Ян Павел ІІ — вялікі і... шматлікі | Друк |
Публіцыстычная старонка Пятра Рудкоўскага
13.10.2008 19:10

«Помнікаў яму, сапраўды, бадай што, і зашмат, прычым усе вельмі нізкай мастацкай вартасці», «Мяне, католіка, гэта крыху турбуе...», «Не разумею сэнсу: ён жа не святы (прынамсі яшчэ), каб перад яго статуямі маліцца!» — вось такія каментарыі можна знайсці на беларускіх інтэрнэт-форумах адносна асвячэння чарговага помніка Яну Паўлу ІІ, якое запланавана на 16 кастрычніка. Які сэнс устанаўлення помнікаў, памятны дошак ды вывешвання выяваў Пантыфіка? Спрыяе гэта ці не спрыяе ўмацаванню веры і распаўсюджванню Евангелля?

Ян Павел ІІ з'яўляецца перадусім сімвалам. Сімвалам з даволі багатай семантыкай: ён з'яўляецца сімвалам духоўнай барацьбы са структурамі зла (савецка-бальшавіцкай імперыяй), сімвалам пераадольвання бар'ераў, сімвалам евангельскай свабоды, а таксама сімвалам святасці. Для славянаў, схільных да эмацыйнага перажывання рэчаіснасці, Папа-славянін — гэта, можна сказаць, своеасаблівы доказ духоўнай жывучасці славянскай стыхіі, а для палякаў, вельмі адчувальных да ўсяго, што датычыць іх нацыянальнага гонару, Папа-паляк — гэта амаль вяршыня нацыянальнага самасцвярджэння.

Было б дзіўным, калі б асоба з такой моцнай энергетыкай не спарадзіла тэндэнцыі да ўшаноўвання і ўвекавечвання амаль усіх слядоў, пакінутых на гэтай зямлі. Але ў гэтым ушаноўванні існуюць і моманты, якія выклікаюць занепакоенасць, а дакладней — спараджаюць пытанне: ці ў гэтай мультыплікацыі помнікаў і ўшанавальных мерапрыемстваў не губляецца свядомасць таго, што Папа — так, вялікі, дастойны і святы — не з'яўляецца канчатковым аб'ектам пакланення? Часам мне даводзілася слухаць пропаведзі, дзе амаль праз сказ узгадваліся веліч і заслугі Святога Айца, а пра Бога, пра Езуса Хрыста можна бало пачуць раз ці два, ды й то — у падпарадкавальных сказах. 

Трэба шмат разважлівасці, каб адчуць тую здаровую меру ва ўсталёўванні помнікаў, якая  патрэбна для таго, каб стварыць магчымасць кантакту з сімвалам, але не паддацца пры гэтым дыктату поп-культуры, для якой Ян Павел ІІ (званы папулярна «Джы-Пі-Ту», ад ініцыялаў JPII) з'яўяецца адным з герояў, ці, як кажуць палякі, «idołem» (так-так: ідалам!).

Мэтаю гэтага роздуму не ёсць ацэньванне, ці ў Беларусі ўжо «зашмат» помнікаў ці «замала», бо тут не зусім у колькасці справа. Справа тут ва ўсведамленні, што працэс ушаноўвання асобы Папы павінен суправаджацца мудрай рэфлексіяй, суправаджацца пытаннем: ці спрыяе гэта евангелізацыі і наколькі? Ці вобраз Яна Паўла ІІ не засланяе Езуса Хрыста? (Можа быць і такое!) Ці мы хочам, каб Ян Павел ІІ быў перадусім вялікім ці (проста) шматлікім?

Веліч Яна Паўла ІІ заключаецца ў быцці Сімвалам. А якую функцыю адыгрывае сімвал? Роля сімвала — указваць па-за сябе, «прыадчыняць» тую рэчаіснасць, якая нам не даступная непасрэдна. А калі сімвал становіцца занадта паўсюдны і кідкі, і ўвага сузіральніка канцэнтруецца выключна на сімвале, то сімвал губляе сваю функцыю. Таму, можа, і ёсць доля праўды ў прыведзеных крытычных выказваннях адносна множання помнікаў Яну Паўлу ІІ. 

Ян Павел ІІ — гэта Ян Хрысціцель, Хрыстовы прадвеснік, які кажа пра сябе так: «Яму трэба ўзрастаць, а мне станавіцца меншым» (пар. Ян 3, 30).

