Жыццё, укрытае з Хрыстом | Друк |
Духоўнае жыццё. Старонка а. Віталія Сапегі OP
27.06.2013 12:29

«Бо вы памерлі, і жыццё вашае схавана з Хрыстом у Богу» (Кал 3, 3).

У Евангеллі няшмат звестак аб жыцці некаторых апосталаў, як, напрыклад, аб Філіпу, Барталамеі, аб Якубе Алфеі альбо Сымоне Кананіце. Таксама не знойдзем ў Бібліі інфармацыі аб заканчэнні іх жыцця, акрамя, можа, традыцыі (інакш людскіх пагалоскаў), дзякуючы якой можна даведацца, што некаторыя з іх загінулі на тэрыторыі сучаснай Турцыі, некаторыя ў Эфіопіі альбо ў Індыі. Ці ж з гэтага можна зрабіць выснову аб тым, што жыццё гэтых «нягучных» апосталаў было менш важнае за жыццё іншых, больш слынных — Пятра, Яна альбо Паўла?

Пэўна ж, не! Можа, і няшмат знойдзем звестак аб іх жыцці ў Новым Запавеце, але пэўным ёсць тое, што іх місія была не менш важнай і адказнай. Бо заўсёды адно, што ведаем мы, людзі, а іншае — што ведае Бог. І вельмі часта тое, што з’яўляецца добрым паводле чалавечых крытэрыяў, у вачах Божых выглядае нават агідным. Толькі Бог зазірае ў глыбіні чалавечага сэрца і ведае ўсе яго таямніцы (пар. 1 Вал 16, 7). Думаю, што кожны з апосталаў, аддаючы сваё жыццё абвяшчэнню Добрай Навіны, не шукаў чалавечай пахвалы і, хутчэй за ўсё, пазбягаў чалавечых апладысментаў. А адзінай радасцю было шуканне і выкананне Божай волі. Таксама думаю, што Валадарства Божае «перапоўнена» святымі, аб якіх ніхто нічога не ведае, якія звычайна, як св. Юзаф, абраннік Панны Марыі, альбо св. Караль дэ Фуко, сціплы манах, маліліся, працавалі і ў духу пакоры прымалі штодзённыя цяжкасці і радасці жыцця. У гэтым імкненні да выканання волі Бога адбываўся працэс іх духоўнага сталення і ўнутранага перамянення.  

Выконваць волю Бога – гэта адначасова весці жыццё, укрытае з Хрыстом. І на самой справе не заўсёды лёгка весці такое жыццё. Чалавек, які шчыра хоча служыць Пану, сустракае і будзе сустракаць на сваёй дарозе розныя перашкоды і бар’еры, як знешнія, так і ўнутраныя. Трэба сутыкнуцца з мысленнем гэтага свету, які супрацьстаіць Божай логіцы, аб чым, зрэшты, нагадвае нам святы апостал Ян: «Не любіце зямнога, ні таго, што ў зямным: хто любіць зямное, у тым няма любові Айца. Бо ўсё, што зямное: жаданне цела, жаданне вачэй і пыха жыццёвая, не ёсць ад Айца, а ад свету (гэтага)» (пар. 1 Ян 2, 15-16). Свецкае мысленне ў большасці накіравана на задавальненне выключна сваіх эгаістычныя патрэб і амбіцый. Чалавек з такім мысленнем закараняецца ў гэтым зямным, бачным свеце. Яму цяжка зразумець духоўнае: духоўныя каштоўнасці, духоўнае дабро. Амаль што немагчыма паверыць яму ў тое, чаго не бачна, чаго ён не можа пакаштаваць, да чаго не можа дакрануцца. Смешным тады для такога выключна зямнога чалавека будзе аповед аб нейкім будучым Валадарстве Божым, калі трэба жыць зараз і тут і сёння браць, як кажуць, ад жыцця ўсё (на жаль, толькі не самае лепшае).

Таксама хрысціянін павінен быць падрыхтаваны да сустрэчы з унутранымі перашкодамі –  асабістымі слабасцямі, духоўнымі хваробамі і спакусамі. Духі пякельныя да сканчэння гэтага бачнага свету будуць імкнуцца да таго, каб адвесці чалавека ад Бога, а тым самым і знішчыць яго. Гэтая з’ява ў хрысціянскай практыцы называецца духоўным змаганнем. І гэта на самой справе сапраўдная вайна, якая вельмі часта ўкрыта ад чалавечых вачэй. Аб гэтай вайне дасканала ведае Бог, якому на сто працэнтаў вядома, колькі часам чалавеку каштуе гэтае змаганне. Каб перамагаць спакусы, хрысціяніну трэба перадусім мець «духоўныя вочы», каб вучыцца распазнаваць розныя пагрозы і, дзякуючы Божай дапамозе, супрацьстаяць атакам ворага роду чалавечага. Варта таксама памятаць, што Стварыцель ніколі не дапускае спакусы звыш нашых сілаў, а калі і дапускае нейкія выпрабаванні, то выключна для нашага духоўнага ўзрастання. Таму не проста так у Цэрквах усходняй традыцыі манаха, які дасягнуў яшчэ ў зямным жыцці чалавечай паўнаты — святасці, стойка стараўся перамагаць спакусы і развіваць цноты, называюць падзвіжнікам, а яго жыццё — духоўным подзвігам. Гэта сапраўдны подзвіг — змагацца  за Божую праўду і супрацьстаяць цёмным сілам.  

