Небаракі і рызыканты | Друк |
Малое для большага. Старонка Тэрэсы Клімовіч
05.09.2016 11:44

Шмат людзей ішло за Езусам (Лк 14, 25). Як збіраліся гэтыя натоўпы? Чаму, паслухаўшы гадзінку, яны не разыходзіліся?

Цяжка ўявіць, што мелі шмат вольнага часу, жывучы з працы сваіх рук. А ім жа хацелася кінуць усё і хадзіць за Езусам. Значыць, Яго голас быў мацнейшы за голас неапрацаванага поля, кашоў і скрыняў, сетак для ўлову, утульных пасцеляў пасля доўгага дня, нават за галасы блізкіх і прыяцеляў.

Непазбежна ўзнікае пытанне: ці надоўга?

Калі я спрабую ўявіць сябе ў гэтай грамадзе самых розных людзей, то адказ прыходзіць сам сабой: я буду тут, пакуль не прагоняць. Кожны з таго натоўпу туляўся па сваіх сцежках, пакуль не знайшоў Езуса. І цёмна, і самотна бывала на гэтых сцежках. І кожнага чалавека, які набліжаўся да Яго, здалёк сустракаў невымоўнай любові позірк. Ён прымаў людзей без умоў, аддаючы самога Сябе.

Ці не там хочацца застацца, дзе цябе так любяць, дзе сэрца спявае ад радасці?
Толькі... ці надоўга?

«Назаўсёды», — адказвае Хрыстус. Больш не трэба нікуды адыходзіцца і клапаціцца пра ўсё на свеце, жабруючы любоў там, дзе яе не могуць даць. Але шырока адкрый вочы і добра разгледзься, за Кім ты збіраешся пайсці.

Калі галасы палёў, тэрміновых працаў, сям'і, суседзяў, звычак і эгаізму зноў загучаць на поўную сілу, ты будзеш сцішаць іх. Кожны дзень.

Калі цябе перастануць разумець, пачнуць высмейваць, праганяць, саромецца цябе з-за Мяне, ты будзеш прымаць гэта. Якім бы болем не зайшлося сэрца, якім бы ні быў твой крыж, ты возьмеш яго на плечы і панясеш, не зводзячы вачэй з Мяне, бо Я прайду гэты твой шлях Першым.

Гэта вузкая сцежка — толькі як прайсці. Ні валізак, ні торбаў не ўтрымаеш. Крок за крокам ты пазбавішся іх усіх, нават калі не пакінеш адразу.

Так што добра падумай, падлічы ўсё, што маеш і што прысвойваеш, — калі застаешся са Мной вучнем, яно болей не мае голасу.

Пры такім раскладзе чые заўгодна вочы раскрыюцца шырока. Натоўп павінен быў заўважна парадзець, бо няцяжка заўважыць некаторыя небяспекі: «Урэшце, звычайнаму прапаведніку прыстала б мець больш сціпласці, разумення дый розуму. Не слухаць сям'ю?

Згадзіцца на крыж? Што ж гэта за людзі, якія здольны на такое? Давайце скажам адразу: у выніку з гэтым Езусам застанецца некалькі небаракаў, якім няма куды падацца. І чаму я павінен быць у іх кампаніі? Яшчэ добра, што загадзя папярэдзілі!»

Сапраўды, такое шчырае і простае папярэджанне. Зноў і зноў новыя пакаленні хрысціян вядуць свае падлікі, вырушаючы ў дарогу за Хрыстом, і трэба прызнаць, што даўней лічылі лепш, бо адракаліся ўсяго.

Сёння мы больш рызыкуем, спрабуючы захапіць з сабой хоць некалькі торбачак эгаізму «на ўсялякі выпадак», зрабіць выхадныя ад крыжоў, і тым самым не скончыць будаваць сваіх вежаў і не выйграць духоўных бітваў. Але той самы Езусавы позірк чакае здалёк — там, дзе ты ёсць, кожны дзень.

Тэрэса Клімовіч

 
© 2003-2024 Catholic.by