Апошнія рэчы: пекла, чысцец, рай | Друк |
Духоўнае жыццё. Старонка а. Віталія Сапегі OP
09.02.2013 18:46

Калісьці ў дзверы дамініканскага кляштара пастукалі сведкі Іеговы. Так здарылася, што я адчыніў дзверы, і таму пытанні пасыпаліся ў маім накірунку.

У мяне спыталіся, ці ведаю я штосьці пра пекла. Адказаў, што ведаю. Далей спрабавалі высветліць, адкуль я гэта ведаю і ці маю пэўнасць у сваіх ведах. Адказаў, што маёю пэўнасцю ёсць перадусім Божае слова. Тады папрасілі мяне паказаць гэтыя біблійныя фрагменты. Паказаў і патлумачыў, чаму менавіта гэтыя часткі Божага слова кажуць нам пра гэтую духоўную рэчаіснасць. Пасля людзі, пастаяўшы некалькі хвілін, шчыра мне падзякавалі (!?) і пайшлі далей.

Да канца не ведаю, што адэпты гэтай секты мелі на ўвазе і якую мэту хацелі дасягнуць (хутчэй за ўсё, спрабавалі давесці, што пекла няма), але тады я зрабіў для сябе пэўную выснову: усё-такі меў рацыю св. Павел, калі заахвочваў вернікаў у адным са сваіх пасланняў каб былі здольнымі абараніць надзею, якую носяць у сваіх сэрцах. Не буду ізноў маралізаваць аб карысці медытацыі над Божым словам: большасць з нас, веруючых, ведае аб гэтым, але чамусьці, як мне здаецца, мала хто сістэматычна карыстаецца з гэтага цудоўнага прывілею. Тут, у гэтым артыкуле, перш за ўсё хацеў бы сканцэнтраваць увагу на справах, якія раней ці пазней чакаюць кожнага чалавека. А менавіта, як навучае Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, пасля пераходу ў духоўны свет кожнага з нас чакае суд Божы, а пасля, паводле «прысуду», пекла, чысцец альбо рай.

На пачатку варта, думаю, прыгадаць пункт гледжання навукі ў гэтай справе. У інтэрнэце часамі можна сустрэць інфармацыю, у якой сцвярджаецца, што навукоўцы ўжо маюць нейкія доказы існавання альбо неіснавання Бога. І тут, як заўсёды, трэба дастасаваць крытычны падыход. Па-першае, у гэтых артыкулах амаль што ніколі не падаюцца звесткі аб тым, хто гэтыя навукоўцы, адкуль яны, а калі ўсё ж такі ёсць такая інфармацыя, то варта ў сваю чаргу даведвацца, які гэтыя навукоўцы маюць аўтарытэт у навуковым свеце. Па-другое, самой навуцы не пад сілу прывесці доказы існавання Бога і духоўнай рэчаіснасці, як і доказы Яго неіснавання. Хаця людзі навукі сваімі даследаваннямі ўскосна пацвярджаюць тое, што свет сам па сабе складаны і шматгранны, мае сваю логіку, прапорцыі, што ў ім прысутнічае гармонія, яны таксама выяўляюць тое, што акрамя бачнага сусвету існуе нейкая нябачная, нашымі фізіялагічнымі структурамі неспасцігальная рэчаіснасць (варта, можа, прыгадаць тут пра магнітныя хвалі, радыёактыўнае выпраменьванне, пра квантавыя часціцы альбо пра саму тэорыю адноснасці Эйнштэйна).

Варта таксама прыгадаць, што амаль усе народы, пачынаючы ад плямёнаў, мелі нейкую інтуіцыю аб існаванні жыцця пасля смерці, большасці з іх нават у галаву не прыходзіла думка, што гэтае жыццё можа скончыцца тут, на зямлі. Аб чым, зрэшты, сведчаць пахаванні першабытных народаў. Археолагі знаходзяць часткі памерлых людзей, якія былі пахаваны ў дзівосных позах: альбо ў эмбрыянальным стане (як бы павінен быў ізноў нарадзіцца), альбо ў позе чалавека, які лёг спаць (на баку з далонню пад галавой), чакаючы тым самым свайго абуджэння. Альбо, ізноў жа, знаходзяць каля пахаваных, звычайна каля галавы, крэмень. Чаму крэмень? Бо дзякуючы крэмню вынаходзілі агонь, а агонь, як вядома, уздымаўся ўгару. Ці гэтым жэстам не хацелі сказаць пра існаванне бессмяротнай душы, якая пасля смерці ўзыходзіць на неба? Альбо, ізноў жа, нябожчыкаў хавалі з рознымі хатнімі прыладамі, намякаючы, можа, тым самым, што жыццё чалавека мае нейкі працяг. Відавочна, што першабытныя людзі жылі ў цеснай сувязі з прыродай і хутчэй за ўсё ў сваіх памкненнях дзесьці глыбока верылі пра існаванне жыцця пасля смерці.
 
