Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Будоўля на ўсе часы
Малое для большага. Старонка Тэрэсы Клімовіч
23.03.2014 18:55

Нездарма кажуць будаўнікам: "Памагай Бог!" Зычаць і іншым працоўным людзям гэтак жа, але ж калі гаворка пра будоўлю, многія пераканаліся ў праўдзівасці псальма: "Калі Пан не збудуе дома, марна працуюць будаўнікі яго..." (Пс 127, 1) А вельмі крыўдна дарма высільвацца. А вось калі Бог памагае...  Праца не робіцца лягчэйшай, і рукі баляць не менш, і на холадзе задубееш, і на сонцы спячэшся, але справа ладзіцца, і сэрца ціха спявае ўнутры. Будоўля ж сэрца чалавека пачынаецца з першым уздыхам і вядзецца ўсё жыццё.

Зараз многім ад навінаў адбірае мову. Як той казаў: "Думаў я, што гэта ўжо дно, але знізу пастукаліся"... Нібыта і хочаш нешта сказаць, а адчуваеш, што аднадумцы разумеюць без слоў, а тых, хто мяркуе інакш, не пераканаеш. На жаль, голас прапаганды грамчэйшы. Хочацца сказаць некаторым людзям, каб неяк берагліся расійскай афіцыйнай інтэрпрэтацыі падзеяў, бо гэтыя іхнія навіны і прамовы падобныя на камняпад. Свядома стаяць пад ім – шкодна для здароўя. Куды потым з параненай галавой? Пакінем прапагандыстам іх марную працу, не ў стане яны будаваць.

Застаюцца ж незаўважныя, нябачныя разбурэнні, раскіданыя камяні... Часам так карціць схапіцца за камень і шпурнуць у бліжняга, праўда? Словам вострым з інтанацыяй крыўднай замахнуцца так, каб дайшло, нарэшце... Але чакай, трэба ўспомніць пра прыстойнасць і захаваць чарговасць: "Хто з вас без граху, няхай першы кіне камень..."

Толькі Хрыстус можа камяні забраць з нашых рук.

Каб жа хутчэй настаў час збіраць і будаваць...

Не вязніцы, якія рассыпяцца, а дамы, якія будуць імкнуцца ў вышыню...

Тэрэса Клімовіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.