Новы закон пра дапаможныя рэпрадуктыўныя тэхналогіі. Меркаванне католікаў | Друк |
Абарона жыцця і сям’і. Старонка Ул. Валаховіча
15.02.2012 14:00

У Беларусі кожная шостая пара сужэнцаў не можа мець дзяцей. Праблема бясплоднасці з кожным годам становіцца ўсе больш вострай, тым больш, што гутарка ідзе пра будучыню нашай дзяржавы, бо і так нараджальнасць у нас вельмі нізкая. Таму на працягу 2011 года на самым высокім заканадаўчым узроўні рыхтавалася прыняцце закона пра дапаможныя рэпрадуктыўныя тэхналогіі.

7 студзеня 2012 года, у дзень праваслаўнага Божага Нараджэння, закон быў падпісаны Прэзідэнтам, а яшчэ праз паўгода ён стане правамоцным. Усе традыцыйныя хрысціянскія канфесіі выступілі з крытыкай гэтага закона, які датычыць пачатку жыцця чалавека. Асабліва балючым для нас, католікаў, з’яўляецца тое, што перад прыняццем такога важнага закона не былі праведзены шырокія кансультацыі з Касцёлам.   

Нічога дзіўнага, што ў законе знаходзіцца шэраг палажэнняў, з якімі католікі не могуць згадзіцца.

Размова ідзе, перадусім, пра працэдуру ЭКА (экстракарпаральнага апладнення), якая парушае святасць і інтымнасць сужэнскага саюзу. Вялікая таямніца зачацця новага чалавечага жыцця адбываецца ў прабірцы пад мікраскопам.

Акрамя таго, дазваляецца выкарыстанне донарскіх палавых клетак — сперматазоідаў і яйцаклетак, такім чынам, фактычна, узаконьваецца грэх чужалоства, які адбываецца ў стэрыльных умовах медыцынскага цэнтра.

Згодна з новым законам, ананімны донар сперматазоідаў легальна можа стаць бацькам дваццаці дзяцей, але не мае права даведацца пра іх лёс, што з’яўляецца чарговым ударам па самім паняцці бацькоўства. Вядома, што на Захадзе сярод дзяцей, зачатых з дапамогай ананімных донараў палавых клетак, узнікаюць цэлыя рухі па пошуку генетычных бацькоў, братоў і сясцёр. Акрамя таго, з-за ананімнасці донарства палавых клетак нельга выключыць магчымасць кровазмяшэння, гэта значыць шлюб могуць узяць брат і сястра, самі гэтага не ведаючы.

Новы закон дазваляе і сурагатнае мацярынства, да якога можа звярнуцца жанчына, якая не можа сама вынасіць дзіця. Трэба адзначыць, што ў большасці развітых краін сурагатнае мацярынства забаронена. А ў нашым законе да таго ж гэтая паслуга прапісана, як платная, што яшчэ больш вычварае паняцце мацярынства.

Вельмі насцярожвае ў новым законе факт, што да паслугі ЭКА можа звярнуцца жанчына, якая не знаходзіцца ў шлюбе. Узнікае слушнае пытанне: якім чынам жанчына, у якой няма мужа, можа ведаць пра тое, што яна з’яўляецца бясплоднай? Для чаго такой жанчыне патрэбна дзіця? Ці не зробіцца гэтае палажэнне ў заканадаўстве шчылінай для лесбіянак, якія жадаюць нарадзіць дзіця для сябе?

Жахлівыя словы пра тое, што можна рэдуцыраваць (гэта значыць забіваць) лішніх эмбрыёнаў у матцы, некалькі згладжаны тым, што гэта дазваляецца толькі па медыцынскіх паказчыках. Але ніхто не адмяняў селекцыю і рэдукцыю эмбрыёнаў у прабірцы, перад іх імплантацыяй у матку. Застаецца дазволеным і іх замарожванне. А менавіта такім чынам гіне 60–70% усіх дзяцей, зачатых у прабірцы, бо размарожаныя эмбрыёны, як правіла, не выжываюць.

І, нарэшце, найбольш абуральным у новым законе з’яўляецца артыкул 18, у якім дазваляецца выкарыстанне «лішніх» эмбрыёнаў у мэтах удасканалення методыкі ЭКА. Па сутнасці, мы маем справу з дазволам эксперыментаў над чалавекам, што было строга асуджана на Нюрнбергскім працэсе.

Для веруючых католікаў новы закон пра дапаможныя рэпрадуктыўныя тэхналогіі не можа быць кіраўніцтвам да дзеяння, бо яшчэ ў 2010 годзе каталіцкія біскупы Беларусі выступілі з адназначным асуджэннем методыкі ЭКА. Парам з паніжанай плоднасцю прапаноўваецца скарыстаць з метадаў лячэння бясплоднасці, якія з павагай ставяцца да чалавечага жыцця з моманту зачацця. Сярод такіх метадаў асабліва трэба звярнуць увагу на напратэхналогію, а таксама метад распазнавання плоднасці, якія ў многіх выпадках маюць больш высокую эфектыўнасць, чым ЭКА. У тых жа выпадках, калі не дапамагаюць і гэтыя метады, — варта ўспомніць пра магчымасць усынаўлення дзяцей-сірот, якіх у Беларусі па-ранейшаму шмат. Гэта можа быць па-сапраўднаму хрысціянскім выйсцем з крытычнай сітуацыі, у якой сёння апынаюцца многія беларускія сем’і.

Уладзіслаў Валаховіч

 
© 2003-2024 Catholic.by