9 гадзін цішыні | Друк |
Малое для большага. Старонка Тэрэсы Клімовіч
15.01.2017 15:40

Што застанецца ад чалавека «ў сухім астатку»? Нейкі шэры парашок? Прах, прыведзены ў рух таямнічай сілай, — ці можна так назваць чалавека? Дзівоснае падабенства да хлеба, дзеля якога мала змяшаць муку з вадой. 

Паасобку складнікі нічога не значаць, гэта толькі праект, мара, перадумова чагосьці цудоўнага. Хлеб — над панамі пан, як казалі нашыя продкі. Гэтую прымаўку нагадаў на сваім майстар-класе Алесь Прышывалка, які выпякае «штукарскі хлеб» па старых рэцэптах. 

Няма «сакрэтных інгрыдыентаў», усё надзвычай проста. На словах, на паперы, нават па назіраннях. Але спрабуючы атрымаць сапраўдны хлеб уласнымі рукамі, давядзецца аддаць працэсу шмат усяго жывога. Для закваскі трэба крыху вады, мукі, цёплага месца і некалькіх дзён, каб адбывалася ферментацыя.

Залянуешся — змарнуеш усё

Тады яна дапамагае цесту «падысці», а хлеб будзе лёгкім і пульхным. «Жывая» закваска робіць цуд з мукой і вадой, каб усё разам стала цестам для выпякання. Вось яно, здаецца, дыхае ў дзяжы, напаўняючы памяшканне сваім смачным водарам.

Але пакуль той пах ды гарачая печ, цеста трэба вымясіць і пачакаць, каб яно падышло. Усе складнікі — мука, вада, закваска, соль і, магчыма, што-небудзь духмянае (кмен, мацярдушка, арыгана) — павінны шчыльна змяшацца, спалучыцца, прыняць адно другога, а гэта цяжкая ручная праца. Сем патоў сыдзе, пацямнее ў вачах, і ногі падкосяцца, і рукі самлеюць, але нельга кінуць мясіць, пакуль цеста не стане гладкім, шчыльным, аднародным, пластычным, як гліна.

А іначай ніяк: залянуешся — змарнуецца ўсё. Мука ж таксама вялікіх высілкаў каштавала. Трэба аддаць хлебу не толькі сілы, але і любоў: да тых, хто будзе спажываць гэты хлеб, да жыцця, да працы, да ўсяго свету і Бога, з чыёй ласкі ўсё гэта мае сэнс.

Потым надыходзіць чарга для самага галоўнага — чакання. Пасля ўсяго гэтага зацятага замешвання, трэба пакінуць цеста ў цяпле і спакоі на 9 гадзін. Практыка вывяла гэтую лічбу, і няма падставаў ёй не давяраць. 9 гадзін цішыні. На першы погляд, у дзяжы пад ручніком нічога не адбываецца. Стаіць і стаіць сабе. Але кожны пекар ведае, які важны гэты час. Даўней нават дзецям забаранялі шумець, калі хлеб падходзіць, нібы баючыся зрушыць нешта невядомае. А можа, з павагі да таямніцы, якая адбываецца побач.

З гатовага цеста робяць боханы. Зноў крыху чакаюць. Садзяць у печ. Пільнуюць, каб не згарэў і сыры не быў. І зноў (!) даюць яму час — астыгнуць, паляжаць у халадку. І толькі потым нясуць да стала.

Дзеля чаго я прыгадваю гэта ўсё? Бо мала жадання «раздаць сябе іншым», мала прыкласці ўсе намаганні, каб дамяшаць закваску Божага Валадарства ў кожны аспект і кожную сферу свайго жыцця, як бы цяжка гэта не далося.

Трэба згадзіцца на час чакання і цішыні, калі невядома, што з табой будзе, калі ёсць рызыка, што ўся дзяжа цеста будзе выкінута вон, і прыйдзецца пачынаць наноў, калі штосьці неверагоднае адбываецца ў глыбіні, а ніхто не бачыць і не разумее. Час ласкі, прыняцця і цуду. Толькі ніхто не вывеў яшчэ, колькі доўжацца 9 хлебных гадзін у пераліку на чалавечае жыццё.


Тэрэcа Клімовіч

 
© 2003-2024 Catholic.by