Асцярожна — дзеці! Пакідаючы роднае гняздо… | Друк |
Псіхалогія і вера. Cтаронка Наталлі Станкевіч
28.02.2012 15:59

І вось застаюцца ў мінулым усе хваляванні падлеткавага перыяду… Дзіця заканчвае школу, а потым і ВНУ — і пачынаецца самастойнае жыццё…

…Прынамсі, павінна пачацца.

Для бацькоў момант, калі дзеці пакідаюць родны дом, пачынаюць будаваць сваё ўласнае жыццё, ствараюць сям’ю, часта становіцца вельмі балючым часам перажывання на сваім вопыце меркавання аб тым, што праца бацькоў — найбольш няўдзячная, таму што выканаць яе добра — значыць зрабіць дзяцей самастойнымі, такімі, што яны больш не маюць у бацьках патрэбы. Часам бацькі ўспрымаюць гэта так, што і яны самі ўжо не патрэбны, і застаюцца самотнымі.

Насамрэч, развіццё адносінаў бацькоў з дарослымі дзецьмі не «валіцца з неба» — іх якасць заканамерна выплывае з усяго папярэдняга вопыту камунікацыі паміж пакаленнямі. Калі за гады сумеснага жыцця створаны клімат даверу, павагі, узаемнага інтарэсу і прыняцця, — тады фізічнае аддзяленне дзяцей не стане вялікай праблемай. Трэба толькі памятаць, што цяпер усе гэтыя станоўчыя пачуцці будуць выражацца ў іншых формах: не паміж дзіцём і бацькамі, дзе хтосьці галоўны, а хтосьці падпарадкаваны, а паміж дарослымі, роўнымі людзьмі, паміж якімі дзейнічаюць усе тыя прынцыпы камунікацыі, аб якіх мы разважалі ў іншых артыкулах: шчырасць, адмаўленне ад маніпуляцыі, здаровыя межы, павага адно да аднаго, адказ ад навязвання свайго меркавання і г.д.

Будучы пабудаванай на гэтых прынцыпах, камунікацыя паміж бацькамі і дарослымі дзецьмі стане спрыяльнай атмасферай, каб праявіць сваю любоў. Сапраўды, пачынаючы з нейкага перыяду жыцця маладыя людзі ўжо самі мусяць задавольваць свае патрэбы: фізічныя, побытавыя, псіхалагічныя і г.д. Зразумела, гэта не азначае, што яны не могуць у выпадку неабходнасці звярнуцца да бацькоў па дапамогу, але такая сітуацыя мае быць хутчэй выключэннем, чым правілам. Аднак тое, што бацькі больш не задавальняюць іх патрэбаў, не азначае, што яны перастаюць існаваць для дзяцей як асобы. Наадварот: толькі малады чалавек, які распачаў уласнае жыццё, «устаў на ногі», можа сказаць бацькам: «Мне не патрэбна болей, каб вы задавальнялі мае патрэбы. Цяпер я магу быць з вамі, камунікаваць і строіць зносіны проста таму, што мне гэта прыемна. Мне нічога ад вас не патрэбна, але мне цікавы і патрэбны вы як асобы». У той жа час і бацькі могуць уздыхнуць з палёгкай і замест таго, каб трывожыцца за сына ці дачку, проста назіраць за ягоным жыццём, цікавіцца ім як чалавекам, і пры гэтым паміж імі не знікне ні любові, ні даверу.

Дарэчы, сам Бог даў нам магчымасць ад Яго аддзяліцца, хаця Ён ведае, што цалкам без Яго мы існаваць не можам. Ён даў нам свабодную волю: магчымасць абраць нашу дарогу — з Ім ці без Яго. Нягледзячы на боль, які, верагодна, прыносіць Яму нашае аддзяленне, Ён не затрымлівае нас гвалтоўна, бо болей за ўсё цэніць свабоду. Чаму менавіта свабода такая важная? Таму што без свабоды няма і любові, сутнасці адносінаў Бога да нас.

