Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Асцярожна — дзеці! Адкрываем цацачны сусвет
Псіхалогія і вера. Cтаронка Наталлі Станкевіч
11.01.2012 16:43

Гульня з’яўляецца асноўным відам дзейнасці дзіцяці-дашкольніка. Менавіта яна спрыяе здароваму псіхалагічнаму развіццю і выхаванню дзяцей. Гульні развіваюць уяўленне, фантазію, пераносяць дзіця ў іншы, чароўны свет, дзе яно можа быць кім заўгодна: прынцэсай і рыцарам, касманаўтам, доктарам, настаўнікам, або нават якой-небудзь жывёлай ці казачным персанажам.

Напэўна, самымі «магічнымі» словамі дзяцінства з’яўляюцца «а давай, як быццам…». Яны адкрываюць шлях да новых неверагодных прыгодаў.

Гульні спрыяюць і фізічнаму развіццю дзіцяці: трэба бегаць, спаборнічаць з іншымі дзецьмі, скакаць, куляцца, кідаць і лавіць мяч і г.д. Ні на адным з заняткаў па фізкультуры ў школе дзеці ўжо не атрымаюць такой выдатнай магчымасці рэалізаваць сваю фізічную энергію.

Аднак у той жа час гульні і цацкі нясуць пагрозу для дзяцей, бо далёка не ўсё тое, што сёння завецца цацкамі, сапраўды прызначана для гульні дзіцяці.

Як жа выбраць якасную цацку?

Пачнём з фізічных характарыстык. Самае простае — цацка павінна быць выканана з якасных, экалагічна чыстых матэрыялаў. На жаль, часам лялечка ці мячык выдае такі пах, быццам іх рабілі на нафтаперапрацоўчым заводзе і гэты завод нейкім цудам змясціўся ўнутры цацкі. Зразумела, цацкі не павінны мець вострых ці шурпатых краёў, якія могуць пашкодзіць дзіцяці, і павінны адпавядаць узросту, напрыклад, не змяшчаць дробных дэталяў, якія можна праглынуць.

З псіхалагічным вымярэннем «цацачнага сусвету» справа больш складаная.

Для пачатку ўспомнім асноўную функцыю гульні дашкольніка — сацыялізацыю. Гуляючы, дзіця быццам прыкладае да сябе розныя сацыяльныя ролі: доктара, гандляркі, настаўніцы… Дзяўчынкі, акрамя гэтага, вучацца быць матулямі, клапаціцца аб будучых дзетках. У гэтым сэнсе вельмі небяспечнымі з’яўляюцца, напрыклад, лялькі Барбі. Па-першае, яны не даюць дзяўчынцы магчымасці адчуць сябе мамай: як можна калыхаць ці карміць кашкай дарослую жанчыну ці мужчыну (Кена)? Ужо не варта казаць, што некаторыя лялькі Барбі і Кена адлюстроўваюць поўную анатомію жаночага і мужчынскага цела. Па-другое — Барбі закладае скажоны вобраз жаноцкай прыгажосці, на які ў будучым будзе арыентавацца дзяўчынка. Насамрэч прапорцыі жаночага цела, прадстаўленыя ў гэтай ляльцы, — пышныя грудзі, тонкая талія, вельмі доўгія худыя ногі — не адпавядаюць натуральным. Але менавіта так хочуць з цягам часу выглядаць дзяўчыны — і трапляюць у пастку дыет, анарэксіі, пластычнай хірургіі і г.д.

Асобнае пытанне складаюць цацкі для хлопчыкаў, якія можна ўмоўна назваць «агрэсіўнымі»: перш за ўсё гэта мадэлі зброі. Бацькі часам упадаюць у адну з дзвюх крайнасцяў: ці то набываюць свайму малому сынку выключна такія забаўкі (пад лозунгам «хай расце мужыком!»), ці наадварот — пазбягаюць іх, лічачы, што такія цацкі развіваюць агрэсіўнасць дзіцяці, вучаць вырашаць праблемы з дапамогай сілы і г.д. Праўда ж, як звычайна, пасярэдзіне. Насамрэч, не варта дзеля развіцця «мужнасці» хлопчыка набываць яму ваенны арсенал. Мяне асабіста шакіруе, калі я бачу дзетак, якім ледзь споўнілася пара гадкоў, якія адной рукой трымаюцца за матулю, а другой ганарліва трымаюць цацачны «калашнікаў» ледзьве не з яго ростам, а часам яшчэ і заўзята «страляюць» у праходзячых побач людзей. Адразу прыгадваюцца дзеці-салдаты з Самалі і іншых «гарачых кропак».