 

» Каментарыі (12)
1Каментарый
  13.10.2008 г. 16:43Аўтар: Ирина
Вялікі дзякуй за жывую размову. Што датычыцца помнікаў на Беларусі, цяжка штосьці адназначнае сказаць. Час пакажа. 
 
Пакуль што з асабістых назіранняў бачу, што, з аднаго боку, такая папулярнасць Яна Паўла ІІ для некаторых крытычна настроеных дае магчымасць пазнаць глыбей жыццё гэтага чалавека. З другога боку, ёсць небяспека, што імя Святога Айца можа ператварыца ў «хадзячую назву». 
 
Паважаны брат Пётр, шчыры дзякуй Вам, што падымаеце такія тэмы. Пішыце яшчэ.
2"Ян Павел ІІ"
  15.10.2008 г. 14:07Аўтар: Кастусь Шыталь
На маю думку, у сучаснай Беларусі на Яна Паўла ІІ і ягоныя словы патрэбна звяртаць увагу больш. Асабліва на тое, што ён казаў пра ролю хрысціянства ў сучаснай цывілізацыі. Чамусьці да свецкіх вернікаў, якія дагэтуль пасіўныя ў грамадскім жыцьці і жыцці Касцёла, гэта «не даходзіць». Асабіста я ўспрымаю Яна Паўла ІІ як вялікага аўтарытэта для сябе. Аднак мне, ды й, думаю, іншым беларусам, больш патрэбныя кнігі Яна Паўла ІІ, а не помнікі яму.
3Каментарый
  13.10.2008 г. 17:26Аўтар: Кастусь Шыталь
Дзякуй Вам, брат Пётра, за Вашыя артыкулы, за Ваш погляд на розныя пытаньні — бо якраз Вы часта прымушаеце паглядзець на тую ці іншую праблему з іншага боку. У час, калі ў беларускай медыйнай прасторы ўсё мацнейшы голас атэістаў, мы павінны быць Вам вельмі ўдзячнымі за Вашыя публікацыі. Асаблівая падзяка — за «Паўстанне Беларусі».
4Каментарый
  14.10.2008 г. 11:19Аўтар: Дыякан Пётр Рудкоўскі OP
Дзякуй, Ірына, Кастусь, за ўвагу і такія прыемныя каментарыі.  
Вам, Кастусь, належыць асаблівая пахвала за смеласць і хрысціянскі нон-канфармізм. Ад такіх, як Вы, вельмі многае залежыць. 
А помнікі Яну Паўлу ІІ маюць асаблівы сэнс. У сітуацыі, калі з кожнага кута пазіраюць статуі бязбожных бальшавікоў (якія ў шэрагу выпадках былі звычайнымі злачынцамі) і існуе табу на нацыянальных герояў, з'яўленне такой светлай фігуры, як Ян Павел ІІ — быццам глыток паветра.
5"Respect"
  15.10.2008 г. 11:34Аўтар: Sacristan
Цудоўна, што на catholic.by з'явілася магчымасць зваротнай сувязі. Віншую з такім цудоўным дасягненнем стваральнікаў сайту, якія выбралі такіх цікавых аўтараў, а таксама вялікі дзякуй шаноўным аўтарам блогаў! Поспехаў!
6"згодная"
  15.10.2008 г. 12:58Аўтар: Julija Margaryta
Усё трэба рабіць з думкаю, а не дзеля таго, каб зрабіць ці, так мовіць, адзначыцца. Ян Павел ІІ пры жыцці не любіў пакланення. Як каму, а мне балюча, што амаль кожная беларуская парафія лічыць справай уласнага гонару паставіць у сябе помнік яму. З вялікай павагай стаўлюся да асобы Яна Паўла ІІ, але хіба мала ў нас асобаў, прычым ужо беатыфікаваных ці кананізаваных, чыю памяць можна і варта было б ушанаваць?.. Андрэй Баболя, Язафат Кунцэвіч, росіцкія мучанікі, пакутніцы сёстры назарэтанкі...
7"Bez przesady."
  20.10.2008 г. 10:55Аўтар: Roman OP
