«І будуць двое адно»: праверка на трываласць | Друк |
Псіхалогія і вера. Cтаронка Наталлі Станкевіч
02.07.2012 11:19

Сёння мы працягнем размову аб асаблівасцях сужэнскага жыцця і абмяркуем такія з’явы, як сумеснае пражыванне і грамадзянскі шлюб.

Сумеснае пражыванне шырока настолькі ўвайшло ў сучаснае жыццё маладых людзей, што часта падаецца немагчымым заключыць шлюб без такога досведу. Стэрэатып аб тым, што сумеснае пражыванне хлопца і дзяўчыны з’яўляецца непазбежнай і неабходнай стадыяй жыцця, настолькі моцна ўкараніўся ў нашу свядомасць, што нават веруючыя бацькі часам глядзяць на такую сітуацыю «скрозь пальцы», а часам нават падтрымліваюць «дзяцей» матэрыяльна. Такая бацькоўская бездапаможнасць мае прынамсі два карані: першы — гэта рэальная адсутнасць магчымасці ўплываць на жыццё свайго дарослага сына (дачкі), які вырашыў жыць так, як яму хочацца; другі — надзея, якая заўсёды крыецца за гэтай бездапаможнасцю, што, пажыўшы разам, маладыя ўсё ж заключаць шлюб, а магчыма, нават будуць вянчацца, і будуць шчаслівымі.

Сапраўды, канкубінат (сумеснае пражыванне хлопца з дзяўчынай па-за шлюбам) часта характарызуецца маладымі людзьмі як перыяд падрыхтоўкі да шлюбу, своеасаблівая «разведка боем»: «як жа я магу быць упэўнены (упэўнена), што менавіта гэты чалавек мне падыходзіць, калі мы не пажылі разам і не ведаем адно аднаго ў паўсядзённасці?» Часта такія тлумачэнні, да якіх часам дадаюць таксама навамодны тэрмін «сексуальная спалучальнасць», гучаць быццам вельмі лагічна, шчыра і ўпэўнена.

Зірнем, аднак, на іх з пункту гледжання  новага мыслення, аб якім мы казалі ў папярэдняй размове.

Прыгадаем, што сутнасцю новага мыслення, што фарміруецца ў чалавека, калі ён набліжаецца да шлюбу, з’яўляецца паняцце сталасці, сапраўднай даросласці, якая фарміруе новае бачанне чалавекам самога сябе. Вынікам сталасці становіцца адказнасць, гатоўнасць пераадольваць цяжкасці і самастойна прымаць складаныя рашэнні, выклікі жыцця. Сталасць — гэта таксама гатоўнасць дазволіць увайсці ў сваё жыццё чалавеку, які быў раней зусім чужым і невядомым, і запрасіць гэтага чалавека ў падарожжа па сваім жыцці. Падавалася б, што менавіта гэтая рыса сталасці ляжыць у аснове тлумачэнняў маладых людзей: «як жа я, не пажыўшы з чалавекам, магу сказаць, пасталеў я ўжо дастаткова, каб заключыць шлюб, ці не?» Справа, аднак, у тым, што сталасць — гэта стан, які можна параўнаць з каханнем. Пра каханне кажуць, што калі яно ёсць, ты ў гэтым не сумняваешся; а калі сумняваешся — значыць не кахаеш. Гэтаксама адбываецца і са сталасцю: сталы, па-сапраўднаму дарослы чалавек дастаткова моцны для таго, каб зрабіць каханне і вернасць сваім свядомым рашэннем: я кахаю гэтага чалавека і менавіта з ім хачу правесці маё жыццё. Гэта будзе няпроста. Але мая мэта і жаданне — правесці жыццё менавіта з гэтым чалавекам, і таму я намераны вытрымаць усе цяжкасці, якія сустрэнуць нас у жыцці. Такая дарослая пазіцыя не патрабуе праверкі — яна альбо ёсць унутры чалавека, альбо яе няма. «Прымеркі», спробы «пакаштаваць» сямейнага жыцця без шлюбу, «прымерыцца да аб’ёму працы» кажуць аб тым, што гэтай сталай пазіцыі ў чалавека няма.

Другі нюанс, які варта прыгадаць у адносінах да «праверкі на трываласць» перад сужэнствам, заключаны ў тым, што вельмі часта гэтая «праверка» становіцца толькі нагодай да таго, каб пражываць разам. Здараюцца сітуацыі, калі маладыя наогул не збіраюцца заключаць шлюб, але каб пераканаць, напрыклад, бацькоў у «неабходнасці» іх канкубінату, выдаюць гэтае становішча за падрыхтоўку да сужэнскага жыцця.

