Моц сяброўскіх рук | Друк |
Малое для большага. Старонка Тэрэсы Клімовіч
18.07.2013 11:24

Убачыўшы іх веру... (Лк 5, 20)

У гэтай гісторыі пра аздараўленне паралізаванага чалавека няма пралогу. А мне здаецца, што Езус убачыў сяброў не толькі ў праёме разабранага даху, але значна раней. Ён бачыў, як яны разгублена стаялі перад натоўпам людзей, пакуль Ён навучаў, і як не адступіліся ад свайго намеру: зараз або ніколі!

Бачыў, як неслі свайго хворага сябра праз горад, выціраючы пот і змяняючы рукі. Бачыў, як наведвалі яго доўгія гады, таксама ў тыя цяжкія часы, калі ён закрываў вочы і адмаўляўся гаварыць і есці.

Езус бачыў, як яны, нават дранцвеючы ад уласных клопатаў і бедаў, не пакідалі свайго сябра, дапамагалі ягоным блізкім, жылі надзеяй, маліліся, шукалі лекі і сродкі.

Шукалі, стукаліся, прасілі, верылі — і атрымалі...

Я не пішу гэта дзеля таго, каб спытацца: а якія мы сябры? Я толькі хачу разам з Хрыстом паглядзець на сваіх сяброў. Таксама знізу ўверх. Бо што было б без іх?.. І, праслаўляючы Бога, падзякаваць за моц іхніх рук, за іх любоў і веру.

Тэрэса Клімовіч

 
© 2003-2024 Catholic.by