«100 пытанняў — 100 адказаў». Ці ёсць доказы неўваскрасення Езуса? | Друк |
Рубрыка Ватыканскага радыё
29.08.2012 15:31

Вечарам 30 сакавіка 1980 г. у супрацоўніка іерусалімскага Музея Ракфелера прафесара Юзафа Гата зазваніў тэлефон. «Прафесар, прыязджайце хутчэй, мы наткнуліся на старажытную магілу!» — паведаміў голас у слухаўцы.

Для навукоўца гэты выезд быў абавязковым, бо ў Іерусаліме кожная археалагічная знаходка павінна быць зафіксавана і задакументавана ў прысутнасці адпаведнага спецыяліста. Асабліва гэта тычыцца старажытных магіл: артадаксальныя яўрэі патрабуюць, каб рэшткі памерлых былі перапахаваны, бо іх супакой з’яўляецца сакральным. Прафесар Гат запісаў адрас, дзе была знойдзена магіла, і паабяцаў прыехаць праз 15 хвілін. Ён узяў з сабой блакнот, маленькі ліхтарык і ключы ад машыны. Праз некаторы час ён пад’язджаў да Усходняга Тальпіота — паўднёвага раёна Іерусаліма, дзе яго чакалі некалькі рабочых.

Знойдзеная імі магіла, як і многія іншыя, знаходзілася ў пячоры. Яе разны франтон сведчыў, што яна належала мясцовай заможнай сям’і. Калі Гат увайшоў унутр цёмнага памяшкання, ён не быў асабліва здзіўлены знаходкай. Тут быў пакой квадратнай формы. Уздоўж адной з яго сценаў цягнулася доўгая лава, на якой традыцыйна намашчалі алеем і закручвалі ў тканіны целы памерлых. Па баках знаходзіліся шэсць тунэляў, у якіх размяшчаліся дзесяць асарыяў — асаблівых яўрэйскіх пахавальных саркафагаў, зробленых з каменя. Прафесар Гат так і запісаў: «дзесяць асарыяў, ці дакладней дзевяць, бо адзін з іх быў разбіты».

Праз некалькі дзён калегі навукоўца зрабілі фотаздымкі на месцы знаходкі, а парэшткі памерлых былі перапахаваны на могілках. Дзевяць асарыяў былі перавезены ў архіў Музея Ракфелера. На пяці з іх былі напісаны імёны памерлых: Марыя з Марыямены; Ехуда, сын Ешуа; Маця; Ёсэ. Гэта былі вельмі распаўсюджаныя ў старажытнасці імёны, і ў іх не было нічога незвычайнага. Толькі апошні саркафаг выклікаў усмешку археолага. На ім было напісана: «Ешуа, сын Ехасефа» — «Езус, сын Юзафа». «Калі гэтыя знаходкі патрапяць у рукі журналістаў з жоўтай прэсы, для нас наступіць сапраўднае пекла. Для прэсы мяне на працы няма», — сказаў прафесар Гат сваёй сакратарцы. Праз некаторы час, аднак, аб знаходцы ўсе забылі. Але праз 14 гадоў узгадалі журналісты і сцэнарысты. На падставе інфармацыі аб саркафагу з іменем «Езус, сын Юзафа», пацверджанай «спецыялістамі», каналы «BBC» i «Discovery Chanel» знялі некалькі фільмаў і праграм аб альтэрнатыўнай гісторыі жыцця Хрыста — нібыта Езус быў звычайным чалавекам, які памёр і быў пахаваны. А ніякага ўваскрасення не было — бо археолагі знайшлі Яго парэшткі ў саркафагу.

Аб знаходцы стала шырока вядома дзякуючы «Каталогу яўрэйскіх асарыяў», апублікаванаму Музеем Ракфелера ў 1994 г. У ім былі змешчаны фотаздымкі і 895 старажытных саркафагаў, 220 з якіх былі падпісаны. 160 саркафагаў належалі мужчынам. Сярод іх было 26 з іменем Сымон, 19 — Юзаф, 18 — Юда, 16 — Лазар, 12 — Ян і 11 — Езус. З 80 жаночых асарыяў 20 належалі жанчынам з іменем Марыя, 11 — Марта і 8 — Саломэ.