Таксама існуюць і больш складаныя, тонкія і балючыя сітуацыі, калі планы аб шлюбе былі перад сумесным пражываннем, але калі гэты стан дасягнуты, планы кудысьці знікаюць. Як гэта адбываецца? Справа ў тым, што пры сумесным пражыванні станы хлопца і дзяўчыны вельмі розныя. Статыстыка сведчыць аб тым, што пераважная большасць маладых мужчын, якія жывуць з дзяўчынамі, лічаць сябе нежанатымі, у той час як дзяўчыны лічаць сябе замужам. Шлюб, як сталае становішча, акрэслены і відавочны статус, больш неабходны жанчыне, якая проста са сваёй натуры імкнецца больш да трывалых адносінаў, яснасці, прадказальнасці будучыні. Менавіта з-за гэтага, цалкам натуральнага, імкнення, дзяўчыны, якія знаходзяцца ў канкубінаце, часта трапляюць у залежны стан: яны працягваюць дабівацца і хацець шлюбу, адчуваюць сябе незадаволенымі тым становішчам, якое маюць, — у той час як мужчына, па сутнасці, ужо дасягнуў сваёй мэты — ён мае пры сабе жанчыну, якая задавальняе яго патрэбы, клапоціцца аб ім, падтрымлівае побыт і якая залежыць ад ягонага жадання ці нежадання працягваць з ёю адносіны. Менавіта таму жыццё жанчыны ў канкубінаце часта нагадвае бег на марафонскую дыстанцыю, зместам якога становіцца пастаяннае «ўлагоджванне» мужчыны з тым, каб схіліць яго да заключэння шлюбу. Мужчына ж, бачачы, што аб ім клапоцяцца, побыт наладжаны, усе ягоныя патрэбы задавальняюцца, часта проста не бачыць неабходнасці ў змяненні свайго сацыяльнага стану, якое прынамсі афіцыйна накладзе на яго нейкія абавязкі. Адсюль распаўсюджаныя фразы мужчын аб тым, што «якое значэнне мае штампік у пашпарце?», «нам жа добра разам, навошта нешта яшчэ ўскладняць?», «я яшчэ не гатовы», «куды нам спяшацца?» і г.д. Мабыць, не варта казаць, што такая пазіцыя неспалучальная з даросласцю і сталасцю, аб якой мы казалі вышэй. Такі мужчына, па сутнасці, застаўся маленькім хлопчыкам, што выгодна знайшоў сабе новую маму, якая, акрамя побытавых клопатаў, задавальняе яго яшчэ і ў ложку. Дзіця не мае патрэбы неяк «узаконьваць» свае адносіны з мамай — таму з гэтага пункту гледжання цалкам натуральным выглядае нежаданне «вялікага хлопчыка» мець «штампік у пашпарце».

Канкубінат, такім чынам, становіцца для жанчыны сітуацыяй, якая ў псіхалогіі называецца сітуацыяй «падвойнага звязвання» ці, яшчэ больш важка, «падвойнага пакарання»: з аднаго боку, яна прымае на сабе і выконвае ўсе абавязкі замужняй жанчыны, а з другога — яе працягваюць непакоіць усе цяжкасці і няпэўнасці жанчыны, якая не мае афіцыйнага статусу жонкі. Падаецца, што для сталага мужчыны было б немагчымым паставіць у такое становішча любую жанчыну — не кажучы ўжо аб той, якую ён, па яго словах, кахае.

Часам, каб усё ж прымусіць мужчыну да заключэння сужэнскага саюзу, жанчыны ідуць на адчайны крок — зацяжарваюць. Дзіця ў такім становішчы страчвае сваю годнасць, каштоўнасць Божага стварэння, ды і проста чалавека, а становіцца быццам «вяроўкай», якую «накідваюць на шыю татусіку». У выніку чаго «татусік», які і ў больш спрыяльнай сітуацыі не жадаў прымаць на сябе адказнасць, пры сутыкненні з цяжкасцямі і вялізнай адказнасцю, якія ідуць за нараджэннем дзіцяці, часта «знікае з гарызонту», абвінавачваючы жанчыну ў падмане і маніпуляцыі. У выніку дзіця становіцца тым фактарам, які разбурае канкубінат, замест таго каб з’яднаць яго. (Падкрэслім, што дзіця наогул не павінна ўзмацняць сваім існаваннем сувязь паміж бацькамі і быць «прыладай» для дасягнення якіх заўгодна мэтаў).

