Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«100 пытанняў — 100 адказаў». Галілеа Галілей — ахвяра несправядлівага пераследу Касцёла?
Рубрыка Ватыканскага радыё
27.06.2012 10:53

Калі прамаўляецца імя Галілеа Галілея, перад вачыма ўзнікае вобраз закатаванага навукоўцы, закаванага ў кайданы, які з гонарам кідае ў твар інквізітару-дамініканіну словы «Eppur si muove!» — «І ўсё ж яна верціцца!», даказваючы сваю тэорыю аб тым, што Зямля верціцца вакол Сонца.

 Адкрыць у новым акне Download (7Мб)

Паводле статыстычнага даследавання, праведзенага Еўрапарламентам, каля 30% студэнтаў краін Еўрапейскага саюза былі ўпэўнены ў тым, што Галілей за свае погляды быў спалены жывым на кастры. Амаль усе? з апытаных 97%, лічылі, што ён перажыў катаванні.

На працягу стагоддзяў антыкаталіцкай прапагандай быў створаны міф пра Галілея — змагара з сярэднявечным цемрашальствам, апостала сучаснай навукі, нібыта несправядіва асуджанага касцёльнымі невукамі. Паспрабуем разабрацца, ці сапраўды погляды Галілея былі навуковымі і ці сапраўды ён пакутаваў за іх.

Па-першае, варта адзначыць, што словы «І ўсё ж яна верціцца!» уклаў у вусны Галілея англійскі пісьменнік і журналіст Джузэпэ Барэці больш чым праз 100 гадоў пасля смерці навукоўца. Галілей іх ніколі не прамаўляў і гэта пацвярджаюць дакументы яго часоў.

Па-другое, падчас суда над Галілеем, які працягваўся на працягу чатырох дзён, ён змог прадставіць толькі адзін аргумент у абарону сваёй тэорыі аб тым, што Зямля верціцца вакол Сонца. І гэты аргумент быў няправільны. Паводле Галілея, доказам яго тэорыі з’яўляліся марскія прылівы і адлівы, якія нібыта адбываліся ў выніку руху Зямлі. З гэтым тэзісам, аднак, не былі згодныя суддзі, якіх Галілей адкрыта лічыў дурнямі. Суддзі, многія з якіх былі астраномамі з Ватыканскай абсерваторыі, лічылі, што прылівы і адлівы адбываюцца паводле закона месячнага прыцягнення, і як паказаў час — мелі рацыю. Такім чынам доказаў геліацэнтрычнай тэорыі Галілей не прадставіў.

У XVII ст. пталемейская сістэма (аб тым, што Сонца і планеты верцяцца вакол Зямлі) і каперніканская (аб тым, што Зямля верціцца вакол Сонца), лічыліся раўнымі гіпотэзамі і абедзве не мелі відавочных доказаў. Варта падкрэсліць, што першы сапраўдны доказ руху Зямлі вакол Сонца з’явіўся амаль праз стагоддзе пасля Галілея  — у 1748 г. А каб «убачыць» абароты Зямлі, было неабходна дачакацца 1851 г., калі быў створаны знакаміты маятнік Фуко.

Галілей быў выкліканы ў суд перш за ўсё таму, што парушыў эдыкт, які існаваў у тыя часы: у сваёй кнізе аб геліацэнтрычнай сістэме ён прадставіў ідэі Каперніка як даказаную тэорыю. А гэта не было так. У часы Галілея існавала часовая забарона публічнага выкладання геліацэнтрычнай тэорыі Каперніка, бо не існавала яе дасканалых доказаў. Касцёл не адмаўляў тэорыі Каперніка, але часова прызнаваў яе толькі як гіпотэзу і сам аўтар тэорыі не меў нічога супраць гэтага. Ён захоўваў цудоўныя адносіны з Касцёлам — яго абсерваторыя месцілася на вежы катэдральнага касцёла ў Фромбарку. Яго асноўная навуковая праца была прысвечана папу Паўлу ІІІ, а дазвол на яе публікацыю даў той самы дамініканец, які асудзіў Галілея. Капернік быў з энтузіязмам прыняты ў Рыме і абраны членам Папскай акадэміі навук.

Галілей прытрымліваўся іншай пазіцыі: ён з нецярпімасцю і ганарлівасцю, абражаючы апанентаў, выказваў меркаванне, якое не мела пад сабой доказаў і за гэта быў асуджаны Рымскім трыбуналам інквізіцыі.

Аднак што гэта было за асуджэнне? Галілей не знаходзіўся ніводнага дня ў турме і не пакутаваў фізічна. Калі яго выклікалі ў Рым, яму было каля 70 гадоў. Ён быў знакамітым астраномам, яго паўсюль прымалі з павагай, і сярод іерархаў Касцёла ён заўсёды знаходзіў падтрымку. Падчас судовага працэсу ён пражываў у Вечным горадзе за кошт Святога Пасаду ў доме з пяццю пакоямі і нават меў слугу. Пасля вынясення прысуду яго пасялілі ў шыкоўнай вілле ў Пінчо, адкуль яго неаднаразова запрашалі да сябе на абед касцёльныя іерархі, некаторым з якіх Галілей прысвяціў свае сачыненні.

Галілею не забаранялася весці навуковыя даследаванні. Праз некалькі гадоў пасля асуджэння ён выдаў цудоўную кнігу, якая стала самай вялікай яго навуковай працай: «Размовы і матэматычныя доказы дзвюх новых навук». Такім чынам, мы бачым, што ён ніякім чынам не цярпеў ад катаванняў.

А якім быў прысуд навукоўцу? На Галілеа Галілея была накладзена пакута — ён быў абавязаны раз на тыдзень маліцца спецыяльнымі пакутнымі псальмамі. Але і гэта «пакаранне» праз тры гады было адменена.

Галілей, аднак, будучы вельмі веруючым чалавекам, працягваў маліцца псальмамі на працягу ўсяго свайго жыцця. Ён памёр ва ўзросце 78 гадоў у сваім ложку. Гэта адбылося 8 студзеня 1642 г. Адна з яго дачок, законніца, сведчыла, што апошнім яго словам было імя Езуса.

Легенда аб Галілеа Галілеі — мучаніку навукі, была выдумана дзеячамі Асветы, а затым падтрымана марксістамі. Яна была дапоўнена недарэчнымі «падрабязнасцямі» аб тым, што Галілея жорстка катавалі ў засценках рымскай інквізіцыі і што ён, нарэшце, быў спалены на кастры. Усё гэта было зроблена, каб прадставіць Касцёл у якасці праціўніка любых рацыянальных і навуковых памкненняў чалавецтва. Але мы ў чарговы раз змаглі ўпэўніцца, што гэта не так.

 Адкрыць у новым акне Download (7Мб)

Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка

tt


Шаноўныя сябры, калі б у рамках рубрыкі Ватыканскага радыё вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць ці турбуюць, пішыце на адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.