«Хачу» і «трэба» — куды схіляцца вагі? | Друк |
Псіхалогія і вера. Cтаронка Наталлі Станкевіч
20.06.2013 17:43

Напэўна, кожны чалавек у сваім жыцці трапляў у такое становішча, дзе быў вымушаны рабіць выбар паміж сваімі прагненнямі, жаданнямі, марамі — і пачуццём доўгу, паміж «хачу» і «трэба». І, напэўна, выбар гэты ні для каго не быў простым. Больш за тое — няма ніякіх «рацэптаў» адносна таго, як гэты выбар рабіць. Можа скласціся ўражанне, што хрысціянам у такой сітуацыі прасцей: маўляў, абірай доўг — не памылішся! Сам Хрыстус сказаў браць крыж на рамёны! Але ўсё далёка не так проста. Калі працягваць цытаваць Евангелле, мы сустрэнем там словы Збаўцы «міласэрнасці хачу, а не ахвяры»...

У сённяшняй размове я хацела б звярнуць вашую ўвагу, шаноўныя чытачы, на тое, што гэты выбар ніколі не бывае адназначным. Можна сказаць, што чалавек, які абірае паміж «хачу» і «трэба», знаходзіцца, па сутнасці, на скрыжаванні двух сусветаў: унутранага — сусвету сваіх жаданняў, і знешняга — куды ўваходзяць, у тым ліку, сацыяльныя патрабаванні, уяўленні аб тым, што слушна, што справядліва і г.д. Выбраць кірунак на гэтых ростанях вельмі складана яшчэ і таму, што гэтыя два сусветы вельмі цесна пераплецены паміж сабой. Сапраўды: як чалавек засвойвае ўяўленні аб добрым і злым? Зразумела, праз навучанне бацькоў, настаўнікаў, катэхетаў; праз свае назіранні — напрыклад, дзіця заўважае, што за нейкі ўчынак яго хваляць, а за нейкі — караюць... Адным словам, знешняя, сацыяльная і культурная рэальнасць уплывае на сістэму каштоўнасцяў чалавека. І тады можна сказаць, што разуменне дабра і зла залежыць ад таго, дзе чалавек нарадзіўся, у якім асяроддзі ён жыве. Напрыклад, мець чатыры жонкі — гэта гонар для мусульманіна (значыць, ён дастаткова заможны, каб утрымліваць іх усіх) — і грэх чужаложства для хрысціяніна.

Аднак і наш унутраны свет уплывае на знешнюю рэальнасць. Мы трансфармуем яе, прыстасоўваем да таго, што падаецца нам слушным, што сугучна нашай душы. І тады, нават калі культура падтрымлівае і прапагандуе, напрыклад, секс да шлюбу — я не згаджуся на гэта, бо гэта супярэчыць маёй унутранай рэальнасці.

Такім чынам, і «хачу», і «трэба» — гэта часткі нашага Я, нашай душы. Выбар на карысць адной з гэтых частак так ці інакш прывядзе да неабходнасці адмовіцца (цалкам ці часткова) ад іншай, а гэта, у сваю чаргу, прычыніць нам боль. Калі пойдзем за жаданнямі — можам адчуць сябе эгаістам. Калі за доўгам — можам шкадаваць аб страчаных магчымасцях.

…Дзяўчына перад выбарам: выйсці замуж за мяжу, стварыць сям'ю — ці застацца з самотнай маці і, магчыма, не рэалізаваць мары аб сямейным шчасці... Дзеці павінны падтрымліваць бацькоў? — Так. Дзеці маюць права на самастойнае жыццё і шчасце? — Так.

…Іншая дзяўчына даведваецца, што сяброўка захварэла на рак. Павінна падтрымаць хворага чалавека? — Так. Мае права пайсці за сваімі страхамі, слабасцямі, пашкадаваць свае нервы і не ўваходзіць у сітуацыю, якая можа разбурыць яе псіхалагічна? — Таксама — так.

Мне падаецца, што адзіны крытэрый, які можа дапамагчы зрабіць такі выбар — гэта ўнутраны супакой, адчуванне, што зрабіў слушны выбар. Мая знаёмая, калі вырашыла ўсё ж сустрэцца з хворай сяброўкай, апісала гэта так: «калі не пайду — гэта будзе каштаваць яшчэ даражэй!». Тады і сама сітуацыя, і яе вырашэнне трапляюць ва ўнутранае поле адказнасці. Тады могуць быць адчуты і ўлічаны дзясяткі нюансаў і дэталяў, аб якіх немагчыма расказаць ні сябрам, ні псіхолагу, ні камусьці яшчэ, каб перакласці на яго наш выбар. Насамрэч, кожны з нас ведае, на карысць чаго пахіснуцца вагі ў кожнай канкрэтнай сітуацыі. Важна толькі навучыцца слухаць свой унутраны голас, шукаць супакою — і тады, сапраўды, прынятае ярмо будзе салодкім, а цяжар — лёгкім.

Наталля Станкевіч

tt

З пытаннямі або прапановамі тэм можна звяртацца да аўтара на паштовую скрыню n.stankevich@catholic.by. Адказ можа быць як у выглядзе матэрыяла, так і асабістага характару.

 
© 2003-2019 Catholic.by