Іншай формай сумеснага пражывання мужчыны і жанчыны з’яўляецца грамадзянскі шлюб, які заключаецца ў ЗАГСе і надзяляе мужчыну і жанчыну афіцыйным статусам мужа і жонкі. Хаця і гэты стан не прызнаецца Касцёлам у якасці сапраўднага шлюбу, можна адзначыць, што ў параўнанні з канкубінатам гэты крок прадугледжвае большую ступень адказнасці з боку сужэнцаў. Афіцыйна змяняючы свой статус, мужчына і жанчына ўжо прыкладаюць больш намаганняў і дапускаюць большыя змены ў сваім жыцці, чым тыя, хто гэтага не робіць. На жаль, у рэальнасці, аднак, рашэнне аб стварэнні сям’і часта прымаецца пад уплывам эмоцый, жаданняў, мараў, а не з сапраўднай любові, якая, як мы памятаем з папярэдніх размоваў, уяўляе сабою хутчэй не эмоцыю, а валявое рашэнне чалавека аб тым, што ён хоча правесці сваё жыццё разам з гэтай асобай. Хаця з пункту гледжання сучаснай культуры, якая прапагандуе легкадумнае стаўленне да сям’і, кахання, адносінаў паміж мужчынамі і жанчынамі, нараджэння дзяцей, такое бачанне сапраўднай любові часам падаецца «нерамантычным», «нецікавым», «незахапляльным», варта ўгледзецца ў яго больш глыбока. Любоў, якая «ўсё пераносіць, на ўсё спадзяецца, усяму верыць, не зайздросціць», дапамагае будаваць шчаслівыя сталыя адносіны не ў якойсьці штучнай прасторы «рамантыкі», а цяпер і зараз, у сапраўдным паўсядзённым жыцці, у канкрэтных, часам непрыемных абставінах, з канкрэтнымі, жывымі і сапраўднымі людзьмі. Можна сказаць, што менавіта такое разуменне любові вядзе чалавека да такой «моднай» сёння мэты, як самарэалізацыя і самараскрыццё, бо менавіта яно патрабуе ад чалавека быць сапраўдным, быць самім сабою, а не нейкім рамантычным героем ці гераіняй, вобраз якіх навязваецца нам праз мас-медыя. Атмасфера рамантычнай закаханасці, пабудаваная ў значнай ступені на ілюзіях, прадугледжвае часта своеасаблівую гульню, якая ладзіцца паміж двума закаханымі: кожны з іх прагне прадэманстраваць свае найлепшыя якасці, прадставіць сябе ў як мага больш выгодным святле. Нельга сказаць, што гэта дрэнна — хутчэй проста па-чалавечы натуральна: усім нам важна падабацца людзям, якія падабаюцца нам. Аднак гэты перыяд рамантычнай гульні ў сучасным свеце часта разгортваецца па законах, сцэнарыях і стэрэатыпах, якія навязвае нам культура. І тады мы імкнёмся паказаць не нашы ўласныя якасці, якія мы лічым найлепшымі, а тыя, якія вылучае на першы план масавая свядомасць. У выніку можа атрымацца так, што сціплая і нават пабожная дзяўчына, збіраючыся на першае спатканне, лічыць неабходным зрабіць кідкі макіяж, апрануць мікра-спадніцу і туфлі на вялізным абцасе, бо баіцца, што інакш яна «расчаруе» свайго хлопца, не спраўдзіць ягоных чаканняў.

Адносіны, заснаваныя на такой навязанай звонку гульні, сутыкаюцца з сур’ёзнымі перашкодамі, калі людзі ўступаюць у шлюб ці пачынаюць сумеснае жыццё. У «аб’ектыў» адразу трапляе побыт, які часта называюць галоўным ворагам сужэнскага шчасця. Немагчыма гуляць у рамантычных герояў 24 гадзіны на суткі. Немагчыма пастаянна «лётаць на крылах любові». Таму чым вышэй гэтыя «крылы» ўзаемнага захаплення, выбуховых пачуццяў, фантазій і мараў занеслі двух людзей, тым больш балючым можа стаць вяртанне на «грэшную зямлю». Гэтае вяртанне становіцца, на жаль, прычынаю для разбівання сумеснага жыцця, для распаду шлюбаў, для з’яўлення самотных маці (а часам і бацькаў), да параненых лёсаў дзяцей, якія выхоўваюцца ў няпоўных сем’ях. Спосабам пазбегнуць рэальнасці з’яўляецца таксама алкаголь, наркотыкі, пошук «прыгодаў» па-за шлюбам і г.д.

