Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Хвароба хрысціянства» і «здароўе секулярызму»
Публіцыстычная старонка Пятра Рудкоўскага
30.09.2012 19:11

«Хвароба хрысціянства — яно не паспявае за развіццём грамадства»; «Неяк чуў, што раней людзі жылі пад 1000 гадоў. Але Бог зменшыў працягласць жыцця, бо моцна грашылі. Як сучасны чалавек можа паверыць у такое?»; «...людзі перасталі верыць у нейкія канкрэтныя біблейскія байкі»;«[Хрысціяне] больш не падпальваюць, гэта праўда. Але ж падпальвалі, дый як у гісторыі, га, спадар Пётра? Колькі бібліятэкаў, будынкаў, а галоўнае — людзей пагарэла ад хрысціянскай іскры нянавісці да разнастайнасці?»; «...хрысціянская цывілізацыя перажывае перыяд глыбокай старасці і няўхільна рухаецца да сваёй натуральнай смерці» — вось некаторыя рэплікі на мой допіс «Чаму хрысціяне не падпальваюць пасольствы» (абмеркаванне месціцца тут).

Шмат важных пытанняў наўпрост або ўскосна пастаўлена на тым форуме, прынамсі некаторыя, як мне падаецца, бяруцца не са злой волі, а з-за адсутнасці ведаў або ўбогасці інтэрпрэтацыйнага інструментару. Не маю магчымасці падрабязна адказаць на ўсе закіды і рэплікі. З агульнага зместу крытычных водгукаў няцяжка здагадацца, што многіх чытачоў зачапіла мая заключная тэза, што секулярызм — гэта глыбока ірацыянальная дактрына. Падазраю, што перадусім з-за гэтага пачалі з’яўляцца сярдзітыя заявы пра «хваробу хрысціянства» або гнеўныя напаміны пра «падпальванні ў гісторыі». Таму, мяркую, ёсць сэнс больш разгорнута прадставіць гэтую тэзу.

Тэза пра ірацыянальнасць секулярызму — гэта не проста рытарычны прыём. Лічу яе абгрунтаванай і схільны яе адстойваць. Перад тым, як прадстаўлю свае аргументы, думаю, будзе дарэчы сказаць тое-сёе ў асабістым ключы. Калі хтось трохі знаёмы з маёй ранейшай публіцыстыкай, то мог заўважыць, што я займаў прынцыпова дыялагічную пазіцыю ў дачыненні да секулярысцкай мадэлі грамадска-палітычнага жыцця. Пару год таму ў «Нашай веры» быў надрукаваны артыкул «Парадоксы секулярызацыйнага праекту», у якім я спрабаваў надаць секулярызму максімальна прыхільную трактоўку. Такім чынам, наўрад ці можна папікнуць мяне ў тым, што, маўляў, «без суду і следства», гэта значыць без належнага асэнсавання справы, раскідваюся такімі громкімі фразамі тыпу «ірацыянальнасць секулярызму».

Да канстатацыі ірацыянальнасці секулярызму прывяло мяне нішто іншае, як тое, што так моцна цэніцца ў сучаснай навуцы і найбольш шанаваных кірунках філасофіі, — эмпірыя. Значыць, назіранні, паддадзеныя крытычнаму асэнсаванню. І вось цяпер пераходжу да аргументаў. 


Назіранне першае: абмяжоўванне хрысціянства на фоне экспансіі забабоннай ментальнасці.  

Дынаміка росту папулярнасці астралогіі, магіі, яснабачання, экстрасэнсорыкі, далёкаўсходняга містыцызму ў еўрапейскіх — наскрозь секулярызаваных — грамадствах вельмі ўражвае. У Францыі колькасць варажбітоў ды магаў сягае некалькіх дзясяткаў тысяч, а колькасць так званых «нетрадыцыйных лекараў» канкурыруе з колькасцю навуковых лекараў. У Вялікабрытаніі, на радзіме славутага прапаведніка атэізму Рычарда Докінза, спадарыня Сэлі Морган стала тэлезоркай і здабыла вялікую папулярнасць акурат у якасці медыюм-акультысткі. Амаль ва ўсіх краінах Еўропы неймаверным попытам карыстаюцца кнігі, часопісы і тэлеканалы акультысцка-эзатэрычнага характару. Ледзь не кожная масавая  газета секулярнага характару публікуе на сваіх старонках гараскопы ці «парады астролага». Пытанне: дык што сталася з «рацыяналізмам» секулярнага свету?

