«100 пытанняў — 100 адказаў». Што такое Рымская інквізіцыя? | Друк |
Рубрыка Ватыканскага радыё
05.09.2012 12:07

У адной з мінулых праграм мы размаўлялі аб тым, што такое іспанская інквізіцыя. Нагадаю, што гэты інстытут быў створаны амаль насуперак волі Папы манархамі Іспаніі. Яго мэта заключалася ў тым, каб выяўляць палітычных ворагаў унутры гэтай шматкультурнай дзяржавы.

Да такіх адносіліся людзі, якія часцей за ўсё не былі католікамі — яўрэі, мусульмане, ератыкі. Справа ў тым, што іспанскія манархі марылі аб’яднаць народ на фундаменце каталіцкай ідэнтычнасці і такім чынам змагаліся з іншадумствам. Папа Рымскі ў сваю чаргу асуджаў метады іспанскай інквізіцыі.

Іншай справай была Кангрэгацыя Рымскай і Паўсюднай інквізіцыі. Гэты інстытут быў заснаваны 21 ліпеня 1542 г. папам Паўлам ІІІ. Яго мэтай не быў пераслед прадстаўнікоў іншых веравызнанняў, але захаванне і абарона каталіцкага навучання. Існавала небяспека, што ідэі Рэфармацыі распаўсюдзяцца таксама на тэрыторыі Італіі. Таму Рымская інквізіцыя выяўляла тэалагічныя і навуковыя ератычныя ідэі. Падпарадкоўвалася яна напрамую Папу. Ад імя Пантыфіка кіраваў ёю кардынал Джаванні П’етро Карафа, вядомы сваёй цвёрдасцю і непрыняццем кампрамісаў. Яму дапамагалі іншыя пяць кардыналаў. Усе разам яны складалі Пастаянную калегію суддзяў — самы галоўны судовы орган Касцёла. Рашэнні гэтага інстытута не падлягалі перагляду і аспрэчванню.

Каб не дапусціць самадзейнасці асобных інквізітараў, Папа стварыў спецыяльныя нормы, паводле якіх праводзіліся працэсы. Гэта быў пэўны канкрэтны парадак, які не супярэчыў юрыдычным нормам, даваў роўныя магчымасці абвінавачаным і суддзям і не прыніжаў годнасці падазраванага. Паводле Міхаэля Хэзэмана, гісторыка Касцёла і кансультанта многіх сучасных ватыканскіх ведамстваў, у турме інквізіцыі падазраваны ў ерасі меў права на ложак і стол, магчымасць мыцца, карыстацца рушнікамі, мяняць бялізну два разы на тыдзень, а таксама вопратку. За свой уласны кошт ён мог запрасіць цырульніка. Калі падазраваны скардзіўся на холад, яму выдаваліся бярвенні, якія ён мог выкарыстаць для распалення вогнішча. Калі пасля асуджэння ератык прызнаваў памылковасць сваіх поглядаў, ён падлягаў амністыі ці яго турэмны тэрмін скарачаўся. Трэба адзначыць, што менавіта дзякуючы Рымскай інквізіцыі пачаўся рух у накірунку гуманных адносін да вязняў.

Першым гісторыкам, які атрымаў дазвол на вывучэнне дакументаў аб дзейнасці Рымскай інквізіцыі, што захоўваюцца ў Ватыкане, быў новазеландзец Оксфард Пэтэр Годман. Пасля навуковага аналізу гэтых дакументаў ён адзначыў, што мэтай кожнага працэсу інквізіцыі было прывесці ератыка да прызнання сваёй віны, яе асэнсавання і пакаяння. Ератыком не быў той, хто памыліўся ў пытаннях веры, але той, хто працягваў настойваць на сваёй праваце. Менавіта гэта магло прывесці ератыка на касцёр. Трэба адзначыць, што ў адносінах да ератыкоў-рэцыдывістаў інквізітары рэдка праяўлялі міласэрнасць.

