Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Што такое Божая воля? Як пазнаць яе ў сваiм жыццi?
Духоўнае жыццё. Старонка а. Віталія Сапегі OP
20.03.2012 13:15

«Не кожны, хто кажа Мне: „Пане, Пане“, увойдзе ў Нябеснае Валадарства, але той, хто выконвае волю Айца Майго, які ў нябёсах», — вучыць нас Езус Хрыстус (Мц 7, 21).

Усё жыццё Сына Чалавечага, усё Яго служэнне на зямлi былi пазначаны выкананнем волi Бога Айца: «Ежа Мая ў тым, каб выконваць волю таго, хто паслаў Мяне, i завяршыць Яго справу» (Ян 4, 34). I Езус выканаў сваю мiсiю да канца, прыняўшы, у сваю чаргу, на сябе найгоршыя пакуты i здзекi.

Мы амаль усе добра ведаем, што трэба выконваць Божую волю. Але нямногія з нас ведаюць, што невыкананне Божай волi ёсць грахом, таксама як грахом ёсць тое, калi мы занядбоўваем дабро, якое б маглi зрабiць. Калi не крочым за Богам, тады ставiм на першым месцы сваю волю i, проста кажучы, свавольнiчаем. А сваволле з’яўляецца ў некаторым сэнсе бунтам супраць Бога, непаслухмянасцю Яму. Святы Павел у пасланнi да Карынцянаў кажа нам, што ў дзень суду нашае зямное жыццё пройдзе Божую iнвентарызацыю: «праца кожнага выявiцца; дзень бо Панскі пакажа, бо ў агнi выявiцца, i справа кожнага, якая ёсць, будзе выпрабавана агнём. Той, чыя справа выстаiць, атрымае ўзнагароду, а калi чыя праца згарыць, будзе мець шкоду; сам, аднак, будзе збаўлены, але так, як быццам праз агонь» (1 Кар 3, 13–15).

Пра выкананне Божай волi нагадвае нам таксама малiтва «Ойча наш», у якой просiм Айца нябеснага аб тым, каб ажыццявiлася Яго воля, як у небе, так i на зямлi. Просiм у гэтай малiтве, мiж iншым, каб Яго воля здзейснiлася i ў нашым жыццi. Таму чымсьцi пажаданым ёсць, каб мы шукалi i пазнавалi волю Айца. Аб гэтым зноў пiша св. Павел у пасланнi да Рымлянаў, заахвочваючы нас да таго, «каб пазналi, якая воля Божая — добрая, прыемная і дасканалая» (Рым 12, 2). Аднак добра, калi мы стараемся не толькi адкрыць для сябе волю Бога, але прыкладваем намаганнi, каб рэалiзаваць яе ў нашым  штодзённым жыццi. Часам, аднак, могуць з’явiцца цяжкасцi ў распазнаннi Божых планаў адносна нас. І, можа, нават не адзiн раз дзесьцi ў глыбiнях сэрца ў нас з’яўлялася пытанне аб тым, як жа ўсё-ткi пазнаць волю Бога. I што менавiта павiнна даваць нам пэўнасць у тым, што мы, нягледзячы нi на што, выконваем Яго волю, а не сваю, iдучы часта на повадзе сваiх жаданняў i капрызаў? Якiя крытэрыі могуць быць прыняты для распазнання Божай волi? Тым больш, кожнаму з нас прыходзiцца прымаць рашэннi (наогул, добра, калi мы не баiмся прымаць рашэннi i браць адказнасць за iх). З аднаго боку, гэтыя рашэннi бываюць больш важкiя, кардынальныя, ад якiх залежыць нашая будучыня, а з іншага боку, штодня прыходзiцца мець справу з больш «дробнымi» пастановамi, якiя, у сваю чаргу, уплываюць на нашую чалавечнасць, а таксама на асяроддзе вакол нас. Таму трэба прызнаць, што мы патрабуем нейкiх апорных пунктаў, якiя даюць свядомасць i пэўнасць нашым рашэнням. I гэтыя апорныя пункты, гэтыя крытэрыі пазнання волi Божай, напэўна, для многіх з нас з’яўляюцца вядомымi.

Першым крытэрыем ёсць Бiблiя, Божае слова. Менавiта Бiблiя акрэслiвае межы пазнання волi Бога. Не пашкодзiць прыгадаць, якое важнае месца павiнна займаць у жыццi хрысцiянiна штодзённае карыстанне з крынiцы Божай мудрасцi. Дзякуючы вернай медытацыі над Жывым словам, Бог раскрывае нам свае найглыбейшыя таямнiцы. Як кроплi вады, пастаянна ўдараючы ў нейкае месца каменя, выдоўбваюць шчылiну ў iм, так i дзякуючы сістэматычнаму разважанню над Божым словам Бог прабiваецца праз найтаўсцейшыя муры нашага сэрца. Варта, можа, таксама ўзгадаць тое, што кожнае cлова ў Бiблii, кожны сказ павiнны разглядацца ў кантэксце ўсёй Богам натхнёнай кнiгі. Няма нiчога горшага, чым iдэалогii, якiя з’яўляюцца на фоне iнтэрпрэтацыi Божага слова.   