І таму, калі часам бацькі маніпулююць дарослымі дзецьмі, рознымі шляхамі вымушаючы іх заставацца неаддзеленымі ад бацькоў (у побытава-фізічным і псіхалагічным плане) — яны праз прымус забіваюць любоў, звязваць крылы птушцы замест таго, каб адпусціць яе, каб яна магла, атрымліваючы асалоду свабоды, вяртацца да іх і дзяліцца радасцю свайго палёту.

Часам бацькі кажуць: «Колькі б табе не было год — ты назаўсёды будзеш маім дзіцём!» І гэта насамрэч праўда: бацькі ніколі не змогуць глядзець на сваё дзіця, як на чужога чалавека. Але што крыецца ў фразе «ты заўжды будзеш маім дзіцём»? «Будзеш заўсёды любімы і прыняты мною»? Зразумела. Але часамі гэтая фраза мае і такі падтэкст: «Будзеш заўсёды залежны ад мяне, будзеш мне падпарадкаваны, ніколі не станеш самастойным». Відавочна, што такое разуменне прынясе не карысць, а шкоду, бо не мае нічога супольнага з любоўю.

У той жа час, дзеці ў сувязі з аддзяленнем ад бацькоў часам адчуваюць дзве спакусы: калі адносіны ў сям’і былі напружаныя — зусім разарваць усялякія сувязі са старэйшым пакаленнем ці, як варыянт, перарваўшы эмацыйную сувязь, працягваць карыстацца з матэрыяльнай падтрымкі бацькоў.

Сітуацыя гэта вельмі далікатная, і, як кажуць, мае двайное дно. З аднаго боку, для дзяцей у любым узросце не адмяняецца запаведзь «шануй бацьку свайго і маці сваю». З іншага пункту гледжання, часам здараецца так, што адносіны між пакаленнямі настолькі таксічныя, траўматычныя як для дзяцей, так і для бацькоў, што цесныя зносіны выклікаюць толькі боль. Ведаю, напрыклад, адну замужнюю жанчыну. Калі яна наведвае бацькоў, супакой працягваецца першыя паўгадзіны. Далей ідзе этап калі не сваркі, то «ажыўленай дыскусіі», а заканчваецца гэта воклічам маці: «Слухай, едзь ты ўжо дадому, я болей не магу!»

У задачу гэтага артыкула не ўваходзіць пошук правых і вінаватых у такой сітуацыі. Фактам, аднак, з’яўляецца тое, што часам пашана, якой патрабуе ад нас Божая запаведзь, можа заключацца ў тым, каб спакойна, з павагай да сябе і да бацькоў, з нязменнай любоўю не даць магчымасці разбураць адно аднаго.

У гэтай сувязі хацелася б таксама падкрэсліць, што псіхалагічнае аддзяленне дзяцей ад бацькоў важнейшае, чым фізічнае. Часам, праўда, здараюцца сітуацыі, калі першае немагчымае без другога. Аднак калі дзіця не атрымала псіхалагічнай самастойнасці — нават калі яно з’едзе на другі бок Зямлі ад бацькоў, гэта не перарве ягоную залежнасць. Са сваёй практыкі кансультанта на псіхалагічных форумах я ведаю шмат гісторый, калі дарослыя мужчыны і жанчыны, жывучы далёка ад бацькоў, у іншым горадзе і нават краіне, літаральна не маглі і кроку зрабіць без дазволу мамы ці таты.

На заканчэнне хацелася б яшчэ раз падкрэсліць: асновай для будавання адносінаў паміж бацькамі і дзецьмі любога ўзросту з’яўляецца (ці павінна з’яўляцца) любоў. Толькі яна і народжаная з яе павага могуць быць тым падмуркам, стоячы на якім адносіны паміж пакаленнямі застаюцца цёплымі, прыносячымі радасць і супакой, якія застаюцца на ўсё жыццё.

Наталля Станкевіч

tt

З пытаннямі або прапановамі тэм можна звяртацца да аўтара на паштовую скрыню n.stankevich@catholic.by. Адказ можа быць як у выглядзе матэрыяла, так і асабістага характару.

 
© 2003-2024 Catholic.by