І вось на фоне гэтай экспансіі забабонна-магічнага мыслення секулярныя рацыяналісты вядуць барацьбу менавіта з хрысціянскай культурай: патрабуюць выдалення крыжоў з публічнай сферы, пратэстуюць супраць катэхізацыі ў школах, а пазітыўную згадку пра хрысціянства ў канстытуцыйным тэксце лічаць ледзь не злачынствам супраць сучаснай цывілізацыі. Скуль такая дыспрапорцыя ў стаўленні да хрысціянскай і паганска-магічнай культуры? Напрошваецца падазрэнне, што секулярысты больш камфортна пачуваюцца ў забабонным асяроддзі, чым у асяроддзі хрысціянскім, якое пачаткова займае крытычную пазіцыю да рознага роду забабонаў.


Назіранне другое: бескрытычнае стаўленне да сатанізму.

Калі дыпламаты якога-небудзь дыктатара прыбываюць у Заходнюю Еўропу і пераконваюць, што іх краіна — дэмакратычная, свабодная, з гуманным кіраўніцтвам, то ліберальныя секулярысты добра ведаюць, што да такой рыторыкі трэба ставіцца вельмі крытычна. І гэта добра, што займаюць крытычную пазіцыю. А вось калі з’яўляецца перад імі сатаніст і пачынае красамоўна тлумачыць, што сатанізм — гэта гуманны па сваёй прыродзе культ жыцця, сілы, энергіі, а сам сатана — гэта не нейкі там злы дух, а сімвал творчага бунту, то тут крытыцызм секулярыстаў як быццам кудысь знікае, і яны пачынаюць згодна ківаць галовамі і ўсцешана ўсклікаць: ах, які прагрэсіўны рух! Падатлівасць секулярных «рацыяналістаў» на сатанісцкую індактрынацыю — гэта чарговы паказнік інтэлектульнай слабасці секулярызму.


Назіранне трэцяе: безабароннасць перад антымастацкімі і антынавуковымі плынямі.

«Эра эксперыментаў» у мастацтве, якая наступіла ў 20-я гады мінулага стагоддзя і  прывяла да скасавання розніцы паміж мастацтвам і не-мастацтвам, была бяздумна падтрымана секулярным светам. У выніку ўсталявалася паталагічная «мода на скандал»; паказнікам «мастацтва» стала публічная абраза патрыятычных, рэлігійных, сямейных пачуццяў або проста выступ супраць жыццялюбства ў любых яго праявах. Гэтая мода з’яўляецца фактычна бунтам супраць мастацтва і прымітывізацыяй культуры, але ў секулярным свеце існуе табу на такую пастаноўку справы.

Нешта падобнае можна назіраць і ў навуковай і філасофскай сферах. Постмадэрнізм — гэта выдатны прыклад таго, як выглядае «крытыка» навукі і рацыяналізму ў секулярным выданні. Хрысціянскія інтэлектуалы таксама нярэдка крытыкуюць рацыяналізм, але пры гэтым захоўваюць вялікую павагу да розуму і навукі, тады як секулярныя «мысляры» 80– 90-х гадоў ініцыявалі радыкальна разбуральную кампанію ў дачыненні да розуму і яго прадуктаў. Розум быў абвешчаны крыніцай таталітарызму, а логіка — забойцам свабоды і творчасці.

Тое, што вось гэтая — яскрава антымастацкая і антынавуковая — плынь здабыла моцны ўплыў ў секулярных акадэмічных асяроддзях, сведчыць аб безабароннасці секулярызму ў дачыненні да антыінтэлектуальных тэндэнцый.


Назіранне чацвёртае: капітуляцыя перад этычным нігілізмам.

«Як захаваць маладосць? — Перастань захоўваць вернасць сваёй жонцы!» — вось такі «рэцэпт» я напаткаў у адной рэспектабельнай газеце. Такія парады-рэцэпты ўжо амаль ні ў кога не выклікаюць здзіўлення. «Прагрэс» — гэтае магічнае слова здымае ўсе магчымыя сумненні і маральныя дылемы.

Прыгадваю самотнае пытанне-скаргу адной жанчыны на інтэрнэт-форуме: «Мой муж рэгулярна глядзіць парнаграфію, мне гэта не падабаецца, што рабіць?» Яе абсмяялі, маўляў, кожны мужчына так робіць, гэта нармальна, знайшла да чаго чапляцца. І калі вось так з паўтара дзясятка наведнікаў форума цынічна высмеялі занепакоенасць гэтай жанчыны, яна сама ўрэшце здалася: «Ну так, мабыць, я перагібаю ў гэтым плане. Не трэба мне чапляцца да мужа з-за гэтай парнаграфіі».

