«100 пытанняў — 100 адказаў». Французская рэвалюцыя — піянер генацыду? | Друк |
Рубрыка Ватыканскага радыё
17.04.2015 11:02

ХVIII ст. — залатое стагоддзе асветы — скончылася сапраўдным генацыдам. У імя хвалебнай Французскай рэвалюцыі, дэвізамі якой былі словы «свабода, роўнасць, братэрства», на працягу некалькіх гадоў было забіта нашмат больш людзей, чым за ўвесь час крыжовых паходаў, так званых «цёмных стагоддзяў» сярэдневечча, і амаль пяці стагоддзяў дзейнасці інквізіцыі. 

 Адкрыць у новым акне Download (6Мб)

Ахвярамі генацыду сталі біскупы, святары, законнікі і законніцы, а таксама дзясяткі тысяч простых вернікаў. Іх адзіным «злачынствам» была адданасць каталіцкай веры.

Забытым сімвалам генацыду вернікаў у перыяд Французскай рэвалюцыі стала трагедыя ў рэгіёне Вандэя. Ён знаходзіцца ў паўночна-заходняй частцы Францыі. У гэтым рэгіёне яшчэ і зараз жывуць нашчадкі старажытных кельтаў — народа, вернага хрысціянскай веры і каталіцкім традыцыям. Жыхары гэтага рэгіёна былі аднымі з нямногіх, хто не падтрымаў бязбожную рэвалюцыю і заплаціў за гэта коштам уласнага жыцця. Аб трагедыі ў Вандэі пойдзе гаворка ў нашай сённяшняй праграме.

Я нездарма выбраў моцнае слова «генацыд» для акрэслення таго, што здарылася ў 1793–1796 гг. у Вандэі. На працягу доўгага часу злачынствы, учыненыя ў Вандэі, добра хаваліся. Многія архіўныя дакументы былі знішчаны. Аднак, нягледзячы на гэта, некаторыя французскія гісторыкі змаглі адшукаць унікальныя сведчанні, якія адкрылі праўду. Сярод іх Рэйнальд Сэхер, які ў 1989 г. апублікаваў кнігу «Вандэйскі генацыд». У ёй аўтар сабраў сведчанні і дакументы, якія ўсё ж захаваліся, аб жахах масавых забойстваў у Вандэі. Дык што ж здарылася ў гэтым каталіцкім рэгіёне рэвалюцыйнай Францыі?

Канфлікт пачаўся з таго, што вандэйцы адмовіліся папоўніць рэкрутамі рэспубліканскую армію і паднялі паўстанне супраць новых французскіх уладаў. Пасля некалькіх баёў сялянская «каталіцкая армія» была разбіта, аднак «сябры чалавецтва» з Парыжа палічылі недастатковым простага пакарання непакорных вандэйцаў. Яны распрацавалі спецыяльны план татальнага знішчэння насельніцтва рэгіёна, якое не адпавядала агульнапрынятаму стандарту «сучаснага чалавека».

У загадзе генерала Турро адзначалася: «Усе вёскі, лясы і палі павінны быць спалены». Звярталася асаблівая ўвага на неабходнасць забойства жанчын — «рэпрадуктыўнай крыніцы» народа, які не прыняў Дэкларацыю правоў чалавека. Рэспубліканскім войскам было дазволена выкарыстоўваць усе магчымыя сродкі для хуткага «вырашэння пытання».

На думку французскіх рэвалюцыянераў, «гільяціна працавала вельмі павольна», а «расстрэл патрабаваў выкарыстання куляў і пораху», таму было прынята рашэнне пабудаваць спецыяльныя лодкі, напаўняць іх людзьмі, вывозіць тых на сярэдзіну ракі, а затым тапіць. Такія казні праводзіліся штодзённа. Рэвалюцыянеры іх называлі «патрыятычным хростам». Дзікая фантазія палачоў не абмяжоўвалася гэтым. Сведкі падзеяў распавядалі аб так званым «рэспубліканскім шлюбе», які ўдзялялі новыя ўлады: аголеных хлопцаў і дзяўчат, моцна звязаных вяроўкамі, тапілі ў рэках.

Такое пакаранне ўжывалася таксама ў дачыненні да тысяч святароў, законніц і тых, якія належалі да адной сям’і. У справаздачах рэспубліканцаў былі сведчанні аб 5 тысячах такіх забойстваў. Кіраўнік рэвалюцыйнага камітэта горада Нант Жан Батыст Карэр ганарыўся тым, што асабіста ўтапіў 2,8 тысяч чалавек, сярод якіх толькі ў адну ноч ад 400 да 500 непаўналетніх.

Іншым спосабам расправы з вандэйцамі былі «пякельныя калоны» — шэсць пушачных палкоў, пастаўленых у рад, якія з 17 студзеня 1794 г. на працягу амаль чатырох месяцаў рухаліся наперад і знішчалі ўсё на сваім шляху. Адзін са сведкаў, якія ішлі за гэтай калонай, пісаў: «Уся дарога была пакрыта целамі забітых, некаторыя целы тут ляжалі на працягу трох-чатырох дзён». Дзякуючы таму, што побач знаходзілася шмат лясоў, многія жыхары здолелі выжыць, хаваючыся ў іх. Ноччу яны выходзілі, каб пахаваць загінуўшых і памаліцца разам на ружанцы.

Нарэшце, яшчэ адным злачынствам рэвалюцыянераў у Вандэі было выкарыстанне целаў забітых. Са скуры вандэйцаў рабілі рамяні і абутак, а з целаў загінуўшых варылі мыла. Галовы пакараных выстаўляліся на сценах гарадоў, каб наводзіць страх на жыхароў.

Генацыд у Вандэі працягваўся амаль паўтара гады. Ён быў дазволены і рэкамендаваны парыжскімі рэвалюцыйнымі ўладамі, якія дзейнічалі паводле дэвізу «Свабода, роўнасць, братэрства альбо смерць». Гістарычныя факты гавораць самі за сябе: на працягу 18 месяцаў на тэрыторыі ў 10 тысяч кв. км было знішчана каля 120 тысяч чалавек, што адпавядала 15% насельніцтва ўсяго рэгіёна. Варта дадаць, што падобныя злачынствы учыняліся ў Ліёне, Тулузе, Бардо, Марсэлі і іншых каталіцкіх рэгіёнах Францыі. Акрамя таго, трэба ўзгадаць аб тых, хто загінуў на гільяціне ў Парыжы. Агульная колькасць ахвяр рэвалюцыі XVIII ст. перавышае мільён чалавек. Менавіта таму многія гісторыкі лічаць масавае забойства католікаў першым генацыдам у гісторыі.

 Адкрыць у новым акне Download (6Мб)

Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка

tt


Шаноўныя сябры, калі б у рамках рубрыкі Ватыканскага радыё вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць ці турбуюць, пішыце на адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va

 
© 2003-2024 Catholic.by