Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Звычайна…
Вера і жыццё. Старонка кс. Уладзіміра Русака
30.01.2012 11:44

Скончыліся святы. Звычайны перыяд. Звычайныя дні. Звычайныя заняткі. Сустрэчы са звычайнымі людзьмі. І, як канфрантацыя,  надзвычай глыбокі, незвычайны сэнс, які часам можна ва ўсім гэтым адкрыць. Паездка на машыне, перадача па радыё, душпастырскі калядны візіт…

Можа, пачну з першага. Еду на душпастырскую сустрэчу святароў і сясцёр у Мінск. За рулём мой прыяцель святар. Паўза ў нашай размове. З магнітолы загучаў трэк нумар 9. Знаёмыя гукі неакатэхуменальных рытмаў. «Ведаеш, песня была напісана акурат на гэты год», — адгукаецца мой вадзіцель. Я, не моцны ў іспанскай мове, гляджу на яго з запытаннем. «Гэты спеў, — кажа, — перафразоўка 12 раздзела Апакаліпсісу, там, дзе гаворка пра знак Жанчыны і Цмока на небе. А зараз, кажуць, год Цмока па ўсходнім календары, — глядзіць на мяне з усмешкай, — цікава, хто ў нас пераможа?»

Хажу «па калядзе». Так у нас называюць душпастырскае наведванне сем’яў. Званок у дзверы. «Пахвалёны Езус Хрыстус!» У кватэры жывуць тры пакаленні. Усмешкі на вуснах і радасць у вачах найстарэйшых. Няёмкасць на твары сярэдняга пакалення. Адсутнасць наймалодшых. Мой погляд падае на фігурку Анубіса ў нішы на сценцы. «Бачу, вы любіце падарожнічаць, — кажу, — і, хіба, былі ў Егіпце». Адгукаецца сярэдняе пакаленне: «Не, гэта проста сувенір». «Ну, не сказаў бы я, што вельмі хрысціянскі», — прамаўляе мая душпастырская руплівасць. «Гэта ЗВЫЧАЙНЫ сувенір», — чую ў адказ.

Слухаю радыё. «Некалькі дзён таму пачаўся год Цмока», — прамаўляе з энтузіязмам радыёвядучы. «Так-так», — паўтараюць за ім прысутныя ў студыі і слухачы-аматары ўсходняй культуры. Робіцца трошкі крыўдна, што з «іншым» захапленнем кажуць пра нашу культуру, пра крыніцы хрысціянскай цывілізацыі.

Мы прызвычаіліся да сапраўды звычайнага. Са звычайным не цікава. Каб звычайнае надавала сэнс, запальвала святло ў жыцці, яго трэба паглыбляць, прыкладаць намаганні. Напэўна, лягчэй «запаліць» жыццё чым-небудзь іншым, незвычайным. І мы патрабуем гэтага, як новай дозы наркотыкаў. А каб не было страшна, кажам, што гэта «звычайна».

Звычайна на пачатку ліпеня шмат католікаў прыбывае ў Будслаў, каб наблізіцца да незвычайнай асобы Марыі. Сёлета наша сустрэча будзе адбывацца пад дэвізам «Марыя — Маці Божага Сына». Сёлета будзе асаблівая нагода, каб пазнаць Марыю і яе Сына. Пазнаць і выбраць, на чыім баку я хачу быць: на баку Усемагутнага Збаўцы, Праўды і Дабра ці на баку цмокаў, анубісаў і іншых «звычайных» незвычайнасцяў.

Ад гэтага залежыць, хто пераможа ў маім жыцці. Ад гэтага залежыць — я перамагу ці буду пераможаны.

Кс. Уладзімір Русак

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.