Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пост: з якой мэтай і якім чынам?
Публіцыстычная старонка кс. Андрэя Рылкі
11.03.2011 11:41

Перыяд Вялікага посту — гэта шанец для кожнага хрысціяніна падвергнуць евангельскай рэвізіі сваё жыццё. Інстынктыўнае жаданне дабра і не менш уласцівая чалавеку лянота спрыяюць таму, што многія гэтую рэвізію зводзяць да вылічэння балансу паміж дабром і злом. У выніку (суб’ектыўнага) рахунку многія могуць супакоіць сябе думкай, што іх жыццё «не такое ўжо і дрэннае», што «больш дабра, чым зла». Тым самым асоба можа апраўдаць сваё нежаданне змагацца з грахом, каб рэальна нешта змяніць на лепшае. У асновах такой «філасофіі жыцця» знаходзіцца вельмі простае правіла: добра — гэта калі дабра болей, чым зла. Такі маральны мінімалізм можа задавольваць язычніка, але не хрысціяніна.

Каб зразумець крыніцу непаразуменняў паміж «звычайнай» мараллю і хрысціянскай, дастаткова спытацца аб мэтах: навошта быць добрым?

Дастаткова мінімуму самакрытыкі, каб заўважыць, што ў асновах большасці нашых маральных матываў стаяць эгаістычныя мэты. Чалавек схільны да канцэнтрацыі толькі на сваім «я». Эгацэнтрычнай асобе мараль будзе патрэбная настолькі і ў такой форме, наколькі яна задавальняе яе ўяўленні аб шчасці. І ўсё гэта чалавек часта абапірае на прынцыпе «мінімум намагання дзеля максімуму эфекту». Такая логіка жыцця нараджае ілюзію развіцця, поўным ходам спрыяючы дэградацыі. Практычна гэта выражаецца ў самазаспакойваючых думках: «я раблю больш дабра, чым зла», «ёсць яшчэ горшыя за мяне».

Эгацэнтрычная мараль можа хавацца і пад покрывам хрысціянства. Добры Бог будзе патрэбны эгаісту настолькі, наколькі Ён прыдатны ў суб’ектыўнай візіі шчасця верніка. Калі Бог не адпавядае чалавечым эгаістычным запатрабаванням, то Ён адсоўваецца ўбок або адкідваецца, як непрыдатны. Практычна гэта выражаецца ў моцнай нестабільнасці адносінаў з Богам. Вернік то моцна прывязваецца да Бога, да малітвы, то зусім перастае маліцца і жыве так, як бы Бог перастаў існаваць. Крыніца праблемы не ў Богу, не ў веры, а ў тым, што ўсё круціцца вакол «хачу» маленькага «я» чалавека. І чым больш не атрымліваецца падпарадкаваць рэальны свет свайму віртуальнаму бачанню шчасця, тым больш дадзеная асоба будзе злавацца і асуджаць спачатку Бога, пасля — іншых людзей, а ў канцы — самую сябе.

Хрысціянства ж прапаноўвае іншы шлях: паставіць Бога на першае месца. Жыццё, падпарадкаванае гэтаму прынцыпу, поўнасцю мяняе свае прыярытэты і нормы паводзін (мараль). Бо калі чалавек перакананы, што толькі Бог ведае найлепей, то будзе пастаянна шукаць адказу на ўсе пытанні ў Яго. Практычна гэта будзе выражацца ў сур’ёзным стаўленні да малітвы, дзе чалавек больш пытае і слухае, чым прыходзіць да Бога з гатовымі ўльтыматумамі і інструкцыямі. Маральныя нормы ў такім выпадку вызначае не чалавек, але Закон Божы. І такі вернік матывуе свае паводзіны не страхам, не «дамоўленасцю» з Богам. Такая асоба перакананая, што Бог ведае, да чаго заклікае, бо ніхто мацней за Яго не любіць чалавека і не ведае, што яму канкрэтна трэба рабіць. А кожнае пацвярджэнне таго, што Бог меў рацыю, нягледзячы на сумненні верніка, становіцца для яго крыніцай умацавання ў рэлігійнай і маральнай матывацыі. Але для гэтага патрэбна пільная ўвага да свайго жыцця. Практычна гэта можа выражацца ў практыкаванні т.зв. рахунку сумлення, спаглядання на сваё жыццё «вачыма» Бога.

Перыяд Вялікага посту — гэта нагода для хрысціяніна, каб праверыць, наколькі ён абапірае сваё жыццё на сваім, а наколькі на Божым бачанні. Нават самыя ўзнёслыя посныя практыкі могуць быць змарнаваны спакусай абапірацца толькі на сябе, свае сілы: «я спраўлюся», «я дам рады». А хрысціянскі рэалізм гаворыць аб слабасці чалавечай натуры, якая НЕ ЗДОЛЬНАЯ без Божай дапамогі перамагчы грэх і зло. Хрысціянскія велікапосныя практыкі не могуць матывавацца эгаістычнымі патрэбамі дасканалення дзеля дасканалення паводле суб’ектыўнага бачання чалавека. Божая перспектыва адкрывае змаганне са злом як з перашкодай на шляху да паўнаты жыцця са Стварыцелем і Збавіцелем. Бо толькі адкрываючы сапраўднага Бога і Яго намеры адносна свету, чалавек знаходзіць сябе сапраўднага, адкрывае сэнс (мэту) жыцця. А пост без зразумення мэты становіцца бессэнсоўнай зменай спосабаў паводзін дзеля самых зменаў. Гэта нічога не дае і абуджае расчараванне ў рэлігійных практыках і хрысціянскай маралі.

Таму перад тым, як вызначаць сабе метады посту, варта спачатку шчыра спытацца аб мэтах. Калі мэты не скіраваныя на развіццё адносінаў з Богам і адкрывання Яго і ў Ім сябе, то гэта не хрысціянскі пост і не хрысціянская мараль. Варта на самым пачатку Вялікага посту кожнаму верніку спытацца, колькі ў яго посных практыках пошуку Божай перспектывы жыцця, а колькі — абмежаванага чалавечага ўяўлення. Асабісты адказ на гэтае пытанне можа стаць шанцам, каб урэшце пост стаў шляхам да рэальных пазітыўных зменаў у нашым жыцці.

кс. Андрэй Рылка

tt

Свае каментарыі, а таксама заўвагі і пытанні можна дасылаць на асабістую паштовую скрынку аўтара: Гэты e-mail абаронены ад спам-ботаў. Для яго прагляду ў Вашым браўзеры павінна быць уключана падтрымка Java-script
У наступных артыкулах гэтай рубрыкі аўтар, па магчымасці, будзе старацца адлюстраваць адказы на вашыя лісты.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.