Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Згубленае, як знойдзеш...
Малое для большага. Старонка Тэрэсы Клімовіч
07.08.2012 10:29

Вам бывае страшна нешта згубіць? Мне — так. Пачуццё бывае ірацыянальным, балючым, а праз нейкі час — недарэчным і смешным. І праблема не ў тым, што страхі могуць быць надуманымі, і нават не ў тым, што баішся згубіць тое, што табе і не належала — гэта можна заўважыць і зразумець. Бяда, калі баішся недаатрымаць, шкадуючы сябе з усіх сіл. Як заўважыць, што насамрэч гэта не страта, а выбаўленне?

Або ці можна ўкрадзенае аддаць без болю? Прысвойваць лёгка (нават пазычаць — і то прыемна), а вярнуць — нібы ад сэрца адрываеш. Прыкладаў процьма.

А як было ізраільцянам шкада Егіпта, адкуль Бог іх вывеў. Столькі там ужо нажылі, набудавалі... Усё згубілі ў гэтай пустэльні... Можа вярнуцца...» Бывае, сэрцам прырасцеш так, што сваіх сіл не хопіць нават на «падумаць аддаць», не тое, што «згубіць». Таму заўсёды так актуальны заклік «Не бойцеся!..»

Пачынаць толькі цяжка, бо з сябе. І без Божай дапамогі ўвогуле немагчыма — ні ўбачыць, што ўсё патрэбнае дадзена табе, ні зразумець, што згубіць кайданы — гэта свабода, ні ўзрадавацца, што любоў у чарговы раз аказалася мацней за страх.

Тэрэса Клімовіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.