Тры абразы: гісторыя выявы Езуса Міласэрнага | Друк |
Пераклады
17.10.2014 12:36

Абраз Езуса Міласэрнасці — найбольш прыкметны сёння знак культу Божай Міласэрнасці, распачаты св. Фаўстынай Кавальскай. Сярод шэрагу варыяцый выявы ў свеце найбольш вядомымі сталі тры з іх. Адзін з абразоў, які пісалі пры садзейнічанні с. Фаўстыны, доўгі час захоўваўся ў Беларусі. 

к

Абраз Эўгеніюша Казіміроўскага (напісаны ў 1934)

Гэты адзіны вобраз Езуса Міласэрнага, які ўбачыла на ўласныя вочы сястра Фаўстына. Калі Хрыстус прапанаваў ёй у адным са сваіх аб’яўленняў у 1932 годзе скласці канкрэтны абраз Яго постаці, то законная сястра не ведала, як гэта зрабіць. Толькі дзякуючы свайму спаведніку кс. Міхалу Сапоцьку, з якім яна пазнаёмілася ў Вільні, яна магла споўніць пажаданне Езуса. Сапоцька жыў у той час у будынку капеланіі сясцёр візітак на віленскай Россе, дзе сваю кватэру і майстэрню меў мастак і выкладчык Эўгеніюш Казіміроўскі (1873-1939). Ён таксама — са студзеня па чэрвень 1934 года — маляваў абраз Езуса Міласэрнага. У якасці мадэлі яму пазіраваў кс. Міхал Сапоцька, а сястра Фаўстына час ад часу прыходзіла ў майстэрню, каб карэктаваць, ці вобраз Езуса адпавядае таму, які яна бачыла ў аб’яўленні.

Упершыню абраз быў прадстаўлены грамадскасці падчас Пасхальнага Трыдуума ў 1935 годзе. Пазней ён знаходзіўся ў віленскім касцёле св. Міхала, рэктарам якога быў кс. Міхал Сапоцька.

У 1948 годзе, калі савецкія ўлады зачынілі святыню, палатно трапіла ў віленскі касцёл Св. Духа, а ў 1956 годзе — у невялікі вясковы касцёл у вёсцы Новая Руда ў Беларусі (сёння — парафія Св. Юзафа ў дэканаце Гродна-усход — заўв. перакл.). Тут яно і захоўвалася 30 гадоў.

У 1986 годзе абраз патаемна вывезлі ў Вільню, дзе праз год змясцілі ў касцёле святога Духа. Апошні пераезд быў у 2005 годзе, калі па рэкамендацыі кардынала Аўдрыса Юозаса Бачкіса абраз перанеслі ў касцёл Святой Тройцы у Вільні, дзе паўстаў санктуарый Божай Міласэрнасці.

Абраз Адольфа Хылы (напісаны ў 1944)


Гэты абраз падчас Другой сусветнай вайны згадзіўся напісаць для кляштара Кангрэгацыі Сясцёр Маці Божай Міласэрнасці ў Лагеўніках (Польшча) кракаўскі мастак, вучань Яцка Мальчэўскага — Адольф Хыла (1897 – 1965).

Ён прапанаваў напісаць які-небудзь абраз у капліцу законных сясцёр як воту за ацаленне ад смерці яго сям'і. Тады езуіт а. Юзаф Андраш, які з 1936 па 1938 год быў спаведніком і духоўным кіраўніком сястры Фаўстыны, папрасіў мастака, каб ён намаляваў выяву Езуса Міласэрнага. Адзіным указаннем, як павінен выглядаць Хрыстус на абразе, было апісанне Яго постаці, пакінутае ў «Дзённічку» спачылай законніцы. Абапіраючыся на гэтае апісанне, Хыла пісаў абраз у перыяд з лістапада 1942 па сакавік 1943 года.

Аднак аказалася, што памерам палатно не падыходзіла да інтэр'еру бакавога алтара капліцы. У сувязі з гэтым законныя сёстры замовілі ў мастака яшчэ адзін абраз, які змясцілі ў капліцы ўжо ў красавіку 1944 года.

Пазней мастак зрабіў яшчэ адну змену — першапачаткова твор мастацтва прадстаўляў Хрыста на фоне ландшафту, але ў 1954 годзе Хыла перамаляваў фон на цёмны колер, а пад стопамі Збаўцы з'явілася падлога. Да сённяшняга дня гэты абраз з’яўляецца найбольш вядомай выявай Езуса Міласэрнага. Падлічана, што Хыла намаляваў яшчэ больш за 100 карцін такога тыпу, якія патрапілі ў розныя касцёлы.

Абраз Людаміра Сляндзінскага (напісаны ў 1954)

Гэта карціна выйграла конкурс на найлепшую выяву Езуса Міласэрнага і атрымала прыхільнасць польскіх біскупаў. Абвяшчэнне пра вынікі конкурсу стала вынікам бурлівага пленарнага пасяджэння польскага епіскапату ў верасні 1953 года. Адначасова з’явілася шмат крытычных думак наконт абразоў Езуса Міласэрнага, намаляваных рознымі мастакамі і распаўсюджаных па касцёлах усёй Польшчы. Быў выказаны папрок, што многія абразы не адпавядаюць літургічным і дагматычным канонам Каталіцкага Касцёла.

Найбольш абураўся біскуп Францішак Барда, які сцвердзіў, што частка гэтых палотнаў не адпавядае каталіцкаму навучанню, калі не абапіраецца на Аб'яўленне са Святога Пісання, але на асабістыя аб’яўленні, аўтэнтычнасць якіх яшчэ не пацверджана Касцёлам.

У сувязі з гэтым кс. Міхал Сапоцька пастанавіў бараніць ідэю абраза Езуса Міласэрнага і аб'явіў конкурс на новае бачанне, якое спаўняла б каноны навучання Касцёла. Трэба было прадставіць Хрыста, які аб’яўляецца вучням у вячэрніку і ўстанаўляе сакрамэнт пакаяння.

Адольф Хыла адмовіўся ад удзелу ў конкурсе. Перамогу атрымаў Людамір Сляндзінскі (1889-1980). Пераможцам яго вызначыла касцёльная камісія на чале з біскупам Станіславам Распондам. У кастрычніку 1954 года Галоўная камісія епіскапату Польшчы прызнала, што абраз Сляндзінскага павінен быць прыкладам для іншых мастакоў. Аднак гэта выява не здабыла такой папулярнасці сярод вернікаў, якую яна атрымала ў біскупаў. Конкурснае палатно змешчана ў капліцы Кангрэгацыі Сясцёр Маці Божай Міласэрнасці ў варшаўскім Грахове.

 Паводле Гжэгажа Гурнага (часопіс Niediela, №40, 2014)

Пераклад з польскай Аксаны Ючкавіч

 
© 2003-2024 Catholic.by