Св. Томас Мор — гераічны прыклад хрысціянскага палітыка | Друк |
Публіцыстычная старонка кс. Андрэя Рылкі
20.06.2011 12:39

«Калі я атрымліваў пасаду дзяржаўнага канцлера, ты, кароль, прасіў, каб я спачатку слухаў Бога, а пасля — цябе. Сёння я гіну за тое, што спачатку паслухаў Бога, а пасля – цябе…»

Гэтыя перадсмяротныя словы святога Томаса Мора, скіраваныя да асуджаючага яго на смерць караля-адступніка Генрыха VІII, скалынулі ўвесь цывілізаваны свет XVI ст. Словы св. Томаса сталі рэхам, якое адбіваецца паўсюль, дзе прыватныя палітычныя мэты некаторых уладароў ставяцца вышэй за маральныя, гуманістычныя і рэлігійныя каштоўнасці.

У пэўным сэнсе забойства св. Томаса Мора ў  1535 г. стала сімвалічным і пераломным момантам у гісторыі і палітыцы хрысціянскай Еўропы. Кароль паставіў сваю волю вышэй за Божую. Адгэтуль не Божы Закон, але зямны ўладар стаў вызначаць, што ёсць дабро і зло. Сумленныя і цвяроза мыслячыя людзі былі аб’яўлены ворагамі і злачынцамі. Добрым грамадзянінам быў аб’яўлены той, хто слепа падпарадкоўваеца любой волі зямнога ўладара. Тым, хто пайшоў на здзелку са сваім сумленнем, кароль дараваў жыццё. Але гэта было ўжо зусім іншае жыццё. Распачалася гісторыя грамадства зламаных сумленняў, патаптанай веры і маралі, шантажу ўсім святым, нават Богам, дзеля выжывання бяспраўных грамадзянаў і захавання бязмежнай улады караля.

Парадаксальна супала, што сучаснікам св. Томаса Мора быў Нікола Макіявэлі. Некаторыя ідэі апошняга ляглі ў аснову палітычнай дактрыны, названай пазней «макіявэлізмам». Паводле гэтага вучэння, кожнае дзеянне ўладаў апраўданае, незалежна ад таго, якімі сродкамі дасягаецца мэта. Паводле гэтай дактрыны, рашэнне ўладара заўсёды добрае і правільнае, бо ён ведае найлепей. Палітычны кіраўнік пастаўлены тут па-над мараллю і Богам. Дзеянні караля Генрыха VІII становяцца прыкладам менавіта такой паставы. Але ён не толькі ўзнёс сябе вышэй за прынцыпы веры і маралі. Кароль паставіў хрысціянаў перад складаным выбарам: пайсці за прыкладам св. Томаса Мора ці прызнаць волю караля вышэй за Божую?

Здаецца, па сённяшні дзень хрысціяне, асабліва хрысціянскія палітыкі, стаяць перад выклікам дзвюх супрацьлеглых палітычных дактрын.

Адна з іх знаходзіць свой выраз у розных постацях макіявэлізму, прагматызму, т.зв. «рэальнай палітыкі». Усе яны нясуць небяспеку адарвання палітыкі ад маралі, гуманнасці і Божых запаведзяў. Бязбожная палітыка, якая ўсё апраўдвае і ламае ўсе магчымыя прынцыпы дзеля заспакаення вузкіх інтарэсаў уладара ці яго паплечнікаў, прыводзіць да маральнай (а пасля і фізічнай) дэградацыі цэлага грамадства. Звычайныя грамадзяне становяцца перад няпростай маральнай дылемай: жыць дрэнна, у бязбожным і амаральным рабстве, або плаціць за захаванне сваёй годнасці потам і крывёю?

З іншага боку, св. Томас Мор з’яўляецца гераічным прыкладам хрысціянскага палітыка, які на першае месца ставіць дабро чалавека і грамадства, заснаванае на прынцыпах Божага Закону і вынікаючай з яго маралі. Гэты святы становіцца для кожнага хрысціяніна прыкладам таго, як важна ў жыцці быць верным найвышэйшаму Дабру і Праўдзе. Бо ніякія зямныя забеспячэнні і сілы не могуць пазбавіць чалавека яго годнасці, калі ён сам гэтага не дазволіць. Няхай добры прыклад св. Томаса будзе для нас натхненнем для вернасці прынцыпам хрысціянскай веры і маралі ў кожнай грамадскай справе.

Кс. Андрэй Рылка

tt

Свае каментарыі, а таксама заўвагі і пытанні можна дасылаць на асабістую паштовую скрынку аўтара: Гэты e-mail абаронены ад спам-ботаў. Для яго прагляду ў Вашым браўзеры павінна быць уключана падтрымка Java-script
У наступных артыкулах гэтай рубрыкі аўтар, па магчымасці, будзе старацца адлюстраваць адказы на вашыя лісты.

 
© 2003-2020 Catholic.by