Варта ўспомніць і пра пазнейшыя сусветныя цывілізацыі, у якіх таксама на свой лад прысутнічаў матыў тагасветнага жыцця. Не проста так у Кітайскай імперыі быў вельмі моцна распаўсюджаны культ памерлых бацькоў, а ў Старажытнай Грэцыі існаваў міф пра бога памерлых Аіда і яго валадарства смерці, якое знаходзілася дзесьці на ўскраінах зямлі. У яўрэйскай традыцыі ў сваю чаргу лічылася, што душы пасля смерці трапляюць у спецыяльнае тагасветнае месца, якое акрэслівалася як шэол (у беларускім літургічным перакладзе ўжываецца слова адхлань). Навіной было тое, што сам шэол меў ужо сваю градацыю. Існаванне душы пасля смерці залежала ад яе жыцця на зямлі. Справядлівыя, напрыклад, паводле веры Ізраэля, знаходзіліся на ўлонні Абрагама. Напэўна, добра памятаем прыпавесць пра багача і Лазара, дзе іх лёс пасля смерці дыяметральна адрозніваецца ад жыцця на зямлі і дзе гаворыцца, што між справядлівымі і несправядлівымі «вялізная прорва» (пар. Лк 16, 26).

Што ж тады з доказам? Як абараніць надзею, якую носім у сваім сэрцы? Першым доказам існавання звышнатуральнага жыцця, як было ўжо зазначана раней, з’яўляецца Біблія, перадусім там знаходзім даныя пра існаванне пасля смерці. Цяжка нам, людзям, якія стаяць на мяжы свету матэрыяльнага і духоўнага і якія да таго ж абцяжараны ўплывам першароднага граху, зразумець таямніцы звышнатуральнага жыцця. Таму Пан Езус часта для высвятлення Божых таямніц выкарыстоўвае розную літаратурную эквілібрыстыку: эпітэты, прыпавесці, сімвалы, метафары, гіпербалы. Памятаем, напрыклад, з чым параўноўвае наш Збаўца Валадарства Божае: з зернем гарчыцы, з закваскай. Альбо, ізноў, прыпавесць пра сейбіта, які выйшаў сеяць зерне — Божае слова. А калі кажа пра існаванне пасля смерці, то пекла ў сваю чаргу параўноўвае да цемры, да плачу і скрыгатання зубоў (пар. Мц 8, 12, Мц 25, 30) альбо перасцерагае перад чарвяком, які не памірае, і геенай вогненнай, якая ніколі не гасне (пар. Мк 9, 48). Некаторыя параўнанні былі добра вядомыя для тагачасных слухачоў. Напрыклад, геена вогненная. Гэта быў гарадскі сметнік каля Ерузалема, дзе ўвесь час палымнела вогнішча, смурод ад якога разносіўся на некалькі кіламетраў. Пра чысцец таксама можна знайсці звесткі ў Евангеллі. Гэта прыпавесць пра няўдзячнага слугу, якому яго гаспадаром быў дараваны вялікі доўг і які замест міласэрнасці да сваіх даўжнікоў праявіў поўную бязлітаснасць. Як жа на такі ўчынак адказвае справядлівы гаспадар? Загадвае, каб аддалі няўдзячнага катам, пакуль не выплаціць доўг да канца (пар. Мц 18, 34). Выплачванне доўгу ў пераносным сэнсе азначае ачышчэнне са сваіх неадпаведных прыхільнасцяў, адбыванне пакарання за свае грахі, бо толькі чыстыя сэрцам могуць Бога сузіраць (пар. Мц 5, 8). Таму ўжо ў Старым Запавеце заклікалася маліцца за памерлых, тым самым верачы ў тое, што жывыя могуць уплываць на лёс памерлых (пар. 2 Мах 12, 41-45). Варта зазначыць, што сам чысцец з’яўляецца выразам Божай міласэрнасці і справядлівасці, гэта шанс для збаўленых душаў духоўна даспець да сустрэчы з Богам. Што ж нам тады Езус кажа пра Неба? «У доме Айца Майго шмат святліц. А калі б так не было, ці сказаў бы вам, што іду падрыхтаваць месца для вас. І калі пайду і падрыхтую вам месца, прыйду зноў і забяру вас да сябе, каб і вы былі там, дзе Я» (Ян 14, 2-3). Ізноў жа ў пасланні да Карынцянаў можам прачытаць: «Чаго вока не бачыла, і вуха не чула, і што не ўваходзіла ў чалавечае сэрца, тое Бог падрыхтаваў тым, хто любіць Яго» (1 Кар 2, 9).  

