«100 пытанняў — 100 адказаў». Што такое Беззаганнае Зачацце Панны Марыі? | Друк |
Рубрыка Ватыканскага радыё
24.10.2012 12:04

У ХІХ ст. у Касцёле быў прыняты дагмат, які да сённяшняга дня застаецца незразумелым вялікай колькасці некатолікаў, але таксама і тых, хто належыць да Каталіцкага Касцёла. Гэта дагмат аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі.

 Адкрыць у новым акне Download (7Мб)

Часта Касцёл крытыкуюць за тое, што ён сам, беспадстаўна, выдумвае для сябе праўды веры. Таксама крытыка дагмату грунтуецца на тым, што Хрыстус прыйшоў, каб адкупіць усіх людзей, і Марыя не з’яўляецца выключэннем — такім чынам яна, нібыта, не можа быць беззаганай. Сёння мы спынімся над гэтай тэмай, каб расставіць усе кропкі над «і».

Па-першае, важна акрэсліць, у чым заключаецца сутнасць гэтага дагмату. Гаворка не ідзе пра тое, што Марыя была зачата ад Святога Духа. Дагмат аб Беззаганным Зачацці ясна кажа, што Марыя была зачата сваімі бацькамі Яўхімам і Ганнай, як і ўсе іншыя людзі, але ад самага свайго з’яўлення ва ўлонні маці не была пазначана першародным грахом. Яна, дзякуючы асаблівай Божай ласцы, не ўнаследавала грахоўнай спадчыны Адама і Евы, а была цудоўным чынам адкуплена яшчэ перад зачаццем, у прадбачанне заслуг свайго Сына. У гэтым сутнасць дагмату.

Акрамя таго, ён падкрэслівае важную ролю Панны Марыі ў гісторыі збаўлення чалавецтва. Дагмат тлумачыць значэнне біблійных словаў з кнігі Быцця, скіраваных да сатаны: «Устанаўлю варожасць паміж табою і жанчынаю, і паміж патомствам тваім, і паміж яе патомствам. Яно сатрэ табе галаву» (Быц 3, 15). Паводле каталіцкага навучання, гэта прароцтва аб Марыі, якая знаходзіцца ў стане варожасці са злым духам, бо з’яўляецца свабоднай ад граху.

Трэба адзначыць, што аб беззаганнай прыродзе Панны Марыі вядома з вельмі старажытных крыніц і ад вельмі паважаных, як на Усходзе, так і на Захадзе, аўтараў. Упершыню аб ёй, у інтуітыўнай і недакладнай форме, узгадваецца ў протаевангеллі паводле Якуба, якое было напісана прыкладна паміж 140–170 гг. Між іншым, у гэтым тэксце ўтрымліваюцца звесткі аб дзяцінстве Марыі. Яна прадстаўлена святой, дасканала сціплай і пабожнай дзяўчынкай, якой была ад самага свайго зачацця. На падставе гэтага апавядання ва Усходніх Цэрквах Маці Божая яшчэ са старажытнасці называлася «Παναγία» («Панагія») — «Уся святая».

Аб дасканалай прыродзе Маці Божай казаў і св. Аўгустын. Ён падкрэсліваў, што народная пабожнасць прызнае Марыю як «Беззаганую, дзеля хвалы Пана», і казаў, што «Марыі абсалютна не датычыць пытанне, калі гаворка ідзе пра грэх».

Прыкладна ў той самы час на Усходзе грэчаскі багаслоў Прокл Канстанцінопальскі адзначаў, што Марыя — гэта «санктуарый безграхоўнасці, святыня, прысвечаная Богу». Тэатэкнас Лівійскі называў Маці Божую «ўся прыгожая, чыстая і без плямы». Беззаганай Панну Марыю называлі многія іншыя ўсходнія аўтары. Такім чынам, казаць аб тым, што дагмат аб Беззаганным Зачацці быў нібыта «выдуманы» Касцёлам у ХІХ ст., — гэта няправільна. Разуменне беззаганай прыроды Панны Марыі фарміравалася на падставе агульнахрысціянскай спадчыны, як на Усходзе, так і на Захадзе, але ў Касцёле, у адрозненні ад іншых Цэркваў, гэтая праўда была абвешчана дагматам.

Тэалагічнае абгрунтаванне Беззаганнага Зачацця пачалося ў эпоху Сярэднявечча. Між іншым, гэтай тэмай займаліся такія выдатныя філосафы і тэолагі, як св. Бэрнард з Клерво, св. Альберт Вялікі, св. Бонавентура і св. Тамаш Аквінскі. Але асабліва важны ўклад у фарміраванне разумення Беззаганага Зачацця зрабіў св. Дунс Скот, францішканін, якога нават называюць «Доктарам Беззаганнай». Менавіта ён сфармуляваў навучанне аб тым, што Марыя, дзякуючы будучым заслугам свайго Сына, ужо пры сваім зачацці не мела плямы першароднага граху.

У 1484 г. папа Сікст IV устанавіў у Рыме адпаведнае літургічнае свята і забараніў узаемныя абвінавачванні ў ерасі паміж прыхільнікамі і праціўнікамі веры ў Беззаганнае Зачацце. У 1617 г. папа Павел V забараніў публічна абвяргаць гэтую праўду, а Аляксандр VII выдаў булу, у якой абвясціў аб важнасці шанавання Беззаганнага Зачацця, хоць і не надаў гэтай таямніцы дагматычнага характару.

Беззаганнае Зачацце Панны Марыі стала дагматам толькі ў 1854 г. Тагачасны папа Пій ІХ звярнуўся да гэтай тэмы ў час, калі Касцёл патрабаваў унутранага аднаўлення перад абліччам пашырэння рэлятывізму і секулярызацыі. Папа склікаў спецыяльную камісію кардыналаў і біскупаў і прапанаваў абвясціць Беззаганнае Зачацце дагматам. У адказ Пантыфік сустрэў вялікую адкрытасць і адзінадушную падтрымку з боку сваіх паплечнікаў: толькі чатыры іерархі выказалі сумненні адносна гэтага пытання. 8 снежня 1854 г. Пій ІХ выдаў энцыкліку «Ineffabilis Deus», у якой Беззаганнае Зачацце Панны Марыі было абвешчана дагматам. Такім чынам, навучанне Каталіцкага Касцёла ўзбагацілася новаўвядзеннем, якое мела вельмі старажытныя карані.

Цікава, што праз некалькі гадоў, у 1858 г., Маці Божая аб’явілася ў французскім мястэчку Лурд беднай і неадукаванай дзяўчынцы Бэрнардэце Субіру. На пытанне дзяўчынкі: «Якое тваё імя?» Панна Марыя адказала: «Я — Беззаганнае Зачацце». Гэта было боскім пацвярджэннем правільнасці прыняцця дагмату.

 Адкрыць у новым акне Download (7Мб)

Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка

tt


Шаноўныя сябры, калі б у рамках рубрыкі Ватыканскага радыё вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць ці турбуюць, пішыце на адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va

 
© 2003-2024 Catholic.by