Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«100 пытанняў — 100 адказаў». Чаму прасіў прабачэння ў чалавецтва Ян Павел ІІ?
Рубрыка Ватыканскага радыё
06.11.2012 22:09

12 сакавіка 2000 г. у ватыканскай базыліцы адбылася ўнікальная гістарычная падзея — Папа Рымскі ўстаў на калені і прасіў прабачэння ў Бога і чалавецтва за грахі, якія Касцёл учыніў на працягу гісторыі. Трэба адзначыць, што гэты учынак Яна Паўла ІІ выклікаў неадназначную рэакцыю не толькі ў некаталіцкіх асяродках, але і ў самім Касцёле.

 Адкрыць у новым акне Download (7Мб)

Што гэта было — праява слабасці перад светам? Ці, можа, гэта доказ таго, што Касцёл не з’яўляецца святым? Можа, у такім выпадку Касцёл сёння не мае маральнага права вучыць людзей? Паспрабуем адказаць на гэтыя пытанні.

Трэба адзначыць, што многія справядліва лічаць «Дзень прабачэння» адной з самых яскравых і важных падзей часоў Пантыфікату Яна Паўла ІІ. Ён адбыўся ў першую нядзелю Вялікага посту ў Юбілейны 2000 год — час вельмі спрыяльны для навяртання і перагляду мінулага. Паводле Наступніка св. Пятра, менавіта з ачышчанай памяццю лодка Касцёла павінна была ўвайсці ў адкрытае мора трэцяга тысячагоддзя. Папа лічыў, што Касцёл, трываючы ў праўдзе перад самім сабой, можа больш пераканаўча выконваць сваю галоўную місію: абвяшчаць праўду Евангелля.

На жаль, на працягу гісторыі здараліся выпадкі, калі члены Касцёла паводзілі сябе не па-хрысціянску, дзейнічалі, кіруючыся не любоўю, а пыхай, страхам ці пагардай. Гэта да сённяшняга дня кідае цень на святое аблічча Касцёла і для многіх людзей становіцца спакусай нявер’я ў яго святасць. Паводле дакументу Другога Ватыканскага Сабору «Lumen gentium», «Касцёл, які ахоплівае ў сваім улонні грэшнікаў, ёсць святым, але ў той жа час заўсёды патрабуе ачышчэння і пастаянна ідзе шляхам пакаяння і аднаўлення». Ян Павел ІІ задумаў «Дзень прабачэння» менавіта з гэтай мэтай.

Незадоўга да яго правядзення Папа даручыў групе з 30 тэолагаў на чале з кардыналам Ратцынгерам стварыць спецыльяны дакумент, прысвечаны «ачышчэнню памяці». Ён быў апублікаваны пад назвай «Памяць і прымірэнне: Касцёл і грахі мінулага». У ім сцвярджалася, што ачышчэнне памяці дапаможа Касцёлу заставацца верным евангельскім прынцыпам і быць іх пераканаўчым сведкам.

Ян Павел ІІ здзейсніў перапрашэнне за грахі Касцёла падчас урачыстай святой Імшы. Яна пачалася з працэсіі і спеву літаніі да Усіх Святых. Пасля гаміліі і Вызнання веры Святы Айцец пагрузіўся ў глыбокую асабістую размову з Богам. Прадстаўнік Рымскай Курыі пачаў чытаць тэкст перапрашэння: за католікаў, якія былі няверныя Евангеллю; за людзей Касцёла, якія ў імя веры і маралі часам выкарыстоўвалі неевангельскія метады ў абавязковым заданні абароны праўды; за грахі, якія пашкодзілі адзінству Цела Хрыстовага і паранілі братэрскую любоў; за балючыя пакуты, учыненыя ізраільскаму народу немалой колькасцю хрысціян на працягу гісторыі; за парушэнне правоў самых слабых сацыяльных груп і этнасаў, пагарду да іх культур і рэлігійных традыцый; за недахоп прызнання чалавечай годнасці і роўнасці правоў жанчын, асоб кожнай расы і народа; за парушэнне правоў самых бедных і безабаронных людзей, у якіх таксама і хрысціяне не распазналі Хрыста.

Пасля перапрашэння за кожны з гэтых грахоў кардыналы і біскупы ў атмасферы глыбокай малітвы запальвалі лампады і ставілі іх у спецыяльна падрыхтаваны кандэлябр: сем лампадаў — сем грахоў. Напрыканцы Папа абагульніў гэтую споведзь у малітве: каб «ніколі больш не было супярэчнасцяў любові ў служэнні праўдзе, ніколі больш — жэстаў супраць адзінства Касцёла, ніколі больш — злачынстваў супраць якога-небудзь народа, ніколі больш — карыстання логікай насілля, ніколі больш — дыскрымінацый, выключэнняў, пераследаў, пагарды да бедных».

Затым Святы Айцец устаў, падышоў да вялікага драўлянага крыжа і пацалаваў ногі Збаўцы. Гэтым вялікім жэстам папа Ян Павел ІІ паказаў адкрытасць Касцёла на прымірэнне і пачатак новай гісторыі. Толькі той, хто свабодны ад граху, мог быць па-сапраўднаму святым і свабодным. А чаго большага можна пажадаць Касцёлу ў наш час?

Варта адзначыць, што ў літургіі 12 сакавіка 2000 г. не ўзгадвалася аб канкрэтных фактах, напрыклад, такіх, як крыжовыя паходы ці інквізіцыя. Кожны з іх патрабуе асобнага глыбокага гістарычнага аналізу, і абагульняць усё, што з імі звязана, пад маркай «грахоў Касцёла», было б няправільным. Многія з гэтых фактаў наўмысна былі фальшыва перададзены псеўдагісторыкамі ці ідэолагамі, а ў многіх варта адрозніваць тое, што звязана з навучаннем Касцёла, ад звязанага са злоўжываннямі асобных людзей.

Таксама трэба адзначыць, што Касцёл ставіўся да злоўжыванняў і грахоў сваіх членаў з вялікім рэалізмам, якому могуць пазайздросціць любыя іншыя інстытуты. Касцёл не баіцца глыбокага аналізу спрэчных гістарычных фактаў. Сведчаннем гэтага з’яўляюцца шматлікія даследаванні, адкрытасць касцёльных архіваў, частыя канферэнцыі і дыскусіі на складаныя тэмы. Пераасэнсаванне праўды аб іх дапамагае Касцёлу «ачысціць памяць» і заставацца верным сваёй прыродзе. У гэтым кантэксце «Дзень прабачэння» быў вельмі важным. Дзякуючы яму Касцёл стаў больш моцным. Папа, які ўстаў на калені, — гэта не праява слабасці, а, наадварот, вялікай адвагі і веры.

 Адкрыць у новым акне Download (7Мб)

Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка

tt


Шаноўныя сябры, калі б у рамках рубрыкі Ватыканскага радыё вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць ці турбуюць, пішыце на адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.