З гэтым вяртаннем, падкрэслім, сустракаюцца раней ці пазней усе пары, якія пачынаюць сумеснае жыццё — у канкубінаце, грамадзянскім ці касцёльным шлюбе. Насамрэч, вянчанне, удзяленне Божай ласкі для сужэнцаў падчас гэтага сакраманту зусім не з’яўляецца гарантыяй таго, што ў шлюбе не будзе клопатаў і праблемаў. Справа толькі ў тым, што хрысціяне маюць вельмі моцную Божую падтрымку, якой яны могуць карыстацца, каб пераадолець цяжкасці.

Чым жа можа дапамагчы сужэнцам касцёльны шлюб?

Па-першае, нельга не прыгадаць час падрыхтоўкі да сакрамэнту сужэнства. Катэхезы для нарачоных, асабліва калі яны праводзяцца добрымі, таленавітымі святарамі і законнымі сёстрамі, могуць стаць тым часам, калі маладыя людзі маюць магчымасць па-новаму, больш глыбока зірнуць на саміх сябе, адно на аднаго, і адкрыць новае вымярэнне сваёй любові. У гэты ж перыяд яны могуць паглыбіць, а пры неабходнасці аднавіць сваё духоўнае жыццё праз размовы з духоўным кіраўніком, споведзь, удзел у рэкалекцыях, прыняцце Найсвяцейшага Сакрамэнту і г.д.

Па-другое, трэба памятаць, што ў Каталіцкім Касцёле шлюб — гэта адзіны сакрамэнт, які сужэнцы ўдзяляюць самі сабе ў прысутнасці святара. Такім чынам, шлюб становіцца актам дзейснага супрацоўніцтва двух людзей з Божай ласкай, якую, атрымаўшы ад Бога, яны перадаюць адно аднаму як вынік свайго рашэння і жадання з’яднаць два сваіх жыцця ў адно.

І трэцяе, самае галоўнае, — гэта менавіта Божая ласка, якую атрымліваюць сужэнцы падчас сакрамэнту шлюбу. Гэтая ласка становіцца для іх абяцаннем Пана Бога быць заўсёды з імі і даваць ім дапамогу кожны раз, калі яны з верай будуць звяртацца па яе. Гэта магчымасць для чалавека будаваць свой дом на скале, чэрпаць сілы з бяздоннай крыніцы, клікаць на паратунак Бога, чыя моц бясконца пераўзыходзіць чалавечыя здольнасці. У гэтай сітуацыі чалавек больш не вымушаны спусташаць сябе, «цягнучы» на сваіх плячах увесь цяжар штодзённых клопатаў і праблемаў, — ён можа скарыстацца падтрымкай і дапамогай Таго, хто кліча ўсіх спрагненых, стомленых, пакутуючых і знясіленых, каб супакоіць іх.

У той жа час касцёльны шлюб становіцца для чалавека сапраўдным выклікам: гэта шлях, з якога нельга звярнуць, крок, які нельга адмяніць. Даючы чалавеку ўсю сваю падтрымку, Бог патрабуе ад яго поўнай меры сталасці, адказнасці, ці, больш агульна, — поўнай меры чалавечнасці. Любячы бязмежна, Ён чакае такога ж адказу — любові ад усяго сэрца. Будучы верным, Пан чакае вернасці Яму і Ягоным запаведзям. Робіць гэта не таму, што эгаістычна патрабуе нашай любові, але таму, што ведае, што менавіта такая любоў неабходна для самога чалавека, каб як мага глыбей увайсці ў таямніцу збаўлення і вечнага шчасця. У гэтым сэнсе касцёльны шлюб становіцца для людзей тым вузкім цярністым шляхам і вузкай брамай, якая вядзе да Божага Валадарства.

Наталля Станкевіч

tt

З пытаннямі або прапановамі тэм можна звяртацца да аўтара на паштовую скрыню n.stankevich@catholic.by. Адказ можа быць як у выглядзе матэрыяла, так і асабістага характару.

 
© 2003-2024 Catholic.by