Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Выйсці насустрач
Малое для большага. Старонка Тэрэсы Клімовіч
28.11.2014 12:24

Магчыма, многія памятаюць, як Балаама збянтэжыла ўпартасць асліцы, якая не хацела рухацца наперад, але ніяк не тое, што яна пачала на чалавечай мове задаваць яму пытанні. Уяўляю сабе, каб мая «Шкода» раптам спыталася: «Чаму ты здзекуешся з мяне? Ці я хоць раз цябе падвяла?» Ох, нават не ведаю, што са мной было б...

Кніга Лічбаў расказвае пра аднаго чалавека з імем Балаам, які жыў з цвёрдай пастановай «і ў малым, і ў вялікім» слухаць Бога, адразу папярэджваў князёў, што нават за «поўны дом срэбра і золата» не перакрочыць слова Пана, а ў падарожжы звычайна выбіраўся на сваёй асліцы, якая аднойчы ўбачыла Анёла і спалохалася (Ліч 22-24).

Магчыма, многія памятаюць, як Балаама збянтэжыла ўпартасць асліцы, якая не хацела рухацца наперад, але ніяк не тое, што яна пачала на чалавечай мове задаваць яму пытанні. Уяўляю сабе, каб мая «Шкода» раптам спыталася: «Чаму ты здзекуешся з мяне? Ці я хоць раз цябе падвяла?» Ох, нават не ведаю, што са мной было б...

Балаам быў чалавекам мудрага і простага сэрца. З кожным пытаннем звяртаўся да Бога і не імкнуўся даведацца далей, чым на адзін крок наперад. Пачуў, што трэба ехаць, і не дапытваўся, што будзе, калі ён прыедзе, што адбудзецца па дарозе, як і што сказаць цару Балаку. А мог бы параіць Богу некаторую аптымізацыю: навошта царскім князям двойчы ездзіць, ці, напрыклад, чаму не выключыць эпізод з асліцай, які выстаўляе Балаама нэрвовым чалавекам, які спаганяе злосць на нявіннай жывеліне. Таксама і Анёла можна не турбаваць...

Не, спакойна прымаючы абмежаванасць і няпэўнасць, ён выпраўляецца слухаць Божы голас зноў і зноў... «І сказаў Балаам цару Балаку: Пастой каля целаспалення свайго, а я пайду, можа, мяне спаткае Пан, і што мне загадае, скажу табе».

І ён выходзіць чакаць, поўны рашучасці выканаць любое слова Найвышэйшага. Але з пакорным прызнаннем, што, магчыма, Бог не адразу аб'явіць сваю волю, магчыма, не так, як чакаецца. «Пайду насустрач Пану», — кажа ён. Біблія гаворыць, што кожны раз ён чуе голас і перадае нават не тое, што мае на сэрцы, але толькі пачутае ад Пана. Балаам сказаў пра сябе, што ён «ведае думку Найвышэйшага», але пакора ягоная была не меншай, чым веды.

Вось мы стаім на парозе Адвэнту, чакаем, што Бог прыйдзе. Прыйдзе на зямлю Богам і Чалавекам. Прыйдзе, каб адкрыць людзям праўду, што Бог ёсць любоў, што Ён сам шукае людзей у самых гіблых месцах. Здавалася б, якое там «насустрач» з іх боку ў складаных абставінах... Але хто можа бачыць сэрца чалавека і самыя глыбокія ягоныя плыні? У чым гэты ўнутраны рух насустрач Богу? Хто ім кіруе, натхняе, абуджае? Я не вельмі знаюся на такіх вялікіх справах. Але я ведаю, што часта адбываецца потым. Я ведаю, як непрыкметна сплываюць адзін па адным поўныя добрых намераў, ды вартыя жалю дні.

Бо тое, што зразумеў, пачуў, вырашыў трэба выканаць, — гэта другі крок, як вучыць нас прыклад Балаама. І пачынаецца: ой, я не дачула, а што калі крыху аптымізаваць, а мне трэба падрыхтавацца-адпачыць-падумаць-праверыць пошту, а каму гэта патрэбна, толькі час марнаваць... У чалавека шмат апраўданняў, самае шчырае з якіх «не хачу». Глядзіш, неўзабаве ўтвараецца цэлы ланцужок з такіх «не хачу», і далёка з ім не паляціш.

Быць людзьмі, на якіх можна спадзявацца, нялёгка. Мала зрабіць, трэба потым прыслухацца і паглядзець, ці сапраўды дзейнасць на добрае выйшла. Трэба аналізаваць вынікі, вучыцца на памылках, размаўляць, калі прыйдзецца, нават з асліцамі... Што ж рабіць, калі часам яны паводзяць сябе разумней, чым людзі.

Каб зрабіць першы крок, трэба адчапіць ад сябе ўсё, што кручкамі трымае на месцы: рэчы гэта ці страх з лянотай. Зараз надыходзіць вельмі спрыяльны час. Толькі выйсці Пану насустрач немагчыма без надзеі на сустрэчу. А хто патрабуе больш?.. Потым нам самім трэба патрабаваць ад сябе выканання таго, што пачулі — і ў малым, і ў вялікім, каб стаць надзеяй.

«Адвэнт — духоўны перыяд надзеі, пераважна — надзеі, і ў гэты час увесь Касцёл закліканы быць надзеяй, для сябе і для ўсяго свету» (Папа Бэнэдыкт XVІ).

Тэрэса Клімовіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.