Ахвяра ці пагібель ксяндза Івіцкага? | Друк |
Публіцыстычная старонка кс. Андрэя Рылкі
22.01.2013 08:54

У Бога няма выпадковасцяў. Мабыць, не выпадкова абвешчаны Папам Год веры супадае ў Касцёле на Палессі з гадавінай вялікіх мучанікаў за веру. 22 студзеня — 70-я гадавіна неверагоднай па людскіх мерках мучаніцкай смерці кс. Вітальда Івіцкага, Генеральнага вікарыя Пінскай дыяцэзіі. 16 мая — 75-я гадавіна кананізацыі вялікага мучаніка — св. Андрэя Баболі, апостала Палесся.

Яшчэ да нядаўняга часу выраз «Касцёл мучанікаў» гісторыкі адносілі да хрысціянаў першых стагоддзяў. Бо найбольшая колькасць асобаў, якія аддалі сваё жыццё за веру ў Хрыста, жыла менавіта тады — у першыя стагоддзі хрысціянства. Аднак у канцы другога тысячагоддзя Касцёл зноў стаў Касцёлам мучанікаў. Падчас жудасных сусветных войнаў, крывавых рэвалюцый, камуністычных і нацысцкіх рэжымаў за вызнанне Хрыста загінулі мільёны хрысціянаў. Паняцце «мучанік за веру» перастала асацыявацца са старажытнасцю. Яно стала рэальнасцю, горкім знакам нашай сучаснасці.

Яшчэ жывуць людзі, якія сустрэліся ў сваім жыцці з кс. Вітальдам Івіцкім. Некаторыя з іх нават не здагадваліся, што вось гэты святар, які іх хрысціў, падаваў св. Камунію ці спавядаў, стане ў адным шэрагу са святымі мучанікамі — Максімільянам Кольбэ, Андрэем Баболем ці сёстрамі з Навагрудка.

Знешне — звычайны святар, які разам са сваімі паплечнікамі ў Хрыстовым святарстве аддана служыў Богу і людзям, несучы ім дапамогу і суцяшэнне ў няпростыя часы ваенных ліхалеццяў і міжваенных адбудоваў. Напэўна, няпроста было служыць каталіцкім святаром у грамадстве, дзе кожныя некалькі гадоў змяняліся палітычныя рэжымы, грамадскія настроі, смяротнымі хвалямі праходзілі сусветныя і лакальныя войны. У крывавым моры пастаяннай зменлівасці непахісна стаяў толькі адзін маяк Хрыстовай веры — святы Касцёл. І святарскім заданнем кс. Івіцкага было дапамагчы вернікам не згубіць святла гэтага маяка — адзінай стабільнай надзеі сярод бурлівых хваляў гісторыі.

Раніца 22 студзеня 1943 г. аб’явілася ўся глыбіня духоўнай моцы кс. Вітальда Івіцкага, калі гітлераўцы павялі яго на расстрэл разам з 38 заложнікамі з Пінска і ваколіц. Можна толькі гадаць — гэта выпадак ці Божы Провід, што пад канвоем нацыстаў святар ішоў мучаніцкім шляхам Андрэя Баболі: з Пінска ў Янаў Палескі? У мястэчку вялікага мучаніка і апостала Палесся кс. Вітальду было наканавана зрабіць лёсавызначальны выбар. У момант, калі святар ужо быў гатовы загінуць, раптам аказалася, што з падрасстрэльнай групы вызваляюць аднаго заложніка. Афіцэр указаў на кс. Івіцкага. Нечаканы дар выратавання ці спакуса? Ратаваць сябе ці бліжняга? Секунды вырашалі, што пераможа: натуральны інстынкт самазахавання ці звышнатуральная ахвярнасць дзеля незнаёмага бліжняга? Здаецца, сам Бог дазволіў выбраць. Ксёндз Івіцкі выбраў ахвяру мучаніцтва, каб уратаваць жыццё незнаёмай сям’і пінскага чыгуначніка.

«Кроў мучанікаў — гэта засеў хрысціянаў», — пісаў старажытны хрысціянскі мысліцель Тэртуліян. Мучаніцкая кроў кс. Вітальда Івіцкага выратавала не толькі сям’ю з Пінска. Яна так урадліва акрапіла каталіцкую зямлю Беларусі, што ніякія пазнейшыя шаленствы бязбожнікаў не змаглі знішчыць засеенае зерне веры. У адпаведны час яно пачало даваць багаты плён, засеяны ахвярай вялікага святара.

Кс. Андрэй Рылка

tt

Свае каментарыі, а таксама заўвагі і пытанні можна дасылаць на асабістую паштовую скрынку аўтара: Гэты e-mail абаронены ад спам-ботаў. Для яго прагляду ў Вашым браўзеры павінна быць уключана падтрымка Java-script
У наступных артыкулах гэтай рубрыкі аўтар, па магчымасці, будзе старацца адлюстраваць адказы на вашыя лісты.

 
© 2003-2020 Catholic.by