«100 пытанняў — 100 адказаў». Ці прабачае Касцёл грахі... за грошы? | Друк |
Рубрыка Ватыканскага радыё
31.10.2012 14:32

Часта кажуць, што ў Касцёле прабачэнне грахоў можна купіць за грошы, маючы на ўвазе індульгенцыю або адпуст. Гэта не так, а пытанне заключаецца ў тым, што людзі проста не ведаюць, чым індульгенцыя з’яўляецца на самой справе.

 Адкрыць у новым акне Download (7Мб)

Адразу адзначым, што прабачэнне за грахі ні за якія грошы не набудзеш. Каб атрымаць яго, трэба прыступіць да сакрамэнту пакаяння — споведзі. Гэта адзіны шлях.

Што датычыць індульгенцыі — то яна дае магчымасць вызвалення ад часовага пакарання за грахі, у якіх вернік ўжо паспавядаўся. Што гэта значыць? Справа ў тым, што кожны грэх мае свае наступствы. Па-першае, ён пазбаўляе чалавека магчымасці вечнага жыцця. Па-другое, кожны грэх, вядзе да духоўных мук, якія чалавек можа цярпець на зямлі ці ў чыстцы. Яны называюцца «часовым пакараннем». Дык вось, індульгенцыя дапамагае пазбавіцца ад гэтых мукаў шляхам пабуджэння чалавека да больш інтэнсіўнай малітвы, спраў міласэрнасці, посту і г.д. Індульгенцыя можа быць ахвяравана таксама за памерлых, якія знаходзяцца ў чыстцы і патрабуюць дапамогі. Аб гэтым мы пагаворым ніжэй.

Канешне, у гісторыі Касцёла былі моманты, калі некаторыя асобы злоўжывалі індульгенцыяй. Маецца на ўвазе нямецкі законнік Тэцэль, які ў часы Марціна Лютэра раздаваў індульгенцыі за грошы. Такія паводзіны не маюць нічога супольнага з навучаннем аб індульгенцыі і тымі прынцыпамі, якія апісаны ў дакументах Каталіцкага Касцёла. Таму трэба адрозніваць тое, чым з’яўляецца індульгенцыя на самой справе і як яе прадстаўлялі некаторыя недобрасумленныя асобы.

Цікава, што пачаткаў індульгенцыі трэба шукаць яшчэ ў Старым Запавеце. У старажытных яўрэяў існавалі звычаі ў пэўныя перыяды, звязаныя, напрыклад, з ушанаваннем памяці аб стварэнні Богам сусвету, даваць у сённяшнім разуменні індульгенцыю бедным або нявольнікам — прабачаць ім пазыкі, вяртаць землі ці вызваляць іх у памяць аб міласэрнасці Бога, які вывеў ізраільскі народ з Егіпта.

У Новым Запавеце Езус сам удзяліў першую «індульгенцыю» злодзею, які быў укрыжаваны побач з Ім. Ён сказаў: «Будзеш са Мной у раі». Гэта значыць, што Хрыстус не толькі прабачыў злодзею грэх, але таксама і пакаранне за віну, якую злодзей адкупіў сваімі пакутамі на крыжы. Менавіта абапіраючыся на гэтую падзею, хрысціянства фарміравала сваё разуменне міласэрнасці і справядлівасці Бога.

У першых супольнасцях людзі, якія ўчынілі цяжкія грахі, маглі вярнуцца ў Касцёл толькі пасля таго, як паспавядаліся, а таксама прайшлі праз цярпенні, якімі павінны былі адкупіць сваю віну. Перыяд ачышчэння часам доўжыўся некалькіх гадоў. Ён быў звязаны з постам, нашэннем пакутнай вопраткі і знакаў, якія сімвалізавалі пакуту за грэх. Такім людзям забаранялася выкананне розных грамадскіх і касцёльных служэнняў. Яны павінны былі ў пакоры шкадаваць за свой грэх і выпраўляць крыўду, якую нанеслі Богу, сабе і бліжнім.

З цягам часу пакуты, якія прызначаліся за грахі, станавіліся больш лёгкімі. Напрыклад, каб атрымаць індульгенцыю, можна было здзейсніць пілігрымку ў адзін з санктуарыяў, пасціцца, маліцца ці спаць на цвёрдай падлозе. Пакута павінна была спрыяць большай святасці верніка, які ўчыніў грэх. Здаралася, што індульгенцыя прызначалася за ўдзел у крыжовых паходах, пілігрымках у Рым ці наведванні Папскіх базылік.

Індульгенцыю вернік мог ахвяраваць не толькі за сябе, але таксама і за людзей, якія знаходзіліся ў чыстцы. Цікава, што на працягу доўгага часу чысцец успрымаўся вельмі «па-зямному». Пакуты ў ім вымяраліся днямі і гадамі. Напрыклад, за адзін грэх трэба было пакутаваць 100 дзён, за іншы 40, а за некаторыя нават усё жыццё. Атрыманнем індульгенцыі вернікі нібыта скарачалі гэты тэрмін. Аднак такое разуменне было няправільным, бо ў чыстцы часу няма. У сувязі з гэтым у 1967 г. папа Павел VI перагледзеў навучанне Каталіцкага Касцёла ў гэтай сферы і ліквідаваў індульгенцыі, акрэсленыя канкрэтным часам. Ён устанавіў толькі два віды індульгенцый, якія існуюць да сённяшняга дня: частковую і поўную.

Каб атрымаць такую індульгенцыю, неабходна выканаць пэўныя ўмовы: быць у стане ласкі (гэта значыць прыступіць да сакрамэнту пакаяння), прыняць святую Камунію, быць вольным ад усялякай прывязанасці да якога-небудзь з грахоў, памаліцца ў інтэнцыях Святога Айца малітвамі «Ойча наш», «Вітай, Марыя», «Веру ў Бога». Акрамя таго, трэба выканаць пэўныя практыкі, якія прадугледжваюць частковую ці поўную індульгенцыю. Яны акрэслены ў касцёльных дакументах, а таксама могуць устанаўлівацца мясцовымі біскупамі: гэта можа быць адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, удзел у рэкалекцыях, наведванне могілак у вызначаны Касцёлам час, малітва на ружанцы, наведванне касцёла ва ўрачыстасць парафіяльнага адпусту і іншыя.

Такім чынам, індульгенцыя ніяк не звязана з грашовымі выплатамі, але выключна з выкананнем духоўных практык, якія могуць дапамагчы верніку стаць больш святым, пазбавіць яго або яго блізкіх ад часовых мук на зямлі ці ў чыстцы.

 Адкрыць у новым акне Download (7Мб)

Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка

tt


Шаноўныя сябры, калі б у рамках рубрыкі Ватыканскага радыё вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць ці турбуюць, пішыце на адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va

 
© 2003-2024 Catholic.by