Паводле прыблізных статыстычных дадзеных, сярод 80 тысяч жыхароў Іерусаліма магчымасць знайсці «Езуса, сына Юзафа» была прыкладна адна з 240. Трэба ўлічваць, што гэтыя дадзеныя грунтуюцца толькі на тых магілах, якія падпісаны, — яны звычайна належалі багатым сем’ям, якіх у Іерусаліме было толькі каля 50.

Езуса Хрыста на працягу жыцця называлі «Езусам з Назарэта», для таго, каб адрозніваць ад Яго цёзак. На таблічцы, якую напісаў Пілат, Ён названы «Езусам з Назарэта, каралём юдэяў». У сваім родным горадзе Яго называлі «сын цесляра». Так было прынята называць людзей у старажытным Ізраэлі: на радзіме — па бацьку, а на чужыне — па месцы паходжання. Іншыя прыклады: «Юда Іскарыёт», «Юзаф Арыматэйскі», «Сымон Кірынеец», «Марыя Магдалена». Тое, што на магіле, знойдзенай у раёне Тальпіот, усе імёны былі падпісаны іменем па бацьку, сведчыць аб адным: пахаваныя былі жыхарамі Іерусаліма.

Канешне, для тых, хто больш-менш ведае Новы Запавет, вядома, што Святая Сям’я была беднай: Юзаф быў рамеснікам, ён ахвяроўваў у святыні галубоў, як рабілі бедныя, а не ягнятаў, як заможныя, а сам паходзіў з Назарэта. Як магла бедная назарэцкая сям’я быць пахаванай у багатай магіле ў Іерусаліме?

Акрамя таго, немагчымым было б тое, каб вучні Езуса прапаведавалі вечнае жыццё ўслед за Тым, хто быў пахаваны непадалёк у падпісаным саркафагу. Немагчыма, каб сінедрыён, фарысеі і ворагі Хрыста не ведалі, дзе Яго магіла. Немагчыма, каб дзесяць мужчын былі гатовы аддаць жыццё за гэты падман і казаць, што «быў забіты Творца жыцця, але Бог Яго ўваскрасіў, і мы таму сведкі». Трэба адзначыць, што сведкаў гэтага было нашмат больш.

Аб тым, што Езус не меў сваёй уласнай магілы, вядома таксама з тэкстаў Святога Пісання. Менавіта таму Яго цела было пахавана ў «новай магіле» члена сінедрыёна Юзафа Арыматэйскага, якая знаходзілася на гары Сіён, недалёка ад Галготы. Гэтае месца шанавалася хрысціянамі з самых першых стагоддзяў. У ІІ ст. імператар Адрыян, каб абразіць хрысціян, пабудаваў над ім храм Венеры, а на Галгоце ўстанавіў статую язычніцкай багіні прыгажосці. Гэтыя пабудовы былі разбураны ў перыяд праўлення імператара Канстанціна. А на іх месцы быў пабудаваны храм Уваскрасення з Гробам Пана, якія штогод наведваюць тысячы пілігрымаў.

Кожны год, звычайна перад Вялікаднем, пераважна ў англасаксонскіх медыя з’яўляюцца фільмы і перадачы, якія ставяць пад сумненне боскасць Езуса. Гаворка ідзе пра знойдзеныя магілы Хрыста, сакрэтныя Евангеллі, рэканструкцыі вобразу Пана, на якіх Ён чамусьці нагадвае раннюю стадыю неандэртальца, а не Сына Божага. Існуе цэлая індустрыя, якая стварае альтэрнатыўную гісторыю хрысціянства — праект, які мае мала агульнага з рэчаіснасцю, аднак, нягледзячы на гэта, развіваецца насустрач сваёй мэце.

 Адкрыць у новым акне Download (7Мб)


Паводле кнігі Міхаэля Хэзэмана «Contro la Chiesa».
Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка

tt


Шаноўныя сябры, калі б у рамках рубрыкі Ватыканскага радыё вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць ці турбуюць, пішыце на адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va

 
© 2003-2024 Catholic.by