Пётр Рудкоўскі: грамадскае вымярэнне праўды | Друк |
Публіцыстычная старонка Пятра Рудкоўскага
26.04.2011 12:05

Калі на хвалі Аксамітнай рэвалюцыі ў Чэхаславакіі Вацлаў Гавел быў вынесены на пасаду кіраўніка дзяржавы, праблемаў было непачаты край. Як жа трапна апісаў тую сітуацыю Джордж Вайгель: «Краіна вырабляла тавары, якіх за мяжой ніхто не хацеў купляць, у той час як у самой краіне не хапала самых асноўных тавараў. „Дзяржава рабочых“ эксплуатавала гэтых рабочых і марнатравіла скупыя рэзервы айчыннай энергіі. Сістэма адукацыі дысфункцыянальная. Сярэдні ўзровень жыцця самы нізкі ў Еўропе. Паветра, вада і зямля былі жахліва забруджаныя».

Вось у якім стане атрымаў у спадчыну краіну Вацлаў Гавел ад камуністычных папярэднікаў. Аднак у сваім першым звароце да народа ён замест таго, каб зводзіць рахункі з палітычнымі апанентамі (маўляў, вось да чаго яны давялі!), указаў на глыбінную праблему чэхаславацкага грамадства:

«Найгорш, аднак, тое, што мы жывем у атручаным маральным асяроддзі. Адчуваем сябе маральна хворымі, бо мы прывыклі гаварыць адно, а думаць другое. Мы навучыліся не верыць ні ў што, грэбаваць адно другім, клапаціцца толькі пра сябе саміх. (...)

Калі гавару пра атручаную маральную атмасферу (...), то гавару пра ўсіх нас. Мы ўсе прывыклі да таталітарнай сістэмы і прынялі яе як незваротны факт, прычыняючыся тым самым да яго замацавання. Інакш кажучы, мы ўсе — хоць, канечне ж, у рознай ступені — адказныя за дзеянне таталітарнай машыны; ніхто з нас не з’яўляецца адно толькі ахвярай — мы ўсе з’яўляемся таксама яе творцамі».

Не ведаю, як успрымалі гэтыя словы грамадзяне Чэхаславакіі. Здагадваюся, што не адзін мог падумаць альбо сказаць: як так? Замест таго, каб загрымець з асуджэннем свежа звергнутых дэспатаў, нашых крыўдзіцеляў, выкрыць усю іх сатанінскую сутнасць, ён заяўляе, што, маўляў, мы ўсе вінаватыя?

Каб лепш зразумець пасыл Прэзідэнта Чэхаславакіі, варта звярнуцца да яго эсэ Сіла бяссільных, напісанага яшчэ ў змрочныя 70-я гады. Там Гавел малюе вобраз дырэктара магазіна з агароднінай, які паміж цыбуляй і морквай павесіў плакат: Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся! «Навошта ён гэта зрабіў? Што хацеў сказаць іншым? Тое, што ён сапраўды быў энтузіястам яднання пралетарыяў з усіх краін?» — пытае чэшскі філосаф. У гэты лозунг той дырэктар магазіна не верыў, роўна ж як не верылі сотні тысяч яго суайчыннікаў. Але ён таксама, як і сотні тысяч іншых, вырашыў хавацца ў нару паказной лаяльнасці, вырашыў фальшыва прадстаўляць свае сапраўдныя перакананні. Вывешванне ідэалагічнага лозунгу было нічым іншым, як рабскім сігналам, пушчаным «вярхам», што «я, дырэктар магазіна з агароднінай, знаходжуся ў стане гатоўнасці і ведаю, што павінен рабіць; я паводжу сябе так, як таго ад мяне чакаюць; (...) я — паслухмяны, такім чынам, заслугоўваю таго, каб жыць у спакоі».

Маленькая ідэалагічная дэкарацыя — што ж тут, здавалася б, такога? Дробязь. Аднак такая «дробязь» цэментуе таталітарную дзяржаву. Каментар Джорджа Вайгеля: «Дастаткова памножыць сотні тысяч разоў на гэтую быццам бы нязначную саступку фікцыйнага дырэктара магазіна з апавядання Гавела, а таксама страх, які ён матэрыялізуе, каб зразумець штодзённую руціну аўтадэградацыі, якая перапаўняла жыццё ў камуністычнай дзяржаве: гэта было жыццё ў хлусні».

Ян Павел ІІ сваё пасланне на Сусветны дзень міру на 1980 год прысвяціў тэме праўды. Мабыць, невыпадкова такая тэма з’явілася якраз тады, калі пачаў вымалёўвацца канфлікт паміж камуністычнымі ўладамі Польшчы і грамадзянскай супольнасцю ў гэтай краіне, якая пачала кансалідавацца і заяўляць пра свае правы. У такіх сітуацыях рэжым, як правіла, запускае прапагандысцкую машыну па вырабу хлусні, якая пры дапамозе добра прадуманых сродкаў аўдыёвізуальнай маніпуляцыі падносіцца як «шчырая праўда». Зрэшты, сам Пантыфік быў аб’ектам няспыннай прапагандысцкай атакі з боку камуністычных рэжымаў таго часу, у тым ліку і рэжыму сваёй радзімы — ПНР.

«Насілле мае свае карані ў хлусні і не можа абысціся без хлусні, намагаючыся здабыць сабе прызнанне з боку сусветнай думкі пры дапамозе абгрунтаванняў, нязгодных з іхняй натурай або нават унутрана супярэчлівых», — пісаў Папа. І дадаў патэтычна: «А што ж можна сказаць аб практыцы, якая прымяняецца адносна тых, хто не падзяляе той самай пазіцыі: каб было лягчэй іх маргіналізаваць або прымусіць замаўчаць, яны надзяляюцца кляймом „ворага“, ім прыпісваюцца варожыя намеры, а пры дапамозе спрытнай і пастаяннай прапаганды кляймуюцца як агрэсары?» (Пасланне на Сусветны дзень міру 1980, пункт 1).

Пасля пранікнёнай «фенаменалогіі хлусні» Папа заклікае да сумлення кожнага чалавека добрай волі, а таксама нагадвае пра абавязак Касцёла служыць праўдзе. У трэцім пункце Паслання ён тлумачыць, што значыць «вярнуць праўду»:

«Вярнуць праўду — значыць перадусім назваць пайменна кожны акт гвалту, незалежна ад таго, у якой форме ён праяўляецца. (...) Трэба назваць пайменна катаванні і адпаведным чынам назваць усе формы прыцяснення і эксплуатацыі чалавека, калі чалавек эксплуатуецца і прыцясняецца дзяржавай або калі адзін народ прыцясняе другі».

Няхай гучыць у нашых сумленнях гэты пасыл — цэнтральны для каталіцкага сацыяльнага навучання пасыл: адкінуць фальш, скінуць маску, вярнуць праўду ў прыватнае і грамадскае жыццё.

Пётр Рудкоўскі

tt

Свае каментарыі, а таксама заўвагі і пытанні можна дасылаць на асабістую паштовую скрынку аўтара: Гэты e-mail абаронены ад спам-ботаў. Для яго прагляду ў Вашым браўзеры павінна быць уключана падтрымка Java-script
У наступных артыкулах гэтай рубрыкі аўтар, па магчымасці, будзе старацца адлюстраваць адказы на вашыя лісты.

 
© 2003-2024 Catholic.by