маю быць», псіхолагі называюць «ідэальным Я».

Ідэальнае Я, фарміруючыся пад уплывам на дзіцятка з боку іншых людзей, у тым ліку бацькоў, выхавацеляў, сяброў і г. д., бывае розным, у залежнасці ад таго, якім хацела бачыць дзіцятка ягонае асяроддзе. Вельмі падрабязна аб гэтым пісаў, у тым ліку, амерыканскі псіхолаг і хрысціянін Генры Клауд, які у сваёй кнізе «Фактар маці» апісвае розныя тыпы мацярынска-дзіцячых адносінаў і тое, як яны ўплываюць на развіццё і далейшае жыццё чалавека.

З боку дзіцяці, у сваю чаргу, фарміруюцца адносіны да свайго ідэальнага вобразу. Варыянтаў тут можа быць шмат, але асноўных — усяго два. Першы — калі дзіця, а потым і дарослы, усведамляе, што ён не ідэальны і што ніколі ідэальным не будзе. Гэта, аднак, не перашкаджае яму любіць і паважаць сябе самога, а таксама імкнуцца да выпраўлення негатыўных рысаў свайго характару. Чалавек, такім чынам, прабывае ў гарманічным стане раўнавагі паміж тым, «што ёсць», і тым, што «мае быць».

Іншы, хваравіты, варыянт адносінаў з ідэальным Я, — гэта калі чалавек не прызнае таго, што ідэал недасягальны, і жыве так, быццам варта яшчэ трошкі напружыцца — і станеш сапраўды бездакорным. Паколькі ад пачуцця ўласнай бездакорнасці залежыць, у сваю чаргу, пачуццё бяспекі — адна з базавых патрэбаў чалавека, то жыццё пераўтвараецца для яго ў бясконцую, спустошваючую гонку за ідэалам. Такі тып асобы псіхолагі называюць нарцысамі. Чалавек як бы балансуе паміж двума станамі: калі нешта яму ўдаецца, ён успрымае сябе «грандыёзным», вялікім, амаль усемагутным, як сам Пан Бог. Але калі нешта не атрымліваецца — гэта становіцца не нейкім асобным промахам, але гіпертрагедыяй, калі, падаецца, зруйнаваўся ўвесь свет і сам чалавек разам з ім. Адна дзяўчына, гісторыю якой мне распавядалі, разважала, зыходзячы з такой логікі, наступным чынам: «Я б вельмі хацела выйсці замуж. У мяне няма ніякага „фемінізму“, я хачу быць добрай маці і жонкай, я захоўваю чыстасць для мужа. Аднак, каб у цябе быў добры любячы муж, трэба ж быць ідэальнай: умець усё рабіць у хаце, усюды паспяваць. Быць заўсёды ветлівай, выконваць усе жаданні мужа і дзяцей…» Адзін псіхолаг, пачуўшы гэта, адказаў ёй коратка: «Не трэба».

З вечнай пагоні, уцёкаў ад уласнай недасканаласці складаецца сэнс жыцця нарцыса. На няўдачы, свае промахі такая асоба рэагуе адчаем, страхам, сорамам, пачуццём віны, вялізным болем, пачуццём, што жыццё скончана ці непапраўна сапсавана, а сам ён нічога не варты.

Вынікам жа здаровага стаўлення да свайго ідэальнага Я з’яўляецца якраз сум, якому прысвечаны сённяшні артыкул. Сум узнікае ў чалавека тады, калі ён разумее, што ніколі не будзе ідэальным, калі чалавек, можна сказаць, «развітваецца» са сваім ідэальным Я.

Да чаго ж прыводзіць гэтае пачуццё? Як ні дзіўна, перш за ўсё — да адчування свабоды: «Мне болей не трэба ўдзельнічаць у спаборніцтве з самім сабой! Я магу проста жыць!» Далей, сум матывуе да далейшага развіцця. Зірнуўшы на сябе — такіх, якія мы ёсць, мы лепей бачым нашыя недасканаласці, і можам знайсці шляхі, каб стаць лепшымі.

З хрысціянскага пункту гледжання, сум — гэта крыніца нашай пакоры: мы бачым, што не маем заслугаў перад Богам, не можам заслужыць Ягоную любоў. Яе можна толькі прыняць як дар — проста так, таму што ты чалавек. У хрысціянскім сэнсе мы сумуем, бо з-за нашай недасканаласці не можам адказаць у паўнаце на Божую любоў, на Ягоны заклік. Такім чынам, калі для нарцыса ўсе пачуцці, пазітыўныя ці негатыўныя, скіраваны на яго самога, то сум хрысціяніна звяртае іх да Бога, яднае чалавека са Стварыцелем.

Вельмі добра аб гэтым пісала св. Тэрэза ад Дзіцятка Езус у аўтабіяграфічным рукапісе «Гісторыя адной душы». У прыватнасці, прыгадваючы, што яна часта засынала падчас Літургіі гадзінаў, яна  апавядае, што сёстры папракалі яе за гэта, і дадае: «Але мне падаецца, што Бог любіць усіх сваіх дзетак — ці спяць яны, ці не спяць». Што, канешне, не перашкаджала святой у пастаянным практыкаванні цнотаў і паглыбленні свайго духоўнага жыцця.

Напрыканцы хацелася б сказаць некалькі слоў пра сорам, віну і сум як матывы да сакрамэнту пакаяння. На мой погляд, найбольш здаровым сярод іх будзе менавіта сум. Аплакваючы свае грахі і недасканаласці, мы найперш павінны непакоіцца аб тым, што праз іх страцілі Божую ласку, сталі далей ад Бога, зняважылі Яго імя, парушылі Ягоныя запаведзі. Аднак, сумуючы з-за ўласнай недасканаласці, мы не лічым, тым не менш, што Пан Бог нас пакінуў і ніколі не прабачыць, бо мы — бруднае ніхто і нішто (як падказвае нам сорам). Мы таксама не «бярэм усе грахі свету», да чаго штурхае нас паталагічнае пачуццё віны. Звяртаючы ўвагу і шкадуючы за тое, што нанеслі ўрон іншым людзям (здаровае пачуццё віны), мы, тым не менш, пераводзім позірк на Хрыста, якому мы прычынілі боль нашым грахом. І, хочацца дадаць, які любіць нас, нягледзячы ні на што, бо з’яўляецца бясконцай Міласэрнасцю і Любоўю.

Наталля Станкевіч

tt

З пытаннямі або прапановамі тэм можна звяртацца да аўтара на паштовую скрыню n.stankevich@catholic.by. Адказ можа быць як у выглядзе матэрыяла, так і асабістага характару.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.