Інквізіцыя дапытвала падазраванага ў прысутнасці як мінімум дваіх сведкаў. Яму зачытваўся спіс абвінавачванняў і прапаноўвалася казаць толькі праўду. Прысутны натарыус запісваў пытанні і адказы. Інквізітар і абвінавачы сядзелі адзін насупраць аднаго, як падчас размовы. Не было кайданаў ці ланцугоў. У «Інструкцыі для рымскіх інквізітараў», выдадзенай у 1578 г. Францыска Пена, дарадчыкам рымскай інквізіцыі, падкрэслівалася, што да абвінавачаных неабходна ставіцца з павагай. Ім дазвалялася сядзець падчас працэсу, нават калі яны былі нізкага паходжання. Інквізітар не меў права прымусіць абвінавачанага прызнавацца ў тым, што ён не рабіў, ці абяцаць яму свабоду, калі ён прызнаецца ў ерасі. Францыска Пена адзначаў, што нельга перабіваць абвінавачанага, калі ён даваў сваё тлумачэнне падзей. «Думай аб тым, што можаш сам памыляцца. Думай аб гэтым бедным падазраваным, які замучаны страхам», — прыводзіць словы з «Інструкцыі» Міхаэль Хэзэман.

Інквізітар павінен быў пачаць працэс з пытання: «Ведаеш, чаму ты тут?» Гэтае пытанне потым скіроўвалася і да абвінаваўцаў. Не разглядаліся абвінавачванні, якія грунтаваліся на словах «я чуў» ці «мне пра яго апавядалі». Было неабходна дакладна назваць дату і месца злачынства. У адваротным выпадку інквізітар мог прыняць меры для таго, каб высветліць, ці праўдзівыя гэтыя абвінавачванні і сведчанні. Было немагчыма, каб чалавека абвінавачваў у ерасі іншы ератык. Было неабходна высветліць, ці гаворыць абвінаваўца шчыра, ці не мае злобы на падазраванага, ці не было паміж імі канфліктаў або нявернутых пазыкаў.

Фактам з’яўляецца тое, што да абвінавачаных ужываліся катаванні. Ім звязвалі рукі за спіной і такім чынам падвешвалі над зямлёй. У некаторых выпадках на ногі вешаліся гіры. У такім стане абвінвачаны мог заставацца нават да гадзіны часу. Адначасова інквізітар задаваў яму пытанні. Калі падазраваны прызнаваўся і праз дзень пасля катаванняў пісьмова пацвярджаў сваю віну, яго прызнанне набывала сілу.

Многія віды жудасных катаванняў, якія выкарыстоўваліся ў свецкай судовай сістэме, былі забаронены для інквізіцыі. Хутка яна адмовілася таксама і ад катаванняў з падвешваннямі. У дэкрэце Рымскай інквізіцыі ад 1636 г. гаворыцца, што катаванні супярэчаць стылю гэтага інстытута. Паводле Оксфарда Годмана, працэсы, якія праводзіла інквізіцыя, былі недасканалымі, часта несправядлівымі і жорсткімі, як і ў іншых працэсуальных сістэмах той эпохі, аднак у адрозненні ад апошніх такі стыль хутка быў пераасэнсаваны.

У 1998 г. Ян Павел ІІ адкрыў архівы Рымскай інквізіцыі для даследчыкаў. Папа быў упэўнены, што Касцёл не павінен баяцца праўды. Праз два гады па выніках даследаванняў адбыліся тры навуковыя канферэнцыі — дзве ў Рыме і адна ў Франкфурце. Іх удзельнікі пагадзіліся, што вобраз Рымскай інквізіцыі, які дамінуе ў сучаснай культуры, не адпавядае рэчаіснасці. Прафесар Агосціно Барамео адзначаў, што асноўная маса «чорных легенд» аб інквізіцыі паходзіць з пратэстанцкіх крыніц XVI ст. Легенды перапісваліся адна з адной і да ХІХ ст. стварылі негатыўны і цёмны вобраз інквізіцыі.

Амерыканскі даследчык Джон Тэдэскі называў Рымскую інквізіцыю «піянерам у юрыдычнай рэформе», бо менавіта дзякуючы гэтаму інстытуту пачаўся рух да павагі правоў і годнасці абвінавачаных. Трэба падкрэсліць, што такога стаўлення не было ў тую эпоху ні ў адной юрыдычнай сістэме ў свеце.

У 2004 г. Ян Павел ІІ паўтарыў перапрашэнне за грахі і недасканаласці інквізіцыі. Папа казаў аб тым, што Касцёл павінен пераконваць у веры не праз насілле, але сілай праўды. Пантыфік адзначыў, што католікі шкадуюць за тое, што ўжывалі гвалтоўныя і неталерантныя метады, якія супярэчаць евангельскаму пасланню.

 Адкрыць у новым акне Download (8Мб)


Паводле кнігі Міхаэля Хэзэмана «Contro la Chiesa».
Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка

tt


Шаноўныя сябры, калі б у рамках рубрыкі Ватыканскага радыё вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць ці турбуюць, пішыце на адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va

 
© 2003-2024 Catholic.by