Пакаяцца — але як? (працяг) | Друк |
Публіцыстычная старонка кс. Андрэя Рылкі
12.03.2009 22:00
У папярэдніх разважаннях пра сутнасць сапраўднага хрысціянскага пакаяння мы акрэслілі пяціэтапнасць працэсу навяртання. Кожны хрысціянін, які хацеў бы парваць з паміраннем у граху і распачаць новае жыццё з Богам, павінен зрабіць рахунак сумлення (першая ўмова пакаяння), усведамляючы наяўнасць канкрэтных грахоў у сваім жыцці.

Чарговым натуральным крокам становіцца асуджэнне кожнага дапушчанага граху — як атруты, якая нішчыла жыццёвы шлях асобы (жаль за грахі як другая ўмова пакаяння). Усвядоміўшы знішчальную моц граху, неабходна з глыбокім даверам звярнуцца да Бога — крыніцы ўсемагутнай Любові, — які ў таямніцы пакутаў Хрыста праявіў моц прабачэння.

З верай у такога Бога вернік вырашаецца на цвёрдае пастанаўленне імкнуцца больш не грашыць, бо ён перакананы ў дапамозе ласкі Пана. Гэты трэці этап пакаяння дазваляе зрабіць наступны і найбольш важны крок — прыступіць да сакрамэнту паяднання (споведзі).

Чацвёртая ўмова пакаяння — шчырая споведзь.

Вырашыцца на нейкія знешнія праявы пакаяння для многіх католікаў — гэта таксама нялёгкі этап навяртання. Зусім няпроста ўслых прамовіць тое, што ведаеш толькі ты і ведае Бог. Злы дух, пераможаны ўжо ў трох папярэдніх баях, спрабуе ўдарыць у далікатнасць псіхікі асобы. У грэшніка раптам прачынаецца сарамлівасць, якая была нібы «замарожана» на працягу доўгага часу, падчас чынення столькіх грахоў!

«З таго боку канфесіянала сядзіць чалавек такі ж грэшны, як ты. Што гэты ксёндз пра цябе падумае? Ён будзе скоса на цябе глядзець. Хто ён такі, каб яму расказваць свае грахі?.. Калі некалькі грахоў не назавеш, то нічога страшнага — Бог усё роўна прабачыць. Маўчы. Скажы толькі некалькі агульных выразаў і хопіць. Навошта гаварыць канкрэтна пра гэты грэх?» — такімі і падобнымі спакусамі сатана пачынае атакаваць беднага грэшніка.

Што рабіць? А трэба рабіць усё наадварот таму, што кажа злы дух! Зло найбольш баіцца адкрытасці. Калі баішся, скажы: «Баюся». Не ведаеш, што і як гаварыць, — скажы пра гэта спаведніку. Цяжка — гавары пра гэта. Важна радавацца таму, што яшчэ крыху і тваё жыццё будзе выратавана магутнасцю Божай ласкі. Трэба толькі сканцэнтравацца, сабраць усё тое, што перадумалася, усвядомілася і назваць услых па імені кожны грэх. Чаму гэта так важна?

Першая прычына неабходнасці споведзі — гэта патрэба пранікнення пакаяння ва ўсе вымярэнні чалавечай асобы. Чалавек — гэта не думка, не толькі дух, але і цела. Таму шчырае пакаянне ў думках, у душы, не можа не праявіцца ў дзеянні цела. Увесь унутраны працэс пакаяння на чацвертым этапе павінен знайсці свой знешні выраз. Грэшнік ідзе ў касцёл, дзе чакае ад Бога рэанімацыі душы, прабачэння і паяднання, каб з Ім распачаць новае жыццё.

Шлях ад усведамлення граху, жалю за яго, рашэння выправіцца і да канфесіянала — гэта шлях блуднага сына да любячага Айца. Страшна, непрыемна, але прабачэнне Айца і новае жыццё з Ім нашмат больш важнае за сорам, прыніжэнне, тупую ганарыстасць. Рашэнне ўкленчыць перад Богам на споведзі — гэта пацвярджэнне канкрэтным дзеяннем таго раскаяння, якое перад гэтым знаходзілася толькі на ўзроўні ўнутраных намераў і перажыванняў.  

Чарговая важная прычына неабходнасці споведзі перад святаром — гэта забеспячэнне аб’ектыўнасці (сапраўднасці) пакаяння. Справа ў тым, што ў самаацэнцы навяртання можна памыліцца. Лёгка сказаць сабе: «Бог мне прабачыў», але ці гэта будзе праўдай? Ці правільна я акрэсліў наяўнасць грахоў і ці ўсведамляю іх знішчальную моц? Таму неабходна перад святаром як аб’ектыўным экспертам у справах веры і маралі вызнаць кожны свой канкрэтны грэх, які пакутнік памятае. Нават калі існуюць сумненні адносна нейкіх словаў, думак, учынкаў, варта падзяліцца гэтымі сумненнямі са спаведнікам.

Святар дапаможа пераадолець сумненні адносна заблытанасці ў ацэнцы дабра і зла. Назваўшы канкрэтныя грахі, неабходна засведчыць перад святаром, што я сапраўды каюся ў сваіх грахах і пастанаўляю імкнуцца з Божай дапамогай іх недапусціць. Спаведнік жа са свайго боку разумее, што грахі адпускае не ён сваёй моцай, але гэта Пан Бог праз яго сакрамэнтальнае служэнне адорвае душу ласкай прабачэння і новага жыцця. Святар — гэта бачны знак, дарыцель Божай ласкі і саўдзельнік рэанімацыі былога грэшніка.

Перад Панам Богам спаведнік нясе адказнасць за распараджэнне дадзенай яму ўладай. Таму кожны святар імкнецца ўпэўніцца, ці выканаў дадзены чалавек неабходныя ўмовы пакаяння. І толькі пасля гэтага святар мае права даць настаўленне, удзяліць адпушчэнне грахоў і нагадаць пра неабходнасць выканання апошняй, пятай, умовы пакаяння — праз учынкі або малітву выправіць наступствы здзейсненага зла.
Працяг будзе.
Кс. Андрэй Рылка

tt

Свае каментарыі, а таксама заўвагі і пытанні можна дасылаць на асабістую паштовую скрынку аўтара: Гэты e-mail абаронены ад спам-ботаў. Для яго прагляду ў Вашым браўзеры павінна быць уключана падтрымка Java-script
У наступных артыкулах гэтай рубрыкі аўтар, па магчымасці, будзе старацца адлюстраваць адказы на вашыя лісты.

 
© 2003-2020 Catholic.by