Казус гэтай жанчыны ў нейкім сэнсе сімвалізуе стан усяго секулярнага свету. Секулярны свет спарадзіў сітуацыю, у якой вельмі лёгка абсмяяць маральныя каштоўнасці і надзвычай цяжка публічна падтрымаць іх. Дзеецца так таму, што сам секулярызм капітуляваў перад дэструктыўнымі тэндэнцыямі, не маючы маральных і духоўных сілаў, каб ім проціпаставіцца.


Назіранне пятае: паступовая трансфармацыя секулярызму ў антыгуманізм.

У 70–80-я гады, адразу ж пасля «сексуальнай рэвалюцыі», па Еўропе і Паўночнай Амерыцы пранеслася хваля легалізацыі (і спроаў маральнага апраўдання) абортаў. Тэза аб тым, што чалавек ад самага зачацця ёсць чалавекам, была аб’яўлена «кансерватыўнай», «чыста светапогляднай», «ненавуковай», карацей тым, што «сучасны» і «прагрэсіўны» чалавек павінен адкінуць. Пры гэтым секулярныя рацыяналісты так і не змаглі прадставіць новы «крытэрый чалавечасці», гэта значыць назваць тую мяжу, за якой эмбрыён перастае быць эмбрыёнам і становіцца чалавечай асобай. Аргументацыя з боку праабартыўных ідэолагаў падмяняецца зазвычай клеймаваннем апанентаў як адсталых кансерватараў або агентаў «сярэднявечнай» рэлігіі. Аднак пытанне — цалкам лагічнае і зусім не канфесійнае — увесь час застаецца без адказу: калі скасоўваем крытэрый паўстання зіготы як распазнавальны момант пачатку чалавечага жыцця, то што будзе гэтым момантам? Пачатак біцця сэрца? Нараджэнне? Момант здабыцця самасвядомасці? А можа, момант дасягнення паўналецця?

Скасаванне натуральнага, відавочнага і лёгка распазнавальнага крытэрыю пачатку чалавечага жыцця (з’яўленне зіготы) пацягнула за сабой практыку арбітральнага і выпадковага ўсталёўвання крытэрыяў. Адны праабартыўныя ідэолагі дапускаюць аборт у першым трыместры, іншыя — у першыя чатыры месяцы, а яшчэ іншыя кажуць, што абартаваць можна спрэс да моманту нараджэння, калі ёсць для гэтага важныя падставы. Але і на гэтым не канец. Не так даўно аўтарытэтны часопіс «The Journal of Medical Ethics» апублікаваў артыкул двух секулярных спецыялістаў па біяэтыцы, у якім яны даводзяць, што нават нованароджанае дзіця не з’яўляецца чалавечай асобай, у сувязі з чым бацькі павінны мець права вырашаць, пакінуць гэтаму дзіцяці жыццё ці забіць яго. Аўтары гэтага артыкула — Мінэрва і Джубіліяні — у прынцыпе нічога новага тут не сцвердзілі, яны папросту зрабілі лагічную выснову з ідэалогіі і практыкі, якая ўжо даўно пануе ў секулярным свеце: калі можна забіць дзіця ва ўлонні маці, то чаму нельга забіць яго па-за ўлоннем?

Секулярны свет, як відаць, талерантна «праглынуў» крывавы і бесчалавечны мэсідж згаданых біяэтыкаў. Не чуваць было якіх-небудзь гучных пратэстаў ці нават палемікі. Страх быць заклеймаваным як «сярэднявечны цемрашал» эфектыўна паралізуе дыскусію на этычныя і духоўныя тэмы. Гэта тычыцца як прапановы Мінэрвы-Джубіліяні, так і многіх іншых рэчаў, як напрыклад забарона крытыкі гомасексуальных сувязяў, прапаганда сужэнскай здрады і распусты, экспансія дэструктыўнай музыкі і г д.

Секулярызм паволі трансфармуецца ў антыгуманізм. Яго ідэолагі, апантаныя змаганнем з хімерным «сярэднявечным цемрашальствам», самі не заўважаюць, як небяспечна блізка яны апынуліся да варварства, якое не спыняецца ні перад якой святасцю, ці то будзе распяцце Збаўцы, ці жыццё безабароннага дзіцяці, ці права жанчыны і мужчыны на верную сужэнскую любоў.

Пётр Рудкоўскі

tt

Свае каментарыі, а таксама заўвагі і пытанні можна дасылаць на асабістую паштовую скрынку аўтара: Гэты e-mail абаронены ад спам-ботаў. Для яго прагляду ў Вашым браўзеры павінна быць уключана падтрымка Java-script
У наступных артыкулах гэтай рубрыкі аўтар, па магчымасці, будзе старацца адлюстраваць адказы на вашыя лісты.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.