Цяжкія старонкі Святога Пісання: грэх супраць Духа Святога не будзе адпушчаны ні ў гэтым веку, ні ў будучым? | Друк |
Цяжкія старонкі Святога Пісання
21.01.2017 11:00

«Сапраўды, кажу вам: дараваныя будуць сынам чалавечым усе грахі і блюзнерствы, якімі б ні блюзнерылі. Але хто будзе блюзнерыць супраць Духа Святога, не будзе мець прабачэння ніколі, але будзе падлягаць вечнаму асуджэнню. Так сказаў, бо гаварылі пра Яго: Ён мае нячыстага духа» (Мк 3, 28–30).

У кантэксце палемікі з вучонымі ў Пісанні з’яўляецца сцверджанне Езуса, якое пазбаўляе сну экзэгетаў ва ўсе эпохі. Езус сцвярджае вельмі ўрачыста, што ўсе грахі і блюзнерствы будуць людзям адпушчаны, за выключэннем блюзнерства супраць Духа Святога.

У грэчаскім тэксце ўжываюцца два азначэнні граху: harmartia i blas-phemia. Першае з іх азначае «няздольнасць прыйсці да мэты або дасягнуць мэты» (I. Gargano). Другое ж, як піша далей той самы аўтар, «датычыць супрацьпастаўлення сябе Богу. Ідалапаклоннік свядома здзяйсняе выбары супраць Бога. Ён, нібы раззлаваны грубіян, які плюе ў твар камусьці, хто ідзе яму насустрач з адкрытымі рукамі — жэстам, які сведчыць пра прыязнасць або любоў. (…) Таму гаворка ідзе пра дзве розныя рэчы, якія, аднак, пры супастаўленні ў выніку даюць пэўнае памнажэнне зла».

У чым заключаецца грэх супраць Духа Святога?

У выпадку кніжнікаў у Святым Пісанні Езус тлумачыць сутнасць іх блюзнерства. Настаўнік з Назарэта абвяшчаў набліжэнне Божага Валадарства, вызваляў ад улады злых духаў людзей, зняволеных імі, а Яго абвінавачвалі ў тым, што Ён чыніць гэта моцаю злога: «А кніжнікі, якія прыйшлі з Ерузалема, казалі, што Ён мае ў сабе Бэльзэбула і князем злых духаў Ён выганяе злых духаў» (Мк 3, 22). Калі, бачачы палёгку, якую Езус прыносіў людскім целам і душам, фарысеі падтрымлівалі меркаванне пра тое, што Ён чыніць гэта з дапамогай самага вялікага ворага чалавецтва — князя дэманаў, то іх вочы былі так моцна закрытыя на святло, што бляск здаваўся ім цемрай, а дабро — злом. Святло дасяжнае для кожнага, хто яго прагне. Але якая надзея быць асветленымі ў тых, хто яго звычайна адкідвае?

Паводле святога Марка, грэх супраць Духа Святога заключаецца ў адкідванні святла і называнні зла дабром. Лука, у сваю чаргу, указвае на канчатковае, свядомае выцясненне веры, інакш кажучы, на апастазію.

Грэх супраць Духа Святога з’яўляецца выразам унутранага супраціўлення Яму і свядомым адкідваннем збаўлення, з усімі наступствамі гэтага.

У Катэхізісе Каталіцкага Касцёла сцвярджаецца: «Божая міласэрнасць не ведае межаў. Але той, хто свядома адкідвае прыняцце са скрухай Божай міласэрнасці, адкідвае прабачэнне сваіх грахоў і збаўленне, атрыманае ў дар ад Духа Святога. Такая закамянеласць можа прывесці да адсутнасці апошняга пакаяння і вечнай пагібелі» (№ 1864).

Ян Павел ІІ у сваёй энцыкліцы Dominum et vivificantem (1986 г.), прысвечанай Духу Святому, пісаў: «Блюзнерства супраць Духа Святога — гэта радыкальнае адмаўленне прыняць адпушчэнне, унутраным распарадчыкам якога з’яўляецца Дух Святы, і якое змяшчае ўсю праўду навяртання, здзейсненага праз Яго ў сумленні. (...) “Блюзнерства” супраць Духа Святога — гэта грэх, здзейснены чалавекам, які бароніць уяўнае “права” на трыванне ў зле, ва ўсіх іншых грахах і які такім чынам адкідвае адкупленне. Чалавек застаецца замкнёным у граху і тым самым робіць немагчымым са свайго боку навяртанне, а значыць і адпушчэнне грахоў, якія лічыць нібыта неістотнымі і нязначнымі ў сваім жыцці. Гэта стан духоўнага заняпаду, бо блюзнерства супраць Духа Святога не дазваляе чалавеку выйсці з уласнай замкнёнасці і адкрыцца ў кірунку Божых крыніц ачышчэння сумленняў і адпушчэння грахоў».

Блюзнерства супраць Духа Святога «не будзе адпушчана ні ў гэтым веку, ні ў будучым» (пар. Мц 12, 32). У аснове гэтага моцнага сцвярджэння правіла: зямныя ўчынкі маюць свае наступствы ў небе.

Той, хто не прагне прабачэння грахоў, той грашыць супраць Духа Святога, і яму грахі не могуць быць прабачаны.

Пераклад Валянціны Грамыка паводле deon.pl

 
© 2003-2024 Catholic.by