Сацыяльнае вучэнне Яна Паўла ІІ | Друк |
Сацыяльнае вучэнне Каталіцкага Касцёла
09.04.2014 14:10

Сацыяльна-палітычны кантэкст Пантыфікату

Пантыфікат Яна Паўла ІІ (1978–2005 гг.) прыпадае на змену эпох, стагоддзяў і ўваходу ў новае тысячагоддзе. Канешне, гэтаму доўгаму храналагічнаму перыяду спадарожнічала шмат змен у грамадстве і ў свеце ўвогуле. Варта тут прыгадаць і распад Савецкага Саюза, і камуністычнай сістэмы, і канец халоднай вайны, і станаўленне новых эканамічных і палітычных сістэм, і многае іншае. Па меры з’яўлення новых паняццяў і сацыяльных падзей Касцёл шукае адказ на тагачасныя  праблемы грамадства.

Сацыяльныя дакументы Яна Паўла ІI

Сярод сацыяльных дакументаў гэтай эпохі пералічым галоўныя энцыклікі:  

“Laborem exercens” (1981 г.)

Праз 90 гадоў пасля абвяшчэння першай сацыяльнай энцыклікі „Rerum novarum” Ян Павел ІІ прысвячае энцыкліку “Laborem exercens” працы – “асноўнаму дабру асобы, галоўнаму фактару эканамічнай дзейнасці, ключу да ўсяго сацыяльнага пытання”.

“Sollicitudo rei socialis” (1987 г.)

Энцыклікай “Sollicitudo rei socialis” Ян Павел ІІ адзначае дваццатую гадавіну “Populorum progressio” і яшчэ раз закранае тэму развіцця, яго ўмовы, сэнс і патрабаванні.

“Centesimus annus” (1991 г.)

У сотую гадавіну энцыклікі “Rerum novarum” Ян Павел ІІ абвяшчае сваю трэцюю сацыяльную энцыкліку “Centesimus annus”, якая адлюстроўвае дактрынальную пераемнасць стогадовага сацыяльнага вучэння Касцёла.

Галоўныя тэмы і аспекты навучання

Энцыкліка “Laborem exercens” паказвае духоўнасць і этыку працы ў кантэксце глыбокага тэалагічнага і філасофскага разважання. Праца не павінна разглядацца толькі аб’ектыўна і матэрыяльна. Але трэба таксама браць пад увагу яе суб’ектыўны характар як дзейнасці, якая заўсёды з’яўляецца адлюстраваннем асобы. Акрамя таго, што праца з’яўляецца асноўным узорам сацыяльнага жыцця, яна мае пэўную годнасць асяроддзя, у якім павінна адбывацца рэалізацыя натуральнага і звышнатуральнага паклікання асобы.       

У энцыкліцы “Sollicitudo rei socialis” Ян Павел разглядае тэму развіцця з двух бакоў: з аднаго боку абмяркоўваецца драматычнае становішча сучаснага свету ў аспекце недастатковага развіцця Трэцяга Свету, а з другога - звяртаецца ўвага на сэнс, умовы і патрабаванні развіцця, годнага чалавека. Энцыкліка праводзіць адрозненне паміж прагрэсам і развіццём, сцвярджаючы, што “сапраўднае развіццё не можа абмяжоўвацца памнажэннем дабротаў і паслуг, гэта значыць таго, чым можна валодаць, але павінна таксама садзейнічаць паўнаце чалавечага быцця”. Гэтым самым энцыкліка выразна паказвае маральную сутнасць сапраўднага развіцця, дзе спакой з’яўляецца таксама і плодам салідарнасці.

У энцыкліцы “Centesimus annus”, напісанай у юбілейны соты год з дня напісання першай сацыяльнай энцыклікі, Папа падсумоўвае ўвесь дактрынальны корпус вучэння Касцёла. Вяртаючыся да аднаго з асноўных прынцыпаў хрысціянскай канцэпцыі грамадскай і палітычнай арганізацыі, якая была галоўнай тэмай папярэдняй энцыклікі, Папа піша аб “прынцыпе, які сёння называецца прынцыпам салідарнасці, гаворыць неаднаразова Леў ХІІІ, называючы яго сяброўствам”. Пій ХІ выкарыстоўвае не менш вядомае азначэнне “сацыяльная любоў”, а Павел VI, пашыраючы гэтае паняцце з улікам сучасных шматлікіх вымярэнняў сацыяльнага пытання, гаворыць пра “цывілізацыю любові”. Ян Павел ІІ выразна паказвае, што сацыяльнае вучэнне Касцёла рухаецца вакол стрыжня ўзаемнай сувязі паміж Богам і чалавекам: пазнаваць Бога ў кожным чалавеку і кожнага чалавека ў Богу – гэта ўмова сапраўднага чалавечага развіцця. Падрабязны і паглыблены аналіз “res novae”, асабліва пасля вялікага павароту 1989 года, калі адбылося падзенне савецкай сістэмы, утрымлівае станоўчую ацэнку дэмакратыі і свабоднай эканомікі і ў межах абавязковай салідарнасці.

Ганна Страшкевіч

 
© 2003-2024 Catholic.by