«100 пытанняў — 100 адказаў». Ці жадаў Аляксандр VI смерці Саванаролы? | Друк |
Рубрыка Ватыканскага радыё
29.10.2013 19:55

Адзін з распаўсюджаных міфаў пра Папу Аляксандра VI Борджыа апавядае аб супрацьстаянні Пантыфіка са славутым фларэнційскім прапаведнікам Джыралама Саванаролай. Апошні абвінавачваў свецкі лад жыцця Папы і раскошу, якой сябе акружылі святары, кардыналы і набліжаныя да папскага двара. За гэта, паводле «чорнай легенды», Аляксандр VI помсціў яму і намагаўся пакараць яго смерцю. Гэта не так. Калі ўважліва прагледзець гісторыю адносін паміж Саванаролай і Папам Борджыа, відавочна, што Пантыфік да апошняга моманту імкнуўся знайсці разуменне з прапаведнікам, прызнаваў яго заслугі ў рэлігійнай сферы і рабіў усё магчымае, каб захаваць яго жыццё.

Джыралама Саванарола нарадзіўся ў Ферары ў 1452 г. у добрай хрысціянскай сям’і. Быў вядомы як разумны юнак з добрым характарам. Пасля няўдалага кахання да дачкі князя Рабэрта Строцы пачаў сур’ёзна прыглядацца да манаскага жыцця. Пад уражаннем ад прапаведвання аднаго брата аўгустыніяніна ва ўзросце 22 гадоў уцёк з дому і ўступіў у дамініканскі кляштар у Балоніі, дзе займаўся падрыхтоўкай маладых законнікаў. Затым быў пераведзены ў Фларэнцыю і правёў там большую частку свайго жыцця.

У 1481 г. Саванарола пачаў сваё прапаведванне. Паслухаць яго збіраліся тысячы людзей: ад беднякоў да прадстаўнікоў найбагацейшых фларэнційскіх сем’яў. Малады дамініканін адкрыта асуджаў чалавечыя хібы, указваў на грахоўнасць творчасці Мікеланджэла і Бацічэлі, заклікаў да рашучага навяртання і абяцаў Італіі Божае пакаранне за яе грахі. Ён уздымаў Найсвяцейшы Сакрамэнт над галавой і прасіў Бога забіць яго на гэтым месцы, калі словы, якія прамаўляе, не натхнёныя з вышыні. Гэта рабіла вялікае ўражанне. Пад уплывам казанняў Саванаролы многія багатыя жанчыны добраахвотна раздавалі бедным свае ўпрыгажэнні, а камерсанты вярталі набытае падманным шляхам.

Многія казанні Саванаролы суправаджаліся прароцтвамі аб пакаранні за грахі. Трэба адзначыць, што гэта была вельмі папулярная ў эпоху сярэднявечча практыка прапаведвання, і з’явілася яна задоўга да Пантыфікату Аляксандра VI. Cаванарола быў адным з многіх прапаведнікаў-прарокаў, але, напэўна, адным з самых паспяховых.

Пасля таго, як насельніцтва Фларэнцыі выгнала князя Пьера Медычы, Саванарола быў абвешчаны паўнапраўным кіраўніком горада. Ён дасягнуў дыпламатычнага пагаднення з яго ворагамі, пачаў рэфармаваць эканоміку і законы.

Новаўвядзенні Саванаролы былі прыняты з вялікім энтузіязмам. Але з цягам часу пачаліся “перагібы”: прыхільнікі прапаведніка сілай адбіралі ў гараджан каштоўныя рэчы, вымагалі ахвяраванні, урываліся ў дамы і збівалі негатовых да жыцця ў беднасці. У 1497 г. у Фларэнцыі адбылося першае “спаленне марнасці” – на галоўнай плошчы паліліся каштоўныя рэчы, кнігі і творы мастацтва. Вакол вогнішча законнікі і дзеці, апранутыя ў анёлаў, вадзілі карагоды. Папскі прадстаўнік апавядаў, што сярод жыхароў было шмат незадаволеных і многія з іх ўцякалі ад дыктатуры, устаноўленай у горадзе.

Кіруючыся гарачым жаданнем навяртання грамадства да хрысціянскага жыцця, Саванарола моцна крытыкаваў святароў, законнікаў, кардыналаў і Папу Аляксандра VI. Першы канфлікт паміж Пантыфікам і дамініканінам узнік пасля таго, як апошні паспрабаваў прымусіць кардыналаў прысягнуць на вернасць новаабранаму ўраду Фларэнцыі.

Папа скіраваў ліст да Саванаролы, у якім, прызнаючы яго заслугі ў рэлігійнай сферы, запрасіў прыбыць у Рым, каб абмеркаваць існуючыя непаразуменні, сітуацыю ў Фларэнцыі і погляды дамініканіна. Той адмовіўся, баючыся, спаслаўшыся на слабое здароўе.