Чалавек, на жаль, часта паддаецца дэманічнай ідэалогіі. Тым больш што зло, на першы погляд, здаецца больш прывабным для яго. Зло заўсёды крыклівае, заўсёды дзейнічае напаказ. І наадварот, дабро само па сабе натуральнае: ціхае і сціплае. Таму жыццё, укрытае з Хрыстом, азначае таксама мудрасць, якая выражаецца ў тым, каб не паддацца на  правакацыю зла. Патрэбна таксама мець мужнасць, каб не сысці са свайго крыжа: не кінуць свае абавязкі, не адысці ад сваёй місіі, ад слова, дадзенага Богу. Бачым, як часта Езус быў спакушаны гэтым спосабам. Памятаем як Яго хацелі абвясціць зямным каралём альбо прапанавалі аб’явіць Боскую моц і сысці са свайго крыжа: «А тыя, што міма праходзілі, зневажалі Яго, ківаючы галовамі сваімі і кажучы: Ты, што разбураеш храм і за тры дні будуеш! Уратуй Сябе Самога. Калі Ты Сын Божы, сыдзі з крыжа» (пар. Мц 27, 39-40).  

Таму жыццё, укрытае з Хрыстом — гэта  жыццё з Езусам церпячым, Езусам укрыжаваным. Аб гэтым пішуць настаўнікі духоўнага жыцця, як св. Ян ад Крыжа альбо Тамаш Кемпійскі. Немагчыма ісці за Хрыстом і адначасова ўцякаць ад пакутаў, якія з’яўляюцца ў нашай зямной вандроўцы. Але ў церпячым Езусе заўсёды прадчуваецца ўжо смак уваскрасення: «калі разам з Хрыстом церпім, то таму, каб разам з Ім быць у хвале» (пар. Рым 8, 17).   
   
Весці жыццё, укрытае з Хрыстом, азначае таксама памерці для граху. Сам рытуал хрышчэння, які раней выражаўся праз акунанне чалавека з галавою ў ваду, сімвалізаваў смерць для чалавека «цялеснага» з яго пажадлівасцю і грахом і нараджэнне да новага жыцця, жыцця духоўнага, цнатлівага.            

Духоўнае жыццё, схаванае ад чалавечых вачэй, не азначае тое, што яно само па сабе бяздзейснае, нецікавае і што ў ім ёсць выключна толькі цярпенне і пакута. Быць з Хрыстом — значыць увайсці ў дынаміку веры (пар. Мц 17, 20-21). На самой справе толькі з Хрыстом жыццё можа быць поўным і дынамічным. Гэта ўнутраная вандроўка, асабістая прыгода з Богам. Гэта радасць перажываць кожную хвіліну свайго жыцця разам са Святой Тройцай. Калісьці журналісты запыталі аднаго манаха з Валаамскага манастыра: ці не выглядае яго жыццё шэрым, нецікавым і руцінным? Можа, часам і выглядае руцінным, — адказаў ён, — але тое, што дае Бог, тыя радасці і суцяшэнні, ніхто і ніколі не ў стане ўжо даць мне. Баху таксама не патрабалася спецыяльна выязджаць куды-небудзь, каб духоўна развівацца, хаця ён і меў такую магчымасць (у той час для людзей культуры і навукі межаў не існавала). Большасць жа свайго часу ён праводзіў, ствараючы новыя музычныя творы, займаючыся сям’ёй альбо вывучаючы тэалагічныя кнігі. Яго ўнутранае жыццё было незвычайна багатым і разнастайным, аб чым, дарэчы, сведчаць яго кампазіцыйныя творы. Альбо ўжо згаданы раней св. Караль дэ Фуко, які па сваёй натуры быў чалавекам авантурным, любіў падарожжы і пазнаванне новых месцаў. Але пазней, адкрыўшы Хрыста, большасць сваіх «вандровак» адбываў ужо з Богам, адаруючы Яго штодня і шмат гадзін у Найсвяцейшым Сакрамэнце. Канешне, для развіцця чалавечай асобы вандроўкі з’яўляюцца чымсьці важным. Але перадусім стратэгічна неабходным з’яўляецца адкрыццё  гэтай найважнейшай «вандроўкі» — жыць разам з Богам.

І яшчэ… Варта памятаць аб тым, што тое, што ўкрытае, схаванае, тое, што таямнічае, калісьці будзе выяўлена, і часткова ўжо тут, на зямлі (пар. Лк 12, 2). А ў час Апошняга Суду, у судны дзень, не толькі ўсё злое будзе адкрыта, але перадусім дабро будзе рэабілітавана і ўзвышана. Выявіцца тады нікому не вядомая вернасць, укрытая настойлівая малітва, выявяцца таксама ўсе ахвяры, складзеныя Богу. Я ў гэта шчыра веру. А вы?

А. Віталій Сапега ОР

tt

Свае каментарыі, а таксама заўвагі і пытанні можна дасылаць на асабістую паштовую скрынку аўтара: witalias@gazeta.pl

 
© 2003-2024 Catholic.by