Кожнай журбінцы – па журавінцы | Друк |
Малое для большага. Старонка Тэрэсы Клімовіч
19.11.2013 15:57
Як цяжка не скрывіцца, з'еўшы журавіну — немагчыма намаляваць на твары чалавека ўсмешку замест горкай грымасы. Адкуль жа бярэцца ў чалавека панурасць? З чаго вырастае, калі здаецца, што няма чаго бедаваць? Карані губляюцца недзе ў сардэчнай глыбіні, куды і сам чалавек не часта адважыцца зазірнуць, і мала каму дазволіць наблізіцца.
 
Нават Бога будзе вадзіць па сваіх клопатах, нагадваць пра крыўды і паніжэнні, прасіць, настойліва перапытваць, маўчаць, думаць пра сваё... І не глядзець у вочы, не заўважаць, што Богу важна... Нібы трымаючы Яго за рукаў, гаварыць-гаварыць-гаварыць. Так нязручна, так цяжка яго адпусціць і даць Богу сваю руку, дазволіць вясці і паказваць. Ці не руіны за белымі фасадамі? Ці не аб прайграных бітвах свайму эгаізму так не хочацца ўспамінаць? 

Кожны адкінуты Божы дар адгукаецца журбой, не вельмі заўважнай спачатку. Так... лёгкая прыкрасць, накшталт «падумаю аб гэтым пасля»... Вось было памкненне прабачыць — не, не дарую, не сёння і не проста так. Была магчымасць злітавацца — не, буду стаяць на сваім, маё права. Хацелася дапамагчы — а можа іншым разам, сёння столькі спраў... Не ачарняць — што вы, гэта была толькі праўда, і не ў вочы ж гэта казаць! Не спяшацца — дзе там, гэта ўжо лянота, а не натхненне... Ці не?

Нават расказаць пра такія «тонкія», няўлоўныя моманты можна па-рознаму. Нават сабе. І ніхто не аспрэчвае, што ты добры. Толькі прыглядзіся і падлічы —  колькі ж натхненняў змарнавана? «Лёгкі ветрык» прайшоў так блізка... Божая ласка, з якой можна было горы пераставіць у прасторы і часе, гатовая была праліцца на цябе... Каб хоць шчылінку ў дзвярах свайго сэрца пакінуў, каб хоць стаўні прыадчыніў, калі насцеж смеласці не хапае... Ой, надта часта Бога сустракаюць глуха замкненыя нашыя хаты.

Вось і кацяцца горкія журбінкі адна па адной глыбока ў сэрца... Каб за кожную з іх хто-небудзь даваў табе па журавінцы, можна было б даўно варэнне зварыць. Праўда, карысней журавіны сцерці сырымі з мёдам, напрыклад. А дзе ўся слодыч? Ва ўдзячнасці. Гэта не значыць прымружваць вочы: здайся, ўсё ціха і дзякуй Богу, а наадварот — кожнае дабро адзначыць, як Божы падарунак, разгарнуць, прыняць, узрадавацца. Нават заробку людзі цешацца, а то падарункам! У тым уся й справа, што ні за што. Вось тым, каго ты пакрыўдзіў, сапраўды ёсць за што, а табе?.. :)

Ну, як там? Соладка ці горка? Лекі, браце, салодкімі не бываюць. А вось скончацца журбінкі-журавінкі-разумнаму-навука, тады і смак зменіцца.
 Тэрэса Клімовіч
 
 
 
© 2003-2024 Catholic.by