Яшчэ некалькі разоў Пантыфік звяртаўся да Саванаролы за тлумачэннямі, але заўсёды атрымліваў адмовы. Нарэшце, атрымаўшы паведамленні аб ерэтычных поглядах дамініканіна, Аляксандр VI часова забараніў яму прапаведваць, да высвятлення сітуацыі. Саванарола адмовіўся і, усведамляючы наступствы сваёй непаслухмянасці, папрасіў заступніцтва ў Ферарскага князя. Апошні дазволіў яму аднавіць казанні. Такім чынам, Саванарола пачаў падпарадкоўвацца свецкай уладзе, а не касцёльнай.

У Рыме тым часам сабралася камісія з чатырнаццаці тэолагаў, каб абмеркаваць “выпадак Саванаролы”. Яны прызналі, што ў казаннях дамініканіна ерасі няма. Даведаўшыся пра гэта, Папа вырашыў надаць дамініканіну кардынальскую годнасць, але апошні адказаў, што адзіным пурпуровым берэтам, які ён жадае насіць, з’яўляецца чырвоная кроў мучаніцтва.

Саванарола абвясціў Хрыста “Валадаром Фларэнцыі”, а самога сябе Яго намеснікам. Падчас казанняў ён пачаў расказваць пра грахі, якія людзі апавядалі на споведзі, называючы імёны тых, хто іх учыніў. Папа напісаў яму ліст, у якім адзначыў, што гэта недапушчальна, бо такія паводзіны знішчаюць давер вернікаў да Касцёла.

Тым часам абцяжараныя гвалтоўнымі пераменамі, пустымі абяцаннямі і рабаваннямі жыхары Фларэнцыі пачалі расчароўвацца ў сваім “прароку”. Яны перарывалі яго пропаведзі воклічамі і перасталі наведваць святыя Імшы, якія ён цэлебраваў. Тады на прапаведніка была накладзена экскамуніка. Апошнія гістарычныя даследаванні паказваюць, што экскамуніка была накладзена не Папам, а біскупам Перуджыі Хуанам Лопэсам ад імя Папы. Такім чынам, яна была несапраўднай. Калі Пантыфік даведаўся аб гэтым, ён пратэставаў і пагражаў Фларэнцыі інтэрдыктам. Больш за тое, ён, каб выратаваць Саванаролу, наказваў фларэнційскім уладам адпусціць яго ў Рым.

Прапаведнік, у сваю чаргу, абвясціў аб скліканні Сабору, на які запрасіў свецкіх кіраўнікоў Еўропы, адзначаючы, што Папа Аляксандр VI не з’яўляецца сапраўдным Пантыфікам. Гэтая ідэя не знайшла падтрымкі ні сярод манархаў, ні сярод простых людзей. Саванарола меў ужо даволі шмат ворагаў, сярод якіх былі і прадстаўнікі магутнай фларэнційскай сям’і Медычы.

У Пальмовую нядзелю 1298 г. ён быў схоплены і змешчаны ў вязніцу. Фларэнційскі ўрад папрасіў Папу асудзіць Саванаролу па свецкіх законах, але Пантыфік накіраваў у горад сваіх прадстаўнікоў: Джоакіна Турыяна, Генеральнага настаяцеля Ордэна дамініканаў, і Франчэска Рамаліна, дарадчыка губернатара Рыма. Іх місія заключалася ў абароне Саванаролы і перадачы матэрыялаў яго справы ў Рым. Фларэнційскія ўлады, аднак, адмовіліся гэта зрабіць.

Пантыфік катэгарычна настойваў на перадачы справы для разгляду ў касцёльны, а не грамадзянскі, суд. Паводле італьянскага гісторыка Артура Скатрыры, Аляксандр VI лічыў Саванаролу святым. Прыняўшы пад увагу заступніцтва Папы, быў праведзены новы разгляд справы, у выніку якога дамініканін быў асуджаны на катаванні. Магчыма, што менавіта ў такіх умовах улады Фларэнцыі здолелі выцягнуць з яго прызнанне ў шматлікіх грахах, у тым ліку супраць касцёльнага права. Саванарола прасіў прабачэння за ўсё, што ўчыніў, і не адмаўляў сваёй віны. Улады асудзілі яго на смерць.

Прызнанні прапаведніка былі зарэгістраваны дакументальна і адпраўлены Папу. Гісторыкі, аднак, ставяць пад сумніў сапраўднасць гэтага дакумента. Тым не менш, атрымаўшы іх, Папа ўдзяліў прапаведніку поўны адпуст.

Выратаваць Саванаролу ад смерці не атрымалася, ён быў спалены на вогнішчы разам з двума сваімі паплечнікамі. Яго асуджэнне, аднак, было выключна палітычным крокам фларэнційскіх уладаў, а імкненне Папы да апошняга захаваць яму жыццё відавочна.

Аляксандр Панчанка

tt


Шаноўныя сябры, калі б у рамках рубрыкі Ватыканскага радыё вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць ці турбуюць, пішыце на адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va

 
© 2003-2020 Catholic.by