Аднак і поўнае пазбаўленне хлопчыка такіх «мужчынскіх» забавак даволі небяспечна. Прыемна гэта ці не, мужнасць насамрэч звязана з агрэсіўнасцю — пытанне толькі, у якое рэчышча яе скіраваць. Адмаўленне магчымасці выражаць яе можа стаць цяжкай траўмай для дзіцяці.

Што ж рабіць?

Варта памятаць, што сама па сабе цацка нічому не вучыць дзіця. Вучыць працэс гульні, калі малы прысвойвае сабе тыя ці іншыя сацыяльныя ролі. Уся справа ў тым, кім ён уяўляе сябе, трымаючы ў руках цацачны аўтамат, меч, пісталет, шчыт, лук і стрэлы і г.д.? Можа, Робін Гудам — абаронцам слабых і пакрыўджаных? Ці агентам 007? Ці Іллёй Мурамцам? А можа, героем Quake — крывавай камп’ютарнай «стралялкі»? Якія задачы ён ставіць для сябе падчас гульні? Якія словы, фразы злятаюць з ягоных вуснаў? Ці адрознівае ён у сваёй фантазіі дабро ад зла, міласэрнасць ад насілля, жорсткасць ад дабрыні? Адказы на гэтыя пытанні адназначна падкажуць, ці на добрым шляху «выхавання гульнёй» знаходзіцца малы чалавек.

Як жа зрабіць так, каб дзіця, гуляючы ў «агрэсіўныя» цацкі, рухалася па «добрым шляху» — атаясамлівала сябе з годнымі, добрымі казачнымі ці фантастычнымі персанажамі? Адказ адзін: трэба гуляць разам з ім. Зразумела, больш натуральна ў «ваенных» гульнях будзе выглядаць бацька. Ён зможа засяродзіць увагу сына не толькі на тым, калі і ў каго страляць, але дасць магчымасць паразважаць над тым, што добра і дрэнна, справядліва і несправядліва і г.д. Варта таксама зацікавіць дзіця пошукам іншых, «бяззбройных», метадаў вырашэння праблемаў. Такая сумесная гульня стане выдатнай пляцоўкай для выхавання.

Напрыканцы варта прыгадаць, што не самі цацкі небяспечныя для дзіцяці, а тое, што яно робіць з імі, як успрымае. Апостал Павел нагадвае нам: «Усё магчыма для мяне, але не ўсё мне карысна». Гульня — гэта цудоўны момант для бацькоў, каб увайсці ў свет дзіцяці, даведацца, чым яно жыве, зрабіцца для яго больш блізкім, знайсці паразуменне. Аднак каб дасягнуць гэтага, ад бацькоў патрэбна ахвяра — свайго часу, умення камунікаваць з дзіцём (далёка не ўсе дарослыя маюць гэты талент!), адкрытасці сэрца. Гэта ахвяра, але не тая, якую вымушаюць прынесці, а тая, што ідзе з глыбіні сэрца; ахвяра, аб якой Езус кажа: «Любові хачу, а не ахвяры». Гэта — наш штодзённы гераізм у дачыненні да сваёй сям’і, наша ўменне аддаваць сябе сваім дзецям, быць адказным перад імі, даваць ім на сваім чалавечым прыкладзе пазнаваць хаця б цьмяны вобраз Боскай любові і ўвагі да кожнага чалавека. А ў гэтым насамрэч і заключаецца сутнасць бацькоўства.

Наталля Станкевіч

tt

З пытаннямі або прапановамі тэм можна звяртацца да аўтара на паштовую скрыню n.stankevich@catholic.by. Адказ можа быць як у выглядзе матэрыяла, так і асабістага характару.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.