Слова Жыцця на май 2013 | Друк |
30.04.2013 13:23


Прэзентацыя на май >>>

«Давайце, і будзе вам дадзена: меру добрую, уціснутую, утрэсеную — і з верхам адсыплюць вам у падол ваш» (Лк 6, 38)

Ці здаралася так, што ты атрымаў ад некага падарунак і адчуў патрэбу адказаць узаемнасцю, i не дзеля таго, каб адплаціць доўг, але каб выказаць сапраўдную падзяку і любоў? Напэўна, так бывала.

Калі здаралася з табою такое, то можаш сабе ўявіць, як гэта ёсць у Бога, у Бога, які ёсць Любоў.

Ён заўсёды адказвае ўзаемнасцю на кожны падарунак, які мы даем нашым блiжнiм у Яго імя. Сапраўдныя хрысціяне перажываюць гэта вельмі часта. І кожны раз гэта нечакана. Бо Бог невычарпальны ў сваіх ідэях. Можна было б узгадаць тут сотні тысяч прыкладаў, можна было б напісаць пра гэта цэлую кнігу. I адразу выявiлася б тое, наколькі праўдзiвыя гэтыя словы: «меру добрую, уціснутую, утрэсеную — і з верхам адсыплюць вам у падол ваш». Словы гэтыя апiсваюць багацце, якiм Бог узнагароджвае, Ягоную шчодрасць.

«Надыходзiла ноч, калі ў сціплай кватэры ў Рыме некалькi дзяўчат, якія хацелі жыць паводле Евангелля, рыхтавалiся да сну. Раптам у дзверы пазванiлі. Хто б гэта мог прыйсцi ў такi час? У дзвярах стаяў чалавек, на твары якога быў выраз вялікага непакою і нават роспачы: на наступны дзень яго разам з ягонай сям'ёй павінны высялiць з кватэры за няўплату арэнды. Дзяўчаты пераглянуліся і, не кажучы ні слова, палезлi ў скрыню, дзе захоўвалi рэшту ад сваiх зарплатаў ды грошы, адкладзеныя, каб аплаціць рахункі за газ, тэлефон і святло. Без ваганняў аддалi ўсё яму. У тую ноч заснулi шчаслівыя. Але хтосьці памятаў пра іх. Яшчэ да світання зазваніў тэлефон: „Зараз жа еду да вас у таксі“, — адклікнуўся голас таго самага чалавека. Здзіўленыя, яны чакалi. Твар госця казаў, што нешта змянілася. „...Учора ўвечары, як толькi я вярнуўся дадому, я атрымаў cпадчыну, якой ніколі не чакаў. Сэрца сказала мне, што я павінен падзяліцца з вамі». Падараваная iм сума была ўдвая большая за тую, якую яму так шчодра ахвяравалi.


«Давайце, і будзе вам дадзена: меру добрую, уціснутую, утрэсеную — і з верхам адсыплюць вам у падол ваш»

Ці перажываў i ты калі-небудзь падобны досвед? Калі не, то памятай, што дар, ахвяраваны таму, хто просiць, павінен аддавацца бескарысліва, без разліку на адплату.

Паспрабуй. Але не дзеля таго, каб пабачыць эфект, а толькi таму, што любiш Бога.

Кажаш: «Не маю нічога».

Няпраўда. Калі мы пажадаем, мы знойдзем у сябе невычэрпныя скарбы: наш вольны час, сэрца, усмешку, спагаду, нашу культуру, супакой, наша слова, якое можа пераканаць каго-небудзь заможнага падзяліцца з тым, хто нiчога не мае...

Кажаш: «Але я не ведаю, каму даць».

Азірніся вакол: успомні таго хворага ў бальніцы, адзінокую ўдаву, сябра, які адышоў ад цябе прыгнечаны, таго маладога і заўсёды сумнага беспрацоўнага брата, які патрабаваў дапамогi, свайго сябра ў турме, таго нясмелага вучня. У іх чакае цябе Хрыстус.

Прымі хрысціянскую паставу, якой прасякнута ўсё Евангелле і якая не дазваляе замыкацца ў сабе і ў празмерных клопатах. Адкінь самаўпэўненасць, заснаваную на зямных выгодах, і знайдзі сваю апору ў Богу. Так спраўдзiцца твая вера ў Яго, якая хутка будзе пацверджана падарункам, якi вернецца да цябе.

Няма сумнiваў, што Бог дзейнічае такім чынам не дзеля таго, каб зрабіць багатым сябе або ўзбагацiць нас. Ён робіць гэта, каб многія іншыя ўбачылі гэтыя маленькія цуды, справакаваныя нашым падарункам, і зрабілi тое ж самае.

Ён робіць гэта, каб мы, маючы больш, маглi больш аддаць, каб мы, як сапраўдныя распарадчыкі дабротаў, якія належаць Богу, дазволiлi iм цыркуляваць у асяроддзi людзей, якiя нас акружаюць, аж да таго, каб казалi пра нас гэтак жа, як некалi было сказана пра першую супольнасць у Ерузалеме: «не было сярод іх нікога ў нястачы» (пар. Дз 4, 34).

Хіба не адчуваеш, што, жывучы такім чынам, ты будзеш удзельнiчаць у сацыяльным абнаўленнi, якога чакае свет?

«Давайце, і будзе вам дадзена». Зразумела, Езус перадусiм кажа тут пра ўзнагароду, якую мы атрымаем на нябёсах, але тое, што сустрэне нас тут, на зямлі, з'яўляецца запаветам і гарантыяй гэтай узнагароды.

К’яра Любiч
апублiкавана: „Città Nuova” 1978/10 i 2008/18, s. 9.

tt

Свае каментарыі, а таксама заўвагі і пытанні можна дасылаць на асабістую паштовую скрынку аўтара: witalias@gazeta.pl

 
© 2003-2020 Catholic.by