Адвэнт. Думкі з рэкалекцый | Друк |
Публіцыстычная старонка кс. Андрэя Рылкі
08.12.2009 16:00

Замест таго, каб ісці ад перамогі да перамогі, чалавек часта траціць шмат сілаў, каб падрыхтавацца да вялікага паражэння.

Нічога так не забівае чалавека, як самападман. Крыніца гэтага сапамадману крыецца ў страху перад чаканнем палохаючага ўдару жорсткай рэчаіснасці. Гэта страх перад Заўтра, якое здаецца ўжо не такім цудоўным, як некалі пра яго марылася.

Хацелася б ва ўсім вінаваціць Учора. Гэта ж у ім распачаліся праблемы, гэта яно пакінула ў спадчыну Сёння столькі незавершаных спраў, няправільнасцяў, столькі смецця. Аднак Учора ўжо няма. Яно ўжо не ў маёй уладзе. А Сёння дае мне ўладу толькі над пладамі Учора. А гэтыя плады пужаюць сваёй прысутнасцю, якая атручвае. Інстыктыўна хочацца закрыць вочы на ўсё гэта Учарашняе смецце. Аднак яно ўва мне. Калі нічога не зраблю Сёння, гэты ад будзе прыгнятаць мяне Заўтра. Прыйдзе новае Сёння з падвоенымі праблемамі з Учора і Пазаўчора. Наколькі жахлівым будзе гэта поўнае зла Заўтра! Свядомасць, напалоханая прадчуваннем Заўтрашняга кашмару, імкнецца распрацаваць нейкі план па падрыхтоўцы да паражэння, да катастрофы. Перад вачыма паўстаюць вобразы самых страшных боязяў. Свядомасць на мяжы адчаю. Але...

Ці ўсё так дрэнна? Учора ж былі перамогі, многае завяршылася паспяхова. Ад Учора перайшло ў Сёння шмат пладоў дабра, багатая спадчына вопыту перамогаў. Калі Учора не ў маёй уладзе, то ў маёй уладзе бясцэнны дар памяці пра тое, як неабходна перамагаць, дзякуючы чаму ўдалося выйсці са складаных сітуацый.

Ва ўладзе майго Сёння і тое, што будзе ў канцы дня перададзена ў Заўтра. Значыць, калі Сёння я знішчу зло, то ў Заўтра яно ўжо не пяройдзе, яго там не будзе. І калі Сёння я памножу дабро, то ў Заўтра пяройдзе памножанае дабро. Значыць, Заўтра можа быць сапраўды добрым. Ад таго, як я сябе павяду Сёння, залежыць, якім будзе Заўтра. У мяне ёсць шанс. З’яўляецца надзея. Гэта ўжо не наіўная мара пра тое, чаго хацелася б. Гэта рэальны шанс штосьці змяніць да лепшага. Неабходна толькі паспяшыць, бо Сёння няўмольна рухаецца да завяршэння. Заўтра блізка. Трэба паспець звольніць ад зла маё Заўтра, якое ўжо набліжаецца.

Закасаўшы рукавы, я паглядзеў на ўсё, што маю, — дабро і зло. Я ўбачыў усе перашкоды, усё, што атручвае маё жыццё. Я убачыў таксама ўсе свае мары і імкненні. Пажадаўшы дакрануцца да іх, я раптам убачыў, што яны нерэальныя. Іх няма, яны ўсяго толькі віртуальныя параджэнні страха і ўяўлення. У рэальным свеце не існуюць ні мары, ні страхі. У сапраўднасці ёсць канкрэтныя добрыя і дрэнныя справы, словы, думкі. Неабходна знайсці тое, што на самой справе я Сёння маю. Вось яна — мая рэчаіснасць: дабро перамогаў, баявых ран, але і горкі вопыт паражэнняў, цяжар пухлінаў, сцены перашкод. Мая сіла — гэта рэальная, сапраўдная і канкрэтная справа. Мой шчыт і меч — памяць і вопыт канкрэтных перамог над злом з Учора. Але Сёння няўмольна мінае. Трэба спяшыць працаваць мячом і абараняцца шчытом, каб як найхутчэй пазбавіцца ад рэальнага і ўяўнага зла, каб Заўтра сустрэць пераможцам.

Адкінуўшы ўсе свае нерэальныя страхі і мары, я перастаў рыхтавацца да паражэння жахлівага Заўтра. Я ўступіў у бітву з усім злом, якое атрымаў у спадчыну ад Учора. Але з чым змагацца? Ці сапраўды тыя або іншыя рэчы з’яўляюцца злом? Як правільна ацаніць? Бо, памыліўшыся, можна знішчыць дабро, прыняўшы яго за зло. Неабходны Памочнік і беспамылковы Суддзя. Я сам не заваюю перамогу. Сам у сваіх абмежаваных ацэнках і суджэннях яшчэ больш заблытаюся, зноў пабягу за ўяўным дабром, за нерэальнай марай, змарную бясцэнныя сілы на барацьбу са злом, якое сам сабе выдумаю. Досыць строіць з сябе Бога, які ўсё ведае. Неабходна прызнаць, хто я ў сапраўднасці. Я той, які не можа аб’ектыўна судзіць і ацэньваць. Я сам не магу перамагчы нябачнага ворага. Я сам не ўратую майго Сёння і Заўтра. Трэба дазволіць увайсці ў маё Сёння Таму, Хто прапануе рэальную дапамогу. Ён правераны на вопыце іншых. Ён — Пераможца.

Я паклікаў Пераможцу, і Ён адразу ўступіў у бой разам са мной. Ён забараніў мне нападаць. Сказаў, што гэта Яго справа. Маё заданне — не губляць з поля бачання свайго рэальнага дабра і з усіх сіл бараніць яго і памнажаць. Кожнае выкрытае зло аддаваць Яму на расправу. Толькі Ён можа нейтралізаваць ворага. Ён сказаў, каб я ніколі не забываў, што з усім сваім светам перажыванняў існую толькі ў Сёння. Ён абяцаў падарыць мне столькі разоў Сёння, колькі будзе неабходна для перамогі над злом у маім жыцці, пакуль я не вычарпаю ўсе шансы. Ён не пераставаў паўтараць, што я магу зрабіць штосьці рэальнае і канкрэтнае толькі Сёння. Ён заклікаў мяне не разважаць пра дзеянне, але дзейнічаць, ісці ад адной маленькай перамогі да другой, тым самым набліжаючы канкрэтнае Трыумфальнае Заўтра.

Кс. Андрэй Рылка

tt

Свае каментарыі, а таксама заўвагі і пытанні можна дасылаць на асабістую паштовую скрынку аўтара: Гэты e-mail абаронены ад спам-ботаў. Для яго прагляду ў Вашым браўзеры павінна быць уключана падтрымка Java-script
У наступных артыкулах гэтай рубрыкі аўтар, па магчымасці, будзе старацца адлюстраваць адказы на вашыя лісты.

 
© 2003-2024 Catholic.by