«Я не шукаю таго, што ваша, але вас саміх» | Друк |
Публіцыстычная старонка кс. Андрэя Рылкі
16.10.2008 04:35

«Чалавек — гэта першы шлях, якім павінен ісці Касцёл у выкананні сваёй місіі, гэта шлях, пракладзены самім Хрыстом, шлях, які нязменна вядзе праз Таямніцу Уцелаўлення і Адкуплення». Гэтыя словы з першай энцыклікі Яна Паўла ІІ «Redemptor hominis» (14) не губляюць сваёй актуальнасці сёння, калі Сусветны Касцёл адзначае 30-ю гадавіну ўзыходжання на Апостальскі Пасад Папы-славяніна.

Гэтыя, адны з першых, словы Вялікага Папы былі пацверджаны 25 гадоў пазней ужо апошнімі яго словамі, якіх, як ніколі ўважліва імкнуўся слухаць кожны чалавек добрай волі: «Я шукаў вас. Цяпер вы прыйшлі да мяне».

16 кастрычніка 1978 г., як гэта заўсёды бывае ў Божай справе, неспадзявана і незаўважна свет, знямоглы ад халоднай вайны і гонак узбраенняў, пачуў дзіўную навіну: кардынал з сацыялістычнага блоку стаў Папам! «Не бойцеся!» — рэхам прагучала пасланне славянскага Пантыфіка, важнае як для Усходу, так і для Захаду. Ён пачаў шукаць не дабра для чалавека, як прапаноўваў капіталізм ці камунізм, але самога чалавека. «Не важна, што ты маеш, але важна тое, хто ты!» — паўтараў Ян Павел ІІ, перафразоўваючы словы Апостала Паўла: «Я не шукаю таго, што ваша, але вас саміх» (пар. 2 Кар 12, 14).

Ён не пераставаў здзіўляць свет, шукаючы задуманага Богам чалавека ў кожным чалавеку. Многія не разумелі, чаму Ян Павел ІІ пераступае парог сінагогі, мячэці, кірхі. У Апостальскую Сталіцу пацягнуліся тыя, хто, здавалася, быў заклятым ворагам Касцёла: савецкія міністры, першы сакратар ЦК КПСС, англійская каралева, равіны, імамы і іншыя. Пачаўся дыялог, які разбураў часта шматвяковыя муры варожасці. Цемра адступала перад Божым святлом. Ян Павел ІІ стаў сімвалам Касцёла, які на бездарожжы сучаснага свету не перастае абвяшчаць годнасць чалавека, Божага дзіцяці.

У Кнізе Быцця чытаем, як Бог шукае Адама і Еву, якія, скаштаваўшы забаронены плод, спужаліся і схаваліся ў гушчы саду. Прычына загубленасці і ўцёкаў заўсёды ў страху — выніку першароднага граху. Страх сучаснага чалавека — гэта не толькі боязь жорсткага свету, але гэта страх перад здэфармаваным вобразам Бога, боязь бездапаможнасці перад злом. Таму Ян Павел ІІ не пераставаў паўтараць, што любоў мацнейшая за грэх. У адным са сваіх пасланняў ён пісаў: «Не бойцеся глядзець у вечнасць. Там чакае вас Айцец, Бог, які ёсць Любоў. Дзеля гэтай Любові варта жыць. Адважцеся жыць для Любові!»

Святы Айцец адкінуў стратэгію маралізатарства, сухога асуджэння граху, але заняў пазіцыю жывога сведкі Божай Любові. Менавіта ў гэтым ключы Божай Міласэрнасці Папа не пераставаў звяртаць увагу на тое, што найбольшая пагроза для чалавека — гэта не яго грэшная натура, але самаасуджэнне, страта надзеі, прыводзячая да адкідвання Хрыстовай Ахвяры — адзінай крыніцы Прабачэння і Адкуплення.

30 гадоў таму Божы Провід даў нам не столькі настаўніка, колькі Сведку веры. Ці разумеем мы сведчанне таго, каму дадзена было ўвесці Касцёл у трэцяе тысячагоддзе?

Кс. Андрэй Рылка

» Каментарыі (2)
1Каментарый
  18.10.2008 г. 12:19Аўтар: Жанна
Дзякуй. Вялікі дзякуй!
2Каментарый
  24.10.2008 г. 13:16Аўтар: Юрый
Спадзяюся i малюся аб хутчэйшай беатыфiкацыi i кананiзацыi Вялiкага Папы

 

tt

Свае каментарыі, а таксама заўвагі і пытанні можна дасылаць на асабістую паштовую скрынку аўтара: Гэты e-mail абаронены ад спам-ботаў. Для яго прагляду ў Вашым браўзеры павінна быць уключана падтрымка Java-script
У наступных артыкулах гэтай рубрыкі аўтар, па магчымасці, будзе старацца адлюстраваць адказы на вашыя лісты.

 
© 2003-2024 Catholic.by