Witaj Piotrze. Mam krótką myśl. Pomniki stawia się nie tylko osobom świętym. Można też znaleźć piękne tablice na ścianach kościołów. Dlaczego? Ponieważ wierni chcieli potomnym zostawić jakiś znak pamięci o kimś, kto poświęcił życie sprawie Bożej czy społecznej. Uważam, że stawianie pomników Janowi Pawłowi II to świetny pomysł, ponieważ nawet z czysto ludzkiego punktu widzenia dał bardzo wiele całemu światu. Przechodząc obok takich pomników dziękuję Bogu, że dzięki słowom Tego Człowieka bardzo wiele w moim życiu zrozumiałem. Uważam, że nawet jeśli nie zostanie świętym, jest godny pamięci bardziej, niż tysiące innych osób, którym pobudowano pomniki :-) o. Roman Schulz OP
8Каментарый
  05.11.2008 г. 11:46Аўтар: Света
Судя по комментариям, можно сделать вывод, что интерес к личности Иоанна Павла II действительно велик. Хотя это и не требовало доказательств. Ведь на современном историческом этапе это одна из самых харизматических личностей, если не сказать больше. Я никого не удивлю, если скажу, что этот человек для меня, как и для многих других людей, является примером настоящего христианина. На мой взгляд, не имеет большого значения, много или мало будет создано памятников в его честь. Память о нем будет жива и без них. А если кто-то желает таким образом выразить свою благодарность и уважение, то почему бы и нет? Ведь в этом нет ничего плохого. Просто не надо делать из сложившейся ситуации какого-то культа.
9Каментарый
  06.11.2008 г. 17:33Аўтар: Юра
Каму ж яшчэ ставіць помнікі, як не Святому Айцу? Ян Павел II зрабіў вялікі ўплыў на адраджэнне каталіцызму на Беларусі. Менавіта дзякуючы яму нашы суайчыннікі, асабліва моладзь, знайшлі Хрыста, гэтую вялікую Любоў і Радасць, што ўзвышае сэрцы і робіць чалавека сапраўды шчаслівым стварэннем. Гэтая хваля помнікаў ёсць праяўленнем удзячнасці і любові за атрыманыя магчымасці, і нічым большым. Не хвалюйцеся. Помнікаў не будзе зашмат. Гэта ж не Ленін. Іх паўстане столькі, колькі трэба, сколькі захоча Пан Бог. Няхай поўніцца наша гаротная зямля сімваламі святасці і дабра.
10Каментарый
  20.11.2008 г. 11:22Аўтар: Кацярына
Дазволю сабе таксама выказаць сваё меркаванне на гэты конт. 
Па-першаt — помнiкаo — не зашмат. Гэта памылка — лiчыць, быццам бы чалавек, якi жыве, напрыклад, у Вiцебску, зашмат бывае ў iншых гарадах. То простым людзям — не зашмат. 
Па-другое, пра небяспеку ператварэння постаці Яна Паула II у «поп-сiмвал». Мне падаецца вельмi важным, што помнiкi ўзводзяць менавiта яму, а не некаму iншаму. I задумаюцца людзi, якiя не ведаюць, што гэта быў за чалавек. I, можа, знойдуць iнфармацыю, якая закране iх не толькi сваёй iнфарматыўнасцю, але i закране нешта жывое ў душы. А мы ж вельмi рэдка ёю карыстаемся… 
I, па-трэцяе… Калi цiкавы чалавек, то першы крок — гэта ўся ўвага на гэтага чалавека. Другi крок — па накiрунку яго позiрка… Што на гэтым канкрэтным кiрунку — дзякуй Богу, вядома…
11Каментарый
  24.12.2008 г. 15:41Аўтар: rem
дорогой пётр поздравляяю вас и всю паству католическую беларуси с Ражством !!! молюссь за вас
12Каментарый
  24.12.2008 г. 15:48Аўтар: rem
храни боже католиков моей родной беларуси

 

tt

Свае каментарыі, а таксама заўвагі і пытанні можна дасылаць на асабістую паштовую скрынку аўтара: Гэты e-mail абаронены ад спам-ботаў. Для яго прагляду ў Вашым браўзеры павінна быць уключана падтрымка Java-script
У наступных артыкулах гэтай рубрыкі аўтар, па магчымасці, будзе старацца адлюстраваць адказы на вашыя лісты.

 
© 2003-2024 Catholic.by