Другi крытэрый — гэта глыбокая малiтва, якая выражаецца ў асабiстай сувязi з Богам. Часам патрэбны просты зварот, даверлiвая просьба, каб Бог ласкава дапамог пазнаць Яго волю. Гэта таксама штодзённае жаданне i ўнутранае настаўленне, каб слухаць i выконваць Божую волю. Здараецца, што патрэбны час, а з нашага боку — цярплiвасць, каб упэўнiцца ў тым, што Бог жадае ад нас менавіта гэтага, а не iншага.

Трэцiм крытэрыем ёсць Традыцыя, прасцей кажучы — досвед хрысцiянаў, якiя рэалiзавалi волю Бога ў сваiм жыццi. І гэтым досведам з намi жадаюць дзялiцца. Пастыры Касцёла заклiкаюць нас, каб мы досыць шырока карысталiся з iх духоўнага досведу. Толькi тут таксама iснуе пэўная пастка: трэба памятаць, што людзi, якiя рэалiзоўвалi Божае слова ў сваiм жыццi, жылi ў адпаведны час, у адпаведнай культуры i ў своеасаблiвых непаўторных абставiнах. Таму мы заўсёды, шукаючы адказ на свае пытаннi ў Айцоў Касцёла, павiнны браць пад увагу гэтыя акалiчнасцi.

Наступным крытэрыем з’яўляецца нашае сумленне. Сумленне — гэта голас Бога ў нашай душы. І чым больш далiкатнае сумленне, тым мацней пачынаем мы чуць гэты голас. А дзякуючы добра сфармiраванаму сумленню пачынаем усё больш канкрэтна i дакладна адрознiваць дабро ад зла. Варта, можа, iзноў прыгадаць аб тым, што хрысцiянiн павiнен працаваць над сваiм сумленнем. I да гэтага належыць не толькi разважанне над Божым словам, чытанне каталiцкай лiтаратуры альбо ўдзел у рэкалекцыях, але i сістэматычнае карыстанне з сакрамэнту пакаяння.

Важным крытэрыем з’яўляецца таксама парада адухоўленых людзей. Гэта тыя людзi, якiя ўжо маюць нейкi духоўна-жыццёвы досвед дзякуючы асабiстай трывалай малiтве. Таму, валодаючы Божым святлом, яны могуць i нам дапамагчы ў распазнаннi Божых планаў. Толькi, iзноў жа, можа з’явiцца небяспека таго, што мы з часам перастанем старацца прымаць самастойныя рашэннi, тым самым перакладваючы адказнасць на людзей, якiя з’яўляюцца для нас нейкiмi духоўнымi аўтарытэтамi. Наогул, пажадана мець пастаяннага дасведчанага духоўнага кiраўнiка. І аб гэтым варта горача прасiць Пана Бога.

Людзi, якiя вядуць сістэматычнае глыбокае духоўнае жыццё, могуць ужо самi iнтуiтыўна пазнаваць Божую волю. Адданне сябе волі Створцы прыносіць глыбокi супакой, і наадварот — адыход ад яе суправаджаецца ўнутраным незадавальненнем. Гэта таксама можна залiчыць да наступнага крытэрыя. Варта паўтарыць, што гэта датычыць тых людзей, якiя сур’ёзна ставяцца да хрысцiянства i на самой справе вядуць жыццё, вернае Божым запаведзям.

I апошнiм крытэрыем, аб якiм варта ўзгадаць i якi павiнен праявiцца, калi мы захочам выканаць Божы заклiк, з’яўляюцца знешнiя i ўнутрaныя перашкоды. Трэба памятаць пра ворага людзей — д’ябла, якi ўвесь час бунтуецца супраць Бога, стараючыся тым самым рознымi спосабамi ўзбунтаваць нас. Толькi, як сцвярджае св. Тэрэза Вялiкая, людзям, якiя збiраюцца выконваць волю Бога ў сваiм жыццi, няма чаго палохацца. Але варта адначасова мець адвагу, вытрымку i ўпэўненасць у тым, што, нягледзячы на знешнiя i ўнутраныя перашкоды, якiя вораг будзе ставiць на iх шляху, Бог усё роўна здзейснiць сваю волю.

Выкананне волi Божай не заўсёды лёгкае i прыемнае. Таму ў вiзантыйскай традыцыi жыццё манаха, якi рэалiзаваў евангельскія iдэалы, называюць подзвiгам. Гэта яшчэ раз нам нагадвае аб тым, што здзяйсненне волi Божай належыць людзям адважным, верным i ўсiм сэрцам любячым Бога. I, на жаль, не ўсе на гэта згодныя. Можна вандраваць з Панам, можна нават сядзець з Iм у Вячэрнiку, прыслухоўваючыся да Яго словаў, але пайсцi за Iм на Галгофу — не кожны адважваецца. Але менавiта выкананне волi Бога, якая б яна не была цяжкая (памятаць трэба таксама аб тым, што, калi Бог клiча нас да нейкага задання, то дае нам адпаведныя сiлы для яго выканання), развiвае нас i прыносiць нам глыбокую радасць i задавальненне (пар. Мц 11,30). Гэта радасць ад служэння Створцы сусвету, а таксама пачуццё, што мы выканалi сваю мiсiю на зямлi i тым самым прынеслi багаты плён. I часам нават можам не згаджацца, можам не разумець Божыя планы. Але нават у такiя хвiлiны варта ўсё ж такi даверыцца Богу i Яго справам. Амэн.      

А. Віталій Сапега OP

tt

Свае каментарыі, а таксама заўвагі і пытанні можна дасылаць на асабістую паштовую скрынку аўтара: witalias@gazeta.pl

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.