Чарговым доказам з’яўляюцца аб’яўленні містыкаў Каталіцкага Касцёла, якія з Божага дазволу і для нашага чалавечага ўсведамлення мелі магчымасць «вандроўкі» ў пекла альбо ў чысцец. Важна таксама ўзгадаць, што тое, што яны зведалі і апісалі ў сваіх дзённіках, пацверджана самім Касцёлам. Гэта паказваюць прыклады св. Тэрэзы Вялікай, св. Фаўстыны Кавальскай альбо св. Яна Боска. Святая Фаўстына пасля «падарожжа» ў пекла напісала наступнае (№ 741). Па-першае, як сцвярджае святая, пекла ёсць месцам вялікай пакуты і мукі. Першая мука, якую церпіць душа ў пекле, — гэта страта Бога назаўсёды. Па-другое — пастаянныя дакоры сумлення; па-трэцяе — пакута ад таго, што гэты стан ніколі ўжо не зменіцца, а боль, які прасякае душу, ніколі не скончыцца; па-чацвёртае — бясконцая цемра, у якой душы ўсё ж такі бачаць саміх сябе, злых духаў і іншыя церпячыя душы, дакладна ўсведамляючы сваё зло і зло іншых; па-пятае — пастаянная прысутнасць злых духаў, якія катуюць душы; па-шостае — нараканні, праклёны, блюзнерства, жахлівая роспач і адчай, вынікам чаго ёсць нянавісць да Бога. Далей, піша святая, для кожнай душы падрыхтаваны асобныя мукі, у залежнасці ад таго, чым і як яна грашыла на зямлі. Таму, піша Фаўстына, няхай грэшнік не кажа, што пекла няма, бо найбольш у пекле тых душ, якія так лічылі. Дакладна тыя самыя словы сказала Маці Божая дзецям з Фацімы пасля таго, як паказала ім жахлівую выяву пекла. Памятаем, што пасля гэтай сустрэчы з месцам пакутаў і цемры трое дзяцей пачалі яшчэ больш рупліва маліцца і пакутаваць у інтэнцыі збаўлення загубленых і не ўсведамляючых пагрозы вечнай смерці чалавечых істотаў. Аб чыстцы таксама маем звесткі ад святых містыкаў. Напрыклад, ізноў жа ад св. Тэрэзы Вялікай альбо благаслаўлёнай Кацярыны Эмерых — вялікай духам манахіні, з аб’яўленняў якой карыстаўся амерыканскі рэжысёр «Пакутаў Хрыстовых» Мэл Гібсан (варта, думаю, знайсці і прачытаць гэтыя аб’яўленні).

Цікава, што ў пераказах святых можна знайсці звесткі пра чысцец альбо пекла, дзе яны зрэшты самі пабывалі, але нічога няма пра рай. Чаму? Езус Хрыстус выразна сказаў, што Бога ніхто ніколі не бачыў, акрамя Сына Чалавечага і тых, каму Бог хоча гэта аб’явіць (пар. Ян 1, 18). З Богам могуць знаходзіцца і радавацца Яго прысутнасці толькі душы збаўленыя, святыя (цалкам ачышчаныя, перамененыя). Добра гэтую з’яву тлумачыць св. Тамаш Аквінскі, які сцвярджае, што душы святых у небе знаходзяцца ў стане, які называецца visio beatificа — бласлаўлёнае бачанне, але, каб увайсці ў гэты стан, у Валадарства Божае, трэба атрымаць спецыяльную «прыладу», так званае lumen gloria — святло хвалы. Гэтае святло атрымоўваюць толькі тыя душы, якія сталі годнымі сузіраць Бога ў Тройцы Адзінага.

І апошнім доказам з’яўляецца рэчаіснасць, з якой мы сустракаемся штодня. На самой справе пекла і рай знаходзяцца сярод нас. Пекла мы сустракаем у нянавісці сярод людзей (у пекле існуе толькі нянавісць), у зайздрасці, пысе, непрабачэнні. Бачым таксама, колькі людзей гіне ад розных залежнасцяў, у ваенных канфліктах, і што ўжо казаць пра забойства ненароджаных дзяцей. І, з другога боку, сустракаем таксама незвычайныя праявы чалавечага духу: мужнай любові, дабрыні, самаахвярнасці, вернасці, адданасці Божым справам, пакоры.

Напэўна, няпроста апісваць духоўную рэчаіснасць, аб чым, зрэшты, кажуць усе святыя, не хапае слоў, не хапае звычайных чалавечых сродкаў. Усё гэта нас перавышае ў некалькі соцень разоў. Але, як бы там ні было, важна сур’ёзна ставіцца да Божых словаў і да таго, чаму нас вучыць Каталіцкі Касцёл, — каб усведамляць, што духоўная рэчаіснасць не казка, не выдумка, не фантазія, і каб клапаціцца аб збаўленні сваёй душы «са страхам і трымценнем» (пар. Флп 2, 12). Варта ў кругавароце штодзённага жыцця памятаць пра гэта, не забывацца.

А. Віталій Сапега ОР

tt

Свае каментарыі, а таксама заўвагі і пытанні можна дасылаць на асабістую паштовую скрынку аўтара: witalias@gazeta.pl

 
© 2003-2024 Catholic.by