«100 пытанняў — 100 адказаў». Што хаваюць у сабе казкі Андэрсана? | Друк |
Рубрыка Ватыканскага радыё
01.01.2013 22:10

Нядаўна мы перажывалі адно з самых цудоўных святаў літургічнага года — Божае Нараджэнне. Напэўна, яно з’яўляецца самым любімым для большасці людзей, і не толькі веруючых. Яно зачароўвае сваёй таямнічасцю і прыгажосцю, нагадвае аб цеплыні сямейнага кола, агеньчыках, святочнай ёлцы, атаясамліваецца з пахам карыцы і мандарынаў, падарункамі і, канешне, успамінамі з дзяцінства.

 Адкрыць у новым акне Download (6Мб)

У такі час, напэўна, няма нічога лепшага, чым узгадаць самы бесклапотны перыяд нашага жыцця, калі многае для нас здавалася адлюстраваннем казак, якія чыталі нам бацькі.

У тыя часы, калі большасць з нас былі яшчэ маленькімі, многія казачныя скарбы для нас былі схаваныя і аб іх багацці мы даведаліся толькі нядаўна. Такім скарбам з’яўляюцца творы вялікага дацкага казачніка Ганса Хрысціяна Андэрсана. Вы спытаецеся: «Чаму ж гэты скарб быў для нас схаваным? Мы з задавальненнем чыталі казкі Андэрсана». А ці ведаеце, што ў савецкія часы яго казкі падлягалі жорсткай цэнзуры? Справа ў тым, што амаль у кожнай з іх прысутнічала забароненая тэма, а менавіта — вера ў Бога. «Снежная каралева», «Дзікія лебедзі», «Русалачка» — усе гэтыя казкі мелі ў сабе рэлігійны сэнс, і ў іх часта былі ўзгадкі пра Бога, Евангелле, анёлаў, святароў, а таксама шматлікіх хрысціянскія каштоўнасці. Аб гэтых казках мы пагаворым сёння.

Напрыклад, у «савецкай», так бы мовіць, версіі казкі «Снежная каралева» былі выкрэслены важныя словы, якія дазваляюць паглядзець на гэты твор з зусім іншага боку. На самой справе гэтая казка вельмі глыбока прасякнута рэлігійным зместам. У ёй вучні злобнага Троля імкнуліся пасмяяцца не толькі над людзьмі, як напісана ў «савецкім» варыянце, але таксама над анёламі і Богам. Калі Кай і Герда гуляліся разам, дзяўчынка спявала хлопчыку біблійны псальм, у якім узгадвалася аб ружах. Кай, у сваю чаргу, падпяваў: «Ружы квітнеюць, хараство і краса, хутка ўбачым Дзіцятка Хрыста». Далей Андэрсан пісаў: «Дзеці спявалі, узяўшыся за рукі, цалавалі ружы, глядзелі на яснае сонейка і размаўлялі з ім. Ім здавалася, што з Сонца на іх глядзеў сам Дзіцятка Хрыстус». Канешне, гэтых словаў у цэнзураванай казцы не было. Калі санкі Кая імчаліся ў снежнае валадарства, ён так спужаўся, што хацеў памаліцца «Ойча наш», але ў памяці ў яго вярцелася толькі табліца памнажэння, пісаў Андэрсан.

У іншым урыўку апавядаецца пра тое, як Герда ішла праз снежную завіруху ў валадарства Снежнай каралевы. Калі Герда ўбачыла перад сабой страшэнныя снежныя камякі, падобныя на вялікіх пачварных вожыкаў, стогаловых змеяў і тоўстых мядзведзікаў з узлахмачанай поўсцю, яна «пачала чытаць „Ойча наш”». Далей Андэрсан піша: «Было так холадна, што дыханне дзяўчынкі хутка ператваралася ў густы туман. Туман гэты ўсё больш згушчаўся і згушчаўся, і вось з яго пачалі выдзяляцца маленькія, светлыя анёлкі, якія, стаўшы на зямлю, вырасталі ў вялікіх грозных анёлаў са шлемамі на галовах і коп’ямі і шчытамі ў руках. Іх колькасць усё павялічвалася і павялічвалася, і калі Герда скончыла малітву, вакол яе ўтварыўся ўжо цэлы легіён. Анёлы ўзнялі снежных пачвараў на коп’і, і тыя рассыпаліся на тысячы сняжынак. Герда магла цяпер смела ісці наперад; анёлы песцілі ёй рукі і ногі, і ёй не было ўжо так холадна. Нарэшце дзяўчынка дасягнула парогаў Снежнай каралевы». Канешне, у цэнзураваным тэксце не было ніякага ўспаміну ні пра «Ойча наш», ні пра анёлаў.

Зняць чары з Кая Гердзе таксама дапамагла малітва, а менавіта псальм, які яна праспявала. Нарэшце, заканчваецца казка сустрэчай з бабуляй, якая сядзела на сонейку і чытала Евангелле.

Андэрсан быў веруючым чалавекам і стараўся ўключаць у свае казкі каштоўныя аспекты хрысціянскага навучання. Напрыклад, Русалачка марыла не толькі аб каханні прынца, але і аб бессмяротнай чалавечай душы, якая жыве нават калі цела пераўтвараецца ў пыл. У казцы «Дзікія лебедзі» менавіта падтрымка Бога дапамагла Элізе вытрымаць цяжкія выпрабаванні і збавіць сваіх братоў. Акрамя таго, Эліза была не толькі самай прыгожай, але і самай пабожнай дзяўчынкай у краіне. У казцы «Балотны цар» галоўная гераіня змянілася пасля сустрэчы са святаром, а чары з яе ўпалі, калі яна прамовіла імя Езуса Хрыста.

Андэрсан маляваў сваіх персанажаў крохкімі і слабымі, але ў той жа час моцнымі самаахвяранай любоўю, адважнымі і рашучымі. Ён ведаў, што гэтыя якасці, нават у самых слабых фізічна людзях, нараджаюцца дзякуючы кантакту з Богам, які сам прыйшоў у свет у выглядзе бездапаможнага дзіцяці, у пячоры аднаго з правінцыйных гарадоў на ўскрайку магутнай Рымскай імперыі. Казкі Андэрсана ўтрымліваюць у сабе вялікае багацце і з’яўляюцца цудоўнай дапамогай для выхавання шляхетных якасцяў у дзяцей. Божае Нараджэнне, казачны час, — чым не нагода па-новаму перачытаць знаёмыя з дзяцінства гісторыі?

 Адкрыць у новым акне Download (6Мб)

Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка

tt


Шаноўныя сябры, калі б у рамках рубрыкі Ватыканскага радыё вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць ці турбуюць, пішыце на адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va

 
© 2003-2024 Catholic.by