Цяжкія старонкі Святога Пісання: калі прыйдзе Валадарства Божае? | Друк |
Цяжкія старонкі Святога Пісання
03.03.2017 09:00

Дар’я з Мінска задае пытанне па ўрыўку з Евангелля паводле святога Марка, дзе Езус кажа вучням: «І сказаў ім: Сапраўды кажу вам: некаторыя з тых, хто тут стаіць, не спазнае смерці, пакуль не ўбачыць Валадарства Божага, якое прыйдзе ў моцы» (Мк 8, 34 — 9, 1). Тут гаворка пра ўваскрасенне Пана, ці пра спасланне Духа Святога? Увогуле, у Пісанні шмат перасцярог да тых, хто жыў у часы Хрыста, што яны быццам убачаць канец свету. Гэтае абяцанне не споўнілася дагэтуль. Таму ці вартыя даверу гэтыя перасцярогі? Можа, Езус меў на увазе нешта іншае?

Дадзены фрагмент Святога Пісання вельмі цікавы. Усе апосталы памерлі, а Сын Чалавечы з анёламі ў хвале не прыйшоў. Гэта можа абудзіць сумненне — ці прыйдзе Ён увогуле? Ці мая вера не дарэмная? Першыя хрысціяне, калі толькі засноўваўся Касцёл, таксама чакалі хуткага вяртання Езуса і таму, молячыся, усклікалі: «Маран-ата» (прыйдзі, Пане).

Святы Павел пісаў некаторым супольнасцям: «Мы чулі, што некаторыя сярод вас жывуць у бязладдзі: нічога не робяць, але займаюцца марнымі справамі» (2 Тэс 3, 11). Нагодай такой рэакцыі Паўла былі паводзіны людзей, якія нічога не рабілі, бо лічылі, што хутка адбудзецца канец свету. І да сённяшняга часу ёсць тыя, хто абвяшчае хуткі канец свету, некаторыя ім вераць і прадаюць сваю маёмасць, застаючыся ні з чым.

Некаторыя вучоныя тлумачаць, што з распаўсюджваннем хрысціянства чаканне «Божага Валадарства, якое прыйдзе ў моцы», вельмі хутка з’явілася ў вялікай частцы Рымскай імперыі, калі ў супольнасцях сутыкаліся з вопытам харызматычных дароў, аздараўленняў, знакаў і цудаў. Жыццё першых хрысціян было напоўнена верай і ўзаемнай любоўю.

Некаторыя біблісты адзначаюць, што пасля фрагменту, які мы зараз разглядаем, евангеліст запісаў: «І праз шэсць дзён узяў Езус Пятра, Якуба і Яна і асобна павёў іх адных на высокую гару. І перамяніўся перад імі» (Мк 9, 2). І гэта яны маглі быць тымі, хто да сваёй смерці ўбачыў Сына Чалавечага ў хвале.

Тэкст, над якім мы разважаем, не кажа нам непасрэдна ні пра ўваскрасенне Езуса, ні пра спасланне Духа Святога, хаця тэкст гэты, безумоўна, быў напісаны пасля ўваскрасення.

Як гэты верш Святога Пісання рэалізаваць у жыцці? Езус, калі фарысеі спыталі ў Яго, калі ж прыйдзе Божае Валадарства, адказаў: «Не прыйдзе Валадарства Божае заўважальна,  і не скажуць: “Вось тут”, або: “Там”. Бо Валадарства Божае ёсць унутры вас» (Лк 17, 20-21). У іншым месцы Езус кажа: «Калі Я пальцам Божым выганяю злых духаў, то прыйшло да вас Божае Валадарства» (Лк 11, 20).

Такім чынам, для таго, каб убачыць Божае Валадарства, неабходна жыць згодна з Евангеллем — так рабілі першыя хрысціяне.

Кс. Валдзіс Дрыксна

aКсёндз Валдзіс Дрыксна, святар Ліепайскай дыяцэзіі (Латвія), дактарант Інстытута Біблейскіх Навук Люблінскага Каталіцкага ўніверсітэта св. Яна Паўла ІІ.

Калі ў вас ёсць пытанні, якія датычаць Святога Пісання, дасылайце іх на адрас Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript . У тэме ліста пазначце: «Цяжкія старонкі Бібліі».
 
© 2003-2024 Catholic.by