Малыя людзі ў вялікіх натоўпах | Друк |
Малое для большага. Старонка Тэрэсы Клімовіч
18.12.2013 11:06

«Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі» — скажа Езус. Нават Яго заўважылі і сустрэлі дабром далёка не ўсе, а то Ягоных меншых, зусім маленькіх, у цяперашніх натоўпах?

Да ўчарашняга вечара я ведала пра «бітком набіты аўтобус» толькі тэарэтычна. Да гэтага я ездзіла ў поўных і перапоўненых аўтобусах, але ў натоўпе, які сціскае цябе да болю і абцяжарвае дыханне, апынулася першы раз. Поручні ўжо непатрэбныя, нават мая торбачка вісела невядома дзе, асобна ад мяне... Магчыма, я забылася, магчыма, проста даўно не была ў сапраўдных чэргах і на прыпынках у гадзіны пік. Нейкая жанчына каля дзвярэй уздыхнула: «Як скаціну возяць...» Але я сумняваюся, што гаспадар загнаў бы жывёлу ў такія ўмовы. А людзі ж ездзяць так можа штодня... А хворыя на калідорах у перапоўненых шпіталях? А доўгія чэргі беспрацоўных? Людзі ў лагерах для бежанцаў... Зняволеныя ў вязніцах...

Першая думка — не хочацца туды трапляць, далучацца, і нават ведаць... А Бог выбраў перапоўнены Бэтлеем, каб прыйсці на свет. Напэўна, у заездах бітком было людзей, а вось жывёлу і тады трымалі ва ўмовах больш-менш вольных і прыстойных. Але ж як убачыць Святую Сям'ю сярод людскога руху? Усе ў Бэтлееме ведалі, навошта папрыходзілі, перапіс выглядаў значнай гістарычнай падзеяй «усёй зямлі». А насамрэч важнае было побач, але не навідавоку.

Магчыма, каб кожнага жыхара і госця горада індывідуальна абудзіў анёльскі хор... Але зноў жа — ледзь-ледзь выбіў сабе ложак у гэтым, з вашага дазволу сказаць, гатэлі, прылёг, а тут кажуць «Ідзі, там радасць, яслі, Немаўля, ты заслухаешся й пойдзеш, вернешся — а месца занятае! Добра тым пастухам устаць і пабегчы, калі губляць няма чаго... Сапраўды, добра...

«Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі» — скажа Езус. Нават Яго заўважылі і сустрэлі дабром далёка не ўсе, а то Ягоных меншых, зусім маленькіх, у цяперашніх натоўпах?

Дай, Хрысце, тыя вочы, ды тую адвагу, каб не сябе, як асла, ахоўваць, а працягнуць руку свайму бліжняму ў патрэбе.

Тэрэса Клімовіч

 
© 2003-2024 Catholic.by