Пра веру, боль і надзею | Друк |
Малое для большага. Старонка Тэрэсы Клімовіч
08.03.2014 10:35

"Калі пакутуе частка Цела, я таксама павінен адчуваць страту. Боль дасца ў знакі самотнасцю, адчаем, фізічнымі пакутамі, нянавісцю да сябе".

Калі верыць, што мы – часткі Хрыстовага Цела (а незалежна ад нашага стаўлення, так і ёсць), то спачуванне, узаемадапамога, салідарнасць паміж хрысціянамі павінны быць звычайнай з'явай, справай зразумелай і не патрабуючай нейкай асаблівай адзнакі. Часта так і бывае. Але на самой справе не так часта, як магло б быць.

Атрымліваецца, што мы пакліканыя перажываць чужы боль, як свой. Але ў жыцці мы ведаем, што за блізкіх і сяброў мы хвалюемся мацней, і да евангельскага братэрства яшчэ нам ісці і ісці. Але ўсё ж такі ад таго, што мы адмахнемся ад пакутаў незнаёмых людзей, створым сабе панцыр накшталт "самі вінаваты, палезлі куды не трэба", пачуццё страты не абміне нас... Магчыма, адсюль гэтае надакучлівае "нешта не так". Бо замест таго, каб адгукнуцца, замыкаем сэрца, стараемся не мець небяспечных думак, зберагаем камфорт.

Можа стварыцца ўражанне, што можна патануць у болі і адчаі, перажываючы за ўсіх і ўсё. Але мне здаецца, гэта якраз-такі магчымасць стаць (ці застацца) чалавекам. Без Хрыста, Крыніцы надзеі, сапраўды змрок можа зрабіцца нязносным, апусцяцца рукі, але  – "Не бойцеся..."

Што найбольш уражвае ў стаўленні некаторых знаёмых да падзей ва Украіне – гэта калі пачынаюць гаварыць, як дыктары дзяржаўных тэлеканалаў. Не заўважаюць, наколькі бязлітасныя іх прысуды...  Магчыма, мне проста пашчасціла мець сяброў і добрых знаёмых ва Украіне і глядзець на падзеі іх вачыма, пачынаючы з лістапада 2013-га. Кажуць, нельга нікому верыць, але гэта просты шлях у безнадзейнасць, а нам туды не трэба. Бог дае чалавеку магчымасць сустрэць людзей, якім можна давяраць. Менавіта яны без красамоўства, але ад сэрца, пішуць, гавораць пра свае перажыванні, якія адлюстроўваюць стан рэчаў лепш, чым любая афіцыйная інфармацыя.

Глядзець вачамі сяброў на пакуты Украіны цяжка, таму што вельмі часта глядзець даводзіцца праз іх слёзы. І не прыдумалі такі "панцыр", каб гэтыя слёзы не сталі і тваімі...

Тэрэса Клімовіч

 
© 2003-2024 Catholic.by