Чаму Юда здрадзіў Хрысту? | Друк |
Духоўнае жыццё. Старонка а. Віталія Сапегі OP
18.04.2014 13:30

Калі пачынаеш разважаць пра муку Пана нашага Езуса Хрыста, пра Яго пакуты і цярпенне, то напрошваецца пытанне: чаму Бог дапусціў здраду і чаму менавіта Юда, адзін з апосталаў, здрадзіў, а не якісьці іншы чалавек?

Канешне, цяжка нам, малым, з-за першародным граху слабым людзям да канца зразумець Божыя таямніцы. Але варта ўсё ж такі паспрабаваць адказаць на гэтае пытанне.

Прарокі Старога Запавету прадказвалі прыйсце ў чалавечы свет Месіі, Божага памазаніка, які будзе сапраўдным валадаром і які вызваліць свой Абраны народ: “І ты, Бэтлеем, Эфрата, ці ж найменшы ты паміж мностваў Юды, бо з цябе для Мяне выйдзе Той, хто стане Валадаром у Ізраэлі, і паходжанне Яго ад даўніх часоў, ад дзён спрадвечных” (пар. Міх 5, 1), а таксама, што Божы пасланнік будзе цярпець, пакутаваць: “Ён быў пакалечаны за грахі нашы, пабіты за нашы злачынствы; ушчуванне за свет наш – на Ім, і ранамі Яго мы аздароўлены… Здзекваліся з Яго, але Ён Сам паддаўся і не адкрыў вуснаў сваіх” (пар. Іс 53, 5.7). Можна ў Бібліі знайсці і пра здраду Хрысту: “Але нават чалавек, з якім я жыў у супакоі, якому я давяраў, які есць хлеб мой, пяту падняў супраць мяне” (пар. Пс 41, 10).

Ва ўсе хрысціянскія часы Юда быў сімвалам здрады. Напрыклад, фларэнційскі паэт Дантэ ўспрымаў Юду як самага вядомага злодзея ўсіх часоў. Таксама і сёння, калі ўжываем гэтае імя, то маем на ўвазе чалавека, які здрадзіў камусьці самаму блізкаму, які мае няўдзячнае сэрца. Але цікава, што ў апошнія часы раздаюцца галасы, якія хочуць абвясціць Юду ў нейкім сэнсе героем, а нават дабрадзеем чалавецтва, кажучы, што калі б не яго ўчынак, то чалавецтва не было б адкуплена, не было б надзеі на збаўленне.

Ці сапраўды Юда мусіў здраджаць? Ці быў у гэтым нейкі фатум? Канешне, ніякага фатума не было. Антыапостал, як і ўсе людзі, меў свабодны выбар. Мог пайсці за Хрыстом да канца, як любімы вучань Настаўніка Ян, мог навярнуцца пасля здрады, як зрабілі амаль усе іншыя вучні Хрыста. Дарэчы Езус некалькі разоў перасцерагаў Юду, намякаў яму, што ведае пра яго планы (як часта Бог пасылае кожнаму з нас свае сігналы і як часта мы гэтага не заўважаем). Тым больш што не толькі Настаўнік бачыў павольную ўнутраную дэградацыю вучня - бачылі яе і іншыя апосталы. Між іншым, кажа нам аб гэтым евангеліст Ян (пар. Ян 12, 6). Езус папярэджваў свайго вучня, ратаваў яго (пар. Ян 13, 26; Лк 22, 47-48). Аднак Юда заставаўся глухім да голасу свайго Настаўніка. Тым больш што хутчэй за ўсё ён ведаў, што лёс Езуса быў вырашаны праз кіруючую эліту. Шмат разоў у Евангеллі гаворыцца пра тое, што старшыні збіраліся забіць Хрыста, шукалі ўсялякай нагоды для гэтага. І гэтая нагода нечакана падвярнулася.

Які ж усё-такі быў матыў здрадніка? Хутчэй за ўсё, матывам Юды было расчараванне ў сваім Настаўніку. Бачым, што не толькі ён расчараваўся. Ад Езуса адыходзілі таксама іншыя вучні. Паводзіны Месіі не адпавядалі Юдавым планам і надзеям. Магчыма, хацеў ён больш радыкальнага вырашэння палітычнай сітуацыі ў краіне. Можа, жадаў, каб Божы пасланнік заклікаў да больш актыўных дзеянняў супраць акупанта, што, дарэчы, супадала з агульным тагачасным уяўленнем пра Месію. Але самае жудаснае ў тым, што любіў ён грошы і таму вырашыў на гэтай здрадзе яшчэ і зарабіць, схіляючыся ў бок матэрыяльнага дабрабыту. Таму і здрада ягоная была не спантанная, але запланаваная. Можна здрадзіць са страху, з баязлівасці, як зрэшты ўчыніў гэта Пётр, а можна ўсё грунтоўна абдумаць… Гэта як калі хтосьці раскрывае ваенны план ворагу, сам прыносячы яго “на сподку”, у адрозненні ад таго, каго катавалі, з каго здзекваліся.  

Здраджваючы Настаўніку, Юда здраджвае ў першую чаргу самому сабе, здраджвае свайму вучнёўству. Не зразумеў, не пакаштаваў, што гэта значыць - быць вучнем Хрыста, што значыць жыць і памерці для Бога.

Евангеліст Ян, распавядаючы аб Апошняй Вячэры апосталаў з Настаўнікам, прыгадвае, што, калі Юда выйшаў з дому, была ноч (пар. Ян 13, 30). Пайшоў у цемру, у небыццё. Можа, калі б застаўся на Вячэры, на Эўхарыстыі, то не здрадзіў бы Хрысту, вытрываў у веры.

А. Віталій Сапега ОР

tt

Свае каментарыі, а таксама заўвагі і пытанні можна дасылаць на асабістую паштовую скрынку аўтара: witalias@gazeta.pl

 
© 